23 верасня Папа Рымскі прыбыў у Каўнас, дзе цэлебраваў св. Імшу для сабраных у парку Сантакос. Прывітаць Пантыфіка сабралася каля 100 тысяч чалавек, сярод якіх і больш за 800 святароў.
Святую Імшу канцэлебравалі арцыбіскуп Ліангінас Вірбалас, біскуп Каўнаса, і арцыбіскуп Гінтарас Грушас, старшыня літоўскага епіскапату, больш за 30 біскупаў з Літвы і прылеглых краін, а таксама больш за 800 святароў з Літвы, Польшчы, Беларусі, Латвіі, Расіі, Ісландыі і інш.
За спевы на святой Імшы адказваў хор у складзе 260 чалавек. На алтары знаходзіўся абраз Маці Божай Тракайскай, апякункі Літвы, а таксама былі выстаўлены рэліквіі благаслаўлёнага Тэафіса Матулёніса – літоўскага святара і біскупа, былога дапаможнага біскупа Магілёўскай архідыяцэзіі.