Пошук

Каляндар

 
панядзелак
ЛІСТАПАДА
Сёньняшняе чытаньне:

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч выказаўся на Сінодзе па тэме ўдзелу моладзі ў Эўхарыстыі  


Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч выказаўся на Сінодзе па тэме ўдзелу моладзі ў ЭўхарыстыіВечарам 9 кастрычніка ў Рыме ў межах Сіноду Біскупаў, прысвечанага моладзі, пачаліся выступленні іерархаў па другой частцы Падрыхтоўчага дакумента. 


Раніцай наступнага дня на пасяджэнні выступіў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, які прадстаўляе беларускі епіскапат на Сінодзе.

 

У сваім выступленні старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі закрануў праблему духоўнай фармацыі праз удзел у сакрамэнтах і асабліва ў Эўхарыстыі. Асаблівую ўвагу ён надаў тэме ўдзелу моладзі ў нядзельнай і святочнай Імшы.

 

Таксама ў сваім выступленні арцыбіскуп прадставіў эўхарыстычнае сведчанне беларускай моладзі, якое было прынята з энтузіязмам. Так, падчас Сусветных дзён моладзі ў Мадрыдзе ў 2011 г. да Мітрапаліта Кандрусевіча звярнулася беларуская моладзь з пытаннем, чаму ў дыяцэзіі, дзе яна была перад прыбыццём у Мадрыд, у нядзелю не было святой Імшы. Арганізатары казалі, што Імша была ў суботу вечарам. Аднак такі адказ, па словах арцыбіскупа, не задаволіў нашу моладзь.

 

Іерарх нагадаў і пра тое, што 2 тысячы беларускіх пілігрымаў прымалі ўдзел у візіце папы Францішка ў Літву. Тысячу з іх складала моладзь. Але толькі палова яе прымала ўдзел у сустрэчы з папам у Вільні. На пытанне, чаму, маладыя людзі адказалі, што, нягледзячы на важнасць сустрэчы з Папам, для іх важней удзел у Эўхарыстыі, якую ўзначальвае Святы Айцец.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч падкрэсліў, што не дастаткова толькі гарызантальных высілкаў — патрэбны і вертыкальныя. «Езус кажа, што без Яго нічога не зробім. Касцёл павінен быць не толькі камфортным месцам для ўсіх, але і месцам духоўнай фармацыі, каб моладзь сапраўды была радасцю і надзеяй свету», — звярнуў увагу старшыня беларускага епіскапату.

 

Паводле Catholic.by


10.10.2018

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier