11 кастрычніка на сайце парафіі святога Сымона і святой Алены ў Мінску з’явілася інфармацыя пра захады вернікаў, скіраваныя на хутчэйшае аднаўленне набажэнстваў у Чырвоным касцёле, закрытым пасля пажару, які здарыўся ў святыні ўначы 26 верасня.
Парафіяльны рэсурс Сhyrvony.by, між іншым, інфармуе, што да гэтага часу прадстаўнікі рэлігійнай супольнасці не маюць доступу ў касцёл. У гэтай сітуацыі яны перадусім скіравалі ліст на адрас КУП «Мінская спадчына», якое з’яўляецца ўласнікам будынку, перададзенага ў бязвыплатнае карыстанне парафіі ў межах «выканання распараджэння Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 13 верасня 2013 года № 190рп».