Звесткі пра Нараджэнне Багародзіцы Царква чэрпае з апакрыфічнага Евангелля Якуба, напісанага ў 2 стагоддзі. З гэтага апокрыфу мы даведваемся, што бацькі Багародзіцы – Якім і Ганна, доўгі час былі бяздзетнымі, што лічылася ганьбай у народзе. Бо паводле перакананняў кожны праведны чалавек мусіў даць патомства Ізраілю. Праз гэта Якім, нягледзячы на ўсе свае багацці, быў у знявазе перад народам і не мог першым прынесці дары Богу.
У пошуках адказу ад Бога Якім ідзе посціць на сорак дзён і начэй у пустыню, у той жа час і Ганна моліцца дома пра дараванне дзіцяці, якое яна пасвяціць Госпаду. Бог адказвае на малітву Ганны і Якіма і праз анёла паведамляе, што яны зачнуць дзіця, якое будзе праслаўленае сярод усіх народаў. Якім з вялікай радасцю вяртаецца дадому, раздаючы народу і святарам шматлікія дары, а праз дзевяць месяцаў Ганна нараджае дзяўчынку, якой дае імя Марыя.