
10 верасня 2011 г. удзельнікі VII Міжнароднага каталіцкага фестывалю хрысціянскіх фільмаў і тэлепраграм «Magnificat» сабраліся ў глыбоцкім касцёле Найсвяцейшай Тройцы на малітву. Святую Імшу ўзначаліў Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек. Яе саслужылі святары рымскага абраду ды настаяцель грэка-каталіцкай парафіі святапакутніка Язафата ў Полацку а. Аляксандр Шаўцоў.
Падчас набажэнства прысутныя дзякавалі Богу за кожны «Magnificat» і маліліся аб далейшым развіцці фестывалю.
«Субота — гэта дзень ушанавання Маці Божай, — нагадаў архімандрыт Сяргей Гаек, разважаючы над словамі Евангелля. — Арханёл Габрыэль прыходзіць да Марыі з радаснай весткай, але адначасова і з заданнем — прыняць Слова Божае ў сваім улонні».
Так і кожны чалавек, як адзначыў іерарх, пакліканы несці Добрую Вестку. «Magnificat» намагаецца несці дабро праз творчую працу прадстаўнікоў розных краін і веравызнанняў. «Разам гэта складаецца ў адно сведчанне», — падкрэсліў архімандрыт.
Удзельнікі фестывалю, па словах Апостальскага Візітатара для грэка-католікаў у Беларусі, з’яўляюцца тымі, хто адказаў на пакліканне жыць дабром і несці дабро. «Гэта вельмі канкрэтнае дабро, якое застаецца ў нашых сэрцах і натхняе несці яго іншым», — дадаў іерарх.
Паводле Catholic.by