Сумесная малітвай перад Іконай Багародзіцы ў Слоніме19 жніўня 2010 г. - за месяц да дакладнай даты 280-х угодкаў каранаваньня Жыровіцкай Іконы Багародзіцы папскімі каронамі група беларускіх сьвятароў і семінарыстаў Цэнтральна-Заходняга Протапрэзьбітарату БГКЦ зьдзейсьніла пілігрымку ў Слонім, дзе ў касьцёле сьв. Андрэя ў Слоніме, разам з мясцовымі рыма-католікамі і грэка-католікамі, маліліся перад каранаванай цудатворнай Іконай.
Сьвятую Імшу ўзначаліў настаяцель слонімскага кляштара Братоў Капуцынаў а. Анатоль Ярошка OFMCap, а казаньне сказаў а. Андрэй Крот, грэка-каталіцкі душпастыр з Гродна.
Пілігрымам спадарожнічалі словы малітвы з VI-га ікаса Акафісту Жыровіцкай Багародзіцы: “Радуйся, Вяльможная Ўладарка Беларускага Народу”, якія прадбачаныя ў Царкоўным календары.
* * *
19 (8) верасьня 1730 г. адбылася каранацыя Жыровіцкай Іконы Багародзіцы папскімі каронамі.
На той час было вядома тры выявы Жыровіцкай Іконы Маці Божай, якія праславіліся цудамі.
Першая – каменная, якая цудоўна зьявілася ў XV стагодзьдзі і знаходзілася ў Жыровічах.
Другая – Ікона-фрэска з базыліянскай царквы сьв. Сяргея і Вакха ў Рыме.
Трэцяя, якая была напісана на палатне, як копія рымскай Іконы-фрэскі.
Яна была прысланая рымскімі манахамі-базыльянамі ў Жыровічы і праславілася ласкамі і цыдамі. Гэтая Ікона была каранаваная папскімі каронамі ў Жыровічах у 1730 г. а зараз шануецца ў Слоніме, ў касьцёле сьв. Андрэя.
Гэта была першая каранацыя папскімі каронамі абраза Маці Божай, што праходзіла на тэрыторыі сучаснай Беларусі.
На працягу стагоддзяў перад гэтай Іконай маліліся грэка-католікі (уніяты), рыма-католікі, праваслаўныя. Жыровіцкая Заступніца стала сапраўды Маці Еднасьці хрысьціянаў.