Парафія сьвятога Язэпа > Юбілейны год > “Радуйся, Вяльможная Ўладарка Беларускага Народу”
“Радуйся, Вяльможная Ўладарка Беларускага Народу”20.08.2010. |
|
19 жніўня 2010 г. - за месяц да дакладнай даты 280-х угодкаў каранаваньня Жыровіцкай Іконы Багародзіцы папскімі каронамі група беларускіх сьвятароў і семінарыстаў Цэнтральна-Заходняга Протапрэзьбітарату БГКЦ зьдзейсьніла пілігрымку ў Слонім, дзе ў касьцёле сьв. Андрэя ў Слоніме, разам з мясцовымі рыма-католікамі і грэка-католікамі, маліліся перад каранаванай цудатворнай Іконай. Сьвятую Імшу ўзначаліў настаяцель слонімскага кляштара Братоў Капуцынаў а. Анатоль Ярошка OFMCap, а казаньне сказаў а. Андрэй Крот, грэка-каталіцкі душпастыр з Гродна. Пілігрымам спадарожнічалі словы малітвы з VI-га ікаса Акафісту Жыровіцкай Багародзіцы: “Радуйся, Вяльможная Ўладарка Беларускага Народу”, якія прадбачаныя ў Царкоўным календары. * * * 19 (8) верасьня 1730 г. адбылася каранацыя Жыровіцкай Іконы Багародзіцы папскімі каронамі. На той час было вядома тры выявы Жыровіцкай Іконы Маці Божай, якія праславіліся цудамі. Першая – каменная, якая цудоўна зьявілася ў XV стагодзьдзі і знаходзілася ў Жыровічах. Другая – Ікона-фрэска з базыліянскай царквы сьв. Сяргея і Вакха ў Рыме. Трэцяя, якая была напісана на палатне, як копія рымскай Іконы-фрэскі. Яна была прысланая рымскімі манахамі-базыльянамі ў Жыровічы і праславілася ласкамі і цыдамі. Гэтая Ікона была каранаваная папскімі каронамі ў Жыровічах у 1730 г. а зараз шануецца ў Слоніме, ў касьцёле сьв. Андрэя. Гэта была першая каранацыя папскімі каронамі абраза Маці Божай, што праходзіла на тэрыторыі сучаснай Беларусі. На працягу стагоддзяў перад гэтай Іконай маліліся грэка-католікі (уніяты), рыма-католікі, праваслаўныя. Жыровіцкая Заступніца стала сапраўды Маці Еднасьці хрысьціянаў. Вярнуцца назад |