
З 29 ліпеня па 1 жніўня 2010 г. полацкая грэка-каталіцкая парафія святамучаніка Язафата сустракала незвычайных гасцей – удзельнікаў хрысціянскага летніка для асобаў няпоўнаспраўных (інвалідаў) і валанцёраў. Такі летнік адбыўся ўпершыню – яго арганізавалі дабрачынны Цэнтр “Бэтэль” пры віцебскай грэка-каталіцкай парафіі і Хрысціянскі валанцёрскі рух св. Мікалая. Удзельнікі - а іх было каля 25 - сабраліся з розных куткоў Беларусі – з Віцебска, Мёраў, Магілёва, Мінска, Ліды, быў валанцёр з Польшчы.
Акрамя штодзённай Літургіі, супольных ранішніх і вячэрніх малітваў, арганізатары падрыхтавалі таксама гульні, конкурсы, адбыўся паказ модаў, імправізаваныя пастаноўкі ля вогнішча, паход на рэчку. Кожны дзень для ўсіх прысутных была магчымасць узяць удзел ў розных занятках: былі створаны групы па інтэрэсах – вывучэння духовасці, мастацкая, танцавальная.
Можна сказаць, што нічога асаблівага тут не было, але для некаторых удзельнікаў летніку, усё жыццё якіх праходзіць у інваліднай калясцы, нават такая, здавалася б, звычайная рэч, як купанне ў рэчцы, было упершыню! “Вельмі часта, - падкрэсліў адзін з арганізатараў летніка а. Алесь Шыбека, - простыя і звычайныя рэчы для нас – вялікі і жаданы скарб для іншых”.
Падобныя мерапрыемствы заўсёды маюць не адну мэту: гэта не толькі апека і клопат над няпоўнаспраўнымі, але і ўмацаванне саміх валанцёраў, якія праз дапамогу бліжняму ўзрастаюць духоўна.
Плануецца, што правядзенне такіх летнікаў стане традыцыйным.
Яўгенія Ізотава, Віцебск