
Прадстаўнік Яго Святасці Папы Рымскага Бенядыкта XVI-га, Апостальскі Нунцый у Беларусі, Высокадастойны Архібіскуп Марцін Відавіч накіраваў Велікодныя віншаванні для беларускіх грэка-католікаў на рукі Дастойнага Архімандрыта Сяргея (Гаека), Апостальскага Візітатара для католікаў візантыйскага абраду ў Беларусі.
Ніжэй змяшчаем тэкст віншаванняў.
* * *
Апостальская Нунцыятура
Ў Рэспубліцы Беларусь
Мінск, 29 сакавіка 2010 г.
Вялебны Ойча,Раздзяляючы радасць, крыніцай якой з’яўляецца Уваскрасенне Гасподняе, прагну перадаць самыя сардэчныя зычэнні Вялебнаму Айцу, Святарам, Асобам богупасвячанага жыцця, а таксама ўсім свецкім вернікам дарагой Грэка-Каталіцкай Царквы ў Беларусі.
Зычу, каб Хрыстос Госпад, якога сустракаем у ламанні хлеба і тлумачэнні Слова жыцця, дадаваў адвагі ў вызнанні веры, што гэта Ён перамог свет, узмацняў надзею ў перадоленні цяжкасцяў, якія паўстаюць перад намі кожны дзень, каб Ён быў прыкладам узаемнай хрысціянскай любові.
Няхай Госпад шчодра Вас блаславіць, даруючы ласку здароўя і ўсялякага поспеху ў кожнай хвіліне жыцця.
+Марцін Відавіч
Апостальскі Нунцый у Беларусі
Манс. Крыспін Дубель
Сакратар Нунцыятуры