У днях з 26.02 па 07.03.2010 г. студэнты міжнароднага Лінгвістычна-Катэхітычнага Інстытута (LCI) з Гамінгу (Gaming) ў Аўстрыі наведалі Рым і Асізі. У гэтай пілігрымцы удзельнічаў а. Андрэй Абламейка, як студэнт і капелан у Гамінгу.
Два разы на год студэнты міжнароднага інстытута LCI з Гамінгу маюць магчымасьць наведаць Вечны горад. У прынцыпе не толькі Рым, але таксама і Асізі. Паколькі паралельна з нашай Праграмай Лінгвістычна-Катэхітычнага Інстытута сваю Эўрапейскую праграму ажыцяўляе Францішканскі Універсітэт са Ст’юбінвіля (ЗША), таму для канвентуальных братоў Францішканаў, якія апякуюцца Універсітэтам, Асізі нават больш важны пунт пілігрымкі, чым Рым.

Для нас жа беларусаў, паколькі ў гэты год мы ўзгадваем 280-я угодкі каранацыі Жыровіцкай Іконы Багародзіцы, асаблівым мейсцам паломніцтва зьяўляецца Рым, дзе (у Ватыкане, калі быць слушным) у саборы Сьвятога Пятра спачываюць мошчы нашага магутнага Заступніка сьвятамучаніка Язафата Полацкага, а ў храме сьвв. Сяргея і Вакха шануецца Рымская ікона Маці Божай Жыровіцкай.
Першым мейсцам служэньня ігумена Язафата (Кунцэвіча) былі Быцень і Жыровічы. Ягоныя малітвы і праца каля Сьвятога Абраза Маці Божай, якая захацела блаславіць наш народ сваёй прысутнасьцю, далі вялікія плады. І гэта не толькі ў зямным пастырскім служэньні сьвятога Язафата, але і пасьля, ў ягоным нябесным служэньні Заступніка. А шанаваньне Сьвятамучаніка, павялічыла шанаваньне Маці Божай Жыровіцкай і культ Яе Іконы пашырыўся на ўсё Вялікае Княства Літоўскае і Каралеўства Польскае, а нават і ў Рыме шанавалася і шануецца дагэтуль Рымская ікона Маці Божай Жыровіцкай.
Складаная гісторыя і сьвятых мошчаў Язафата і гэтай Рымскай іконы, столькі драматычных і ўзнёслых момантаў, столькі ахвярнасьці і гераізма нашых продкаў і усё ж такі гэта моманты гісторыі збаўленьня Беларускага народа, прысутнасьці Божай і магчымасьці сёньня, мне беларусу, ўсьвядоміць сябе дзіцём Божым у ХХІ стагодзьдзі…
Боская Літургія ў саборы Сьвятога Пятра, малітва “Анёл Гасподні” са Сьвятым Айцом Бэнядыктам ХVІ, малітва ля мошчаў сьвятога Язафата Полацкага, Акафіст да Маці Божай Жыровіцкай перад Яе Рымскай іконай разам з беларускімі грэка-каталіцкімі студэнтамі Рыма, пяць дзён малітваў і хаджэньня па гэтым горадзе дзе, здаецца кожны кавалак зямлі прапітаны крывёй Першых Мучанікаў Царквы Хрыстовай, агульная аўдыенцыя ў Сьвятога Айца Бенядыкта ХVІ – стомленасьць і радасьць, дзіцячая ўдзячнасьць Богу за гэтую Велікапосную пілігрымку і бацькоўскі гонар за тое, што адкрываю усё гэта маім дзецям…
а. Андрэй Абламейка, Гамінг, Аўстрыя