Пахаваньне сьвятой памяці Ванды Скуратовіч12 студзеня 2010 г. спачыла ў Богу с.п. Ванда Скуратовіч (1925 – 2010).
Усе, хто знаў пані Ванду, як яе называлі ў каталіцкіх колах Менску, могуць засьведчыць яе глыбокую веру, вернасьць Каталіцкай Царкве і шырокае сэрца, якое было адкрыта для ўсіх людзей спатканых ёю на сваёй жыцьцёвай дарозе.

Вялікую мужнасьць выказала пані Ванда яшчэ ў гады ІІ-гой сусьветнай вайны тым, што разам са сваёю сям’ёю, рызыкуючы жыцьцём, уратавала жыцьцё габрэйскай сям’і (гл. фота).
За гэта ёй дзяржавай Ізраіль было прызнана званьне “Праведнік народаў сьвету”.





У пасьляваенныя гады пані Ванда была тою, хто падтрымліваў у Менску агеньчык веры ў цяжкія гады атэістычнага перасьледу. У яе кватэры была сапраўдная сьвятыня, дзе захоўваліся Сьвятыя Дары, служыліся Службы Божыя, знаходзілі прытулак каталіцкія сьвятары (у тым ліку і грэка-католікі), якія падарожнічалі па былым Савецкім Саюзе ў душпастырскіх патрэбах.
С.п. Ванда Скуратовіч несла веру іншым людзям, у прыватнасьці яна пахрысьціла (пры адсутнасьці сьвятароў) некалькі чалавек, якія навярнуліся да Хрыста і Каталіцкай Царквы.
Яна была таксама адной з тых, хто адстаяў права менскіх католікаў мець свой храм у Менску. Менавіта дзякуючы ахвярнай пазіцыі нешматлікай тады групы менскіх католікаў, сярод якіх была і новаспачылая, пасьля дзесятка гадоў стараньняў (у тым ліку і выездаў у Маскву) восеньню 1980 г. на Кальварыйскіх могілках у Менску ўлады дазволілі адчыніць касьцёл.
Ужо ў часе рэлігійнай свабоды ахвотна прыймала ў сваёй хаце рыма-каталіцкую і грэка-каталіцкую моладзь. Немалая частка сёньняшніх маладых католікаў Менска, асабліва зьвязаных з касьцёлам на “Залатой горцы”, сталела ў веры дзякуючы маўклівай і малітоўнай прысутнасьці пані Ванды.
Разьвітаньне з пані Вандай адбылося ў касьцёле на “Залатой горцы” 13 студзеня а 12-й гадз. Заўпакойную сьвятую Імшу разам з лацінскімі сьвятарамі саслужылі таксама і грэка-каталіцкія сьвятары: апостальскі візітатар архімандрыт Сяргей (Гаек) і пратапразьбітар Яўген Усошын. Прысутнічала грэка-каталіцкая моладзь.
У часе развітальнага набажэнства імі была адслужана заўпакойная ліцьця перад труною праведніцы. У кароткім слове перад ліцьцёй апостальскі візітатар сказаў пра вялікі прыклад мужнай веры пані Ванды, які ўражваў сваёй цьвёрдасьцю і веліччу.
Новаспачылая была пахаваная на Раўбічаўскіх каталіцкіх могілках паблізу Менску.
фатаграфіі: Дзяніс Салаш