Навагодняя духоўная вандроўка івацэвіцкіх грэка-католікаў3 студзеня 2010, у першую нядзелю новага года, група вернікаў грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Жыровіцкай у Івацэвічах зьдзейсьніла духоўную вандроўку ў Слонім, Жыровічы і Быцень.
Мэтай гэтай пілігрымкі была малітва да Багародзіцы на месцах шанаваньня Яе Жыровіцкай Іконы, 280 гадоў каранацыі якой сьвяткуецца ў 2010 г.
Сярод пілігрымаў былі Апостальскі Візітатар БГКЦ Архімандрыт Сяргей і семінарыст Сяргей Раюнец, які навучаецца ў Рыме.

Найперш пілігрымы заехалі ў Ліпнішкі дзеля духоўнай размовы з а. Вітальдам Жальветрам, ераманахам-капуцынам, які на працягу 22 гадоў служыў у Слоніме, дзе адрэмантаваў касьцёл сьв. Андрэя і вярнуў да ўшанаваньня вернікаў менавіта той Абраз Жыровіцкай Багародзіцы, які быў падрыхтаваны да каранацыі ў 1730.

Далей вернікі прынялі ўдзел у сьвятой Імшы ў касьцёле сьв. Андрэя ў Слоніме, дзе маліліся разам з мясцовымі рыма-католікамі і грэка-католікамі.

На канцы духоўнай вандроўкі пілігрымы маліліся ў Жыровічах і праз Быцень вярнуліся ў Івацэвічы, каб наступнага ранку перад копіяй Жыровіцкай Іконы, што ўшаноўваецца ў капліцы ў Івацэвічах, падзякаваць Багародзіцы за дар гэтае пілігрымкі.
Пілігрымам спадарожнічалі словы малітвы з І-га ікаса Акафісту Жыровіцкай Багародзіцы:
“Радуйся, вышэйшая за сілы анёльскія, Богам абраная спрадвеку”, якія прадбачаныя ў Царкоўным календары на месяц студзень 2010 г.
Павел Дайлід, Вячаслаў Гарчакоў