Пошук

Каляндар

 

ГАДАВІНА АБРАНЬНЯ ПАПЫ ЯНА ПАЎЛА ІІ-ГА  


Рыгор Барадулін уручае Папе свой пераклад ТрыптыхуРыгор Барадулін уручае Папе свой пераклад Трыптыху16 кастрычніка 2009 г. – дзень 21-й гадавіны абраньня кардынала Караля Вайтылы на Рымскі Апостальскі Пасад.

Агульнае фотаАгульнае фотаУ менскім касьцёле сьвятых Сымона і Алены (чырвоны касьцёл) была адслужаная ўрачыстая Сьвятая Імша аб хуткай кананізацыі (праслаўленьні) слугі Божага Папы Яна Паўла ІІ-га, якую ўзначаліў кс. дэкан Уладзіслал Завальнюк.
Саслужылі Сьвятую Імшу Архімандрыт Сяргей (Гаек), Апостальскі Візітатар БГКЦ і а. Яўген Усошын, віцэ-дэкан грэка-каталіцкіх парафіяў г. Менску і Менскай вобласьці.

Уладыка Архімандыт Сяргей у прамове ўзгадаў аўдыенцыю 28 чэрвеня 2004 г., на якой Ян Павал ІІ прыняў Народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна, які зьяўляецца вернікам нашай грэка-каталіцкай Парафіі Праведнага Язэпа.

На той аўдыенцыі Рыгор Барадулін перадаў Папе Яну Паўлу ІІ свой беларускі пераклад “Рымскага трыпціху” і прасіў у Сьвятога Айца блаславеньня для ўсіх прадстаўнікоў беларускай інтэлігэнцыі, якія працуюць для разьвіцьця беларускай хрысьціянскай культуры.

Сьвяты Айцец Ян Павел ІІ перадаў на рукі дзядзькі Рыгора сваё Блаславеньне.


Пасьля візіту ў Рым Рыгор Барадулін напісаў свой “Рымскі дыпціх” – паэму падзякі Сьвятому Айцу.
* * *
РЫМСКІ ДЫПЦІХ
У з р у ш э н ь н е
Яну Паўлу ІІ


І
ххх
Укленчыць і прыпасьці да рукі,
Якая сьвет мудрэць дабраслаўляе.
Адчуць, як ціхамірацца вякі,
Як у душы зьняможанай сьвітае.

Прыняць ружанец з дарчае рукі –
Замроеныя пацеркі Сусьвету.
Пачуць сустрэчы голас трапяткі
Ўваскрэслы сьветла
Ў словах Запавету.

Сьцяжынай з-пад ускрыленай рукі
Ісьці, ані зважаючы на стому,
Да маладой нябеснае ракі,
Якая смутак і ўзьнясе на строму.

Бо багавейна нагадалі ксты,
Што недасяжна блізкі Дух Сьвяты.

Рыгор Барадулін

16.10.2009

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier