Пошук
Нядзельнае казаньне
панядзелак
ВЕРАСЬНЯ |
Казаньні і гаміліі
ЗЫХОД СВЯТОГА ДУХА - ТРОЙЦА
Любасныя ў Хрысце браты і сёстры!
Госпад кажа да прарока Ярэмы: “На гэта так сказаў Госпад: калі ты навернешся, то Я аднаўлю цябе, і будзеш стаяць перад аблічам Маім; і калі дастанеш каштоўнае з ніштожнага, то будзеш як Мае вусны. Яны самі будуць звяртацца да цябе, а не ты да іх” (Ярэмы 15:19)
Гэтыя словы возьмем у якасьці мапы нашага разважання.
1. Свята Зыходу Святога Духа называюць і Сёмухай, і Зялёным святам, і Тройцай. Апошняе найменне тлумачыцца тым, што ў Ерусаліме - амаль дзве тысячы гадоў таму - сышоў на апосталаў Хрыстовых Святы Дух, тым самым у поўні разкрыўся Бог – у Тройцы адзінасутны: Айцец, Сын і Дух Святы. І гэтай падзеяй была пастаўлена пячатка пад Новым Запаветам, які Бог уклаў з чалавекам, тым самым здзейсніўшы і споўніўшы ягонае Збаўленне.
Айцец запрасіў чалавека навярнуцца, паклікаўшы Адама: “ты дзе?” Ды падчас усёй гісторыі збаўлення заклікаў свой народ, і кожнага чалавека асабіста, навярнуцца да Яго. Сын аднавіў чалавека: уваскросшы з памерлых, паказаў шлях да ўваскрасення.
Дух Святы паставіў чалавека перад Богам прадстаяць, надаўшы яму ўсё неабходнае. Як мы нядаўна чулі ў Евангеллі пра самарыцянку, Бог шукае паклоннікаў - у духу. Такім чынам, перад кожным з нас - і перад усімі намі разам - візія таго, што далей: 1) навярнуцца да Бога, 2) пасля Божага аднаўлення 3) прадстаяць перад Богам.
Гэткім чынам Абрагам прыйшоў ды пасяліўся ў Ханаанскай зямлі: 1) прышоўшы пабудаваў два ахвярнікі (у Сіхеме ды паміж Вефілем і Лузам, 2) узнёс у цэлапаленне сына Ісаака, атрымаўшы яго назад цалкам асвячоным, 3) пасяліўся ў Вірсавіі, дзе таксама пабудаваў ахвярнік і перабываў у малітве за сябе і ўвесь свет.
2. Па падобнай схеме Царква моліцца процягам году за памерлых. Па-першае, у лістападзе, калі памірае прырода перад зімой і сам вонкавы свет сваім выглядам натхняе маліцца за памерлых і навярнуцца да Бога. Гэты малітоўны ўспамін - у імя Айца, які вызначыў Адаму вяртанне ў зямлю, з якое ён быў узяты.
Другі ўспамін – падчас светлага часу пасхальнага пасвяцця. Гэтыя малітвы – у імя Сына, які аднаўляе усіх людзей і прыводзіць да ўваскрасення. І трэцяе памінанне памерлых – учарашняя траецкая бацькоўская субота. Гэта – ў імя Святога Духа, з надзеяй ня толькі паўстання памерлых, але і далейшага іхняга (нашага) асвячэння і прадстаяння перад Пасадам Божым.
А для большага ўдасканалення перад намі заданне як мэтад нашага асвячэння – даставаць каштоўнае з ніштожнага. Вакол нас шмат мітусьні, шмат церняў, шмат усяго такога марнага. Дык трэба адно за адным адкідаць пакуль не адкрыецца ў кожным з нас усё самае каштоўнае, з чым і магчыма годна прадстаяць перад Самім Богам, Валадарства Якога ёсць блаславёным цяпер і ў вякі вякоў. Амін. Аўтар - а. Віталь Быстроў |
8.06.2025
|