Пошук

Каляндар

 
панядзелак
ВЕРАСЬНЯ
Сёньняшняе чытаньне:

Малітва  


Малітва
Да 50-х угодкаў сьвятарства мітрафорнага пратаярэя Аляксандра Надсана

Разважаньні а. Аляксандра Надсана з кніжкі “Духоўныя настаўленьні”, выдадзенай з нагоды Ягонага Залатога Юбілею сьвятарства.

Усьведамленьне Божай прысутнасьці прыходзіць праз малітву, якую сьв. Ян Дамаскін назваў "узьнясеньнем думкі і сэрца да Бога". Малітва – гэта перш за ўсё сьвядомы зварот чалавека да свайго Творцы. Безумоўна, гэтым яе роля не вычэрпваецца. З усьведамленьнем прыходзіць пазнаньне і нарэшце жаданьне быць заўсёды з Ім, калі мы ўсьлед за псалмістам скажам: "Якое мілае жыльлё Тваё, Госпадзе сілаў! Душа мая ўздыхае і тужыць па двары Гасподнім. Сэрца маё і цела імкнуцца радасна да Бога жывога" (Пс 83).

Малітва як зварот чалавека да Бога ляжыць у аснове кожнай рэлігіі, якая вызнае існаваньне Бясконцай Істоты. Стары Запавет пакінуў нам прыклады такіх цудоўных малітваў, як песьня Майсея пасьля пераходу праз Чырвонае мора: "Памочнік і апякун мой стаўся маім збаўленьнем. Ён – Бог мой, і я ўслаўлю Яго; Бог айца майго – і буду ўзьвялічваць Яго" (Вых 15:2); песьня Ганны, маці прарока Самуэля: "Узрадавалася сэрца маё ў Госпадзе, і рог мой узьнёсься да Бога. Вусны мае выхваляюцца перад маімі ворагамі, бо магу цешыцца з дапамогі Тваёй. Ніхто не сьвяты як Госпад, няма нікога апроч Цябе, ніхто не абаронца як Бог наш" (1 Цар 2:1); або песьня Ісаі прарока: "Душа мая ўночы прагне Цябе, мой дух шукае Цябе пільна, бо калі прысуды Твае зыходзяць на зямлю, усе жыхары сьвету вучацца справядлівасьці" (Іс 26:9). Найбольш вядомай, аднак, ёсьць кніга псалмаў, або Псалтыр, якая лягла ў аснову цыкла багаслужэньняў Царквы Хрыстовай.

Для хрысьціяніна малітва мае асаблівае значэньне. Пасьля Таго як Бог стаўся чалавекам, Ён даў нам моц быць дзецьмі Божымі, удзельнікамі Боскага жыцьця. Такім чынам для хрысьціяніна малітва стаецца вызнаньнем ягонага Боскага ўсынаўленьня [...].

Царква заўсёды надавала малітве выключнае значэньне. Пасьля ўзьнясеньня Хрыста Ягоныя вучні "аднадушна прабывалі ў малітве, разам з жанчынамі і Марыяю, Ягонай Маці, і з братамі Яго" (Дз 1:14). Калі Ірад арыштаваў Пятра і пасадзіў у вязьніцу, "Царква няспынна малілася за яго Богу" (Дз 12:5). Сьвяты апостал Павал моцна верыў у сілу малітвы і часта прасіў іншых маліцца за яго: "Будзьце вытрывалымі ў малітве, чувайце ў ёй з падзякаю; маліцеся таксама за нас, каб Бог адкрыў нам дзьверы для прапаведаваньня, каб нам абвяшчаць тайну Хрыстовую, за якую я ў кайданах" (Кал 4:2-3). А сьвяты апостал Якуб піша пра малітву: "Некага з вас напаткала бяда? Хай моліцца. Вясёлы нехта? Хай пяе псалмы. Нехта з вас захварэў? Хай пакліча сьвятароў Царквы, і хай яны памоляцца над ім і памажуць алеем у імя Госпада; і малітва, поўная веры, будзе для яго паратункам, і Госпад уздыме яго; і калі ён учыніў грахі, яны будуць яму адпушчаныя. Прызнавайцеся адно аднаму ў вашых правінах, і маліцеся адзін за аднаго, каб быць здаровымі. Вялікую сілу мае вытрывалая малітва праведніка" (Як 5:13-16) [...].


На якой мове маліцца?

Малітва зьяўляецца размовай з Богам і таму першай яе ўмовай, як кожнай размовы, ёсьць, што яна павінна быць зразумелай. Мова – гэта адзін з найбольшых дараў Божых, які адрозьнівае чалавека ад іншых стварэньняў. Ёсьць шмат моваў на сьвеце, усе яны аднолькава прыгожыя і годныя пашаны. Аднак кожнаму з нас найдаражэйшая наша родная, матчына мова. Беларускі паэт Францішак Багушэвіч прыгожа сказаў аб гэтым: “Мова наша для нас сьвятая, бо яна нам ад Бога даная, як і другім добрым людцам”. Паколькі родная мова зьяўляецца для нас дарам Божым, дык што можа быць больш прыгожага, як ужыць гэты дар на Ягоную славу?

Казімер Сваяк балюча перажываў, што беларусы ня мелі магчымасьці маліцца на роднай мове. Свае пачуцьці ён выказаў у вершы:

Пашлі мне, Божа, пару такую,
Калі пачнём мы Імшу сьвятую
За край наш родны адпраўляць:
Бо вельмі цяжка, што мова наша –
Розуму й сэрца нашага паша
Ня ўмее Бога выслаўляць.


Сёньня гэтая магчымасьць існуе і таму нам ня толькі можна, але трэба маліцца на роднай мове.

Фрагмент з кнігі аўтарытэтнага беларускага сьвятара мітрафорнага пратаярэя Аляксандра Надсана: „Духоўныя настаўленьні”, выдадзенай Грэка-каталіцкай парафіяй сьвятапакутніка Язафата ў г. Полацку (Полацк 2008) з нагоды 50-годзьдзя Ягонага сьвятарства.
Кніга накіравана да хрысьціянаў Беларусі як дапаможнік для іхняга духовага жыцьця.

20.11.2008

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier