У суботу 15 лістапада 2008 г. пачаўся перадкалядны пост, г. зв. Піліпаўка (пост пачынаецца пасьля сьвята сьв. Апостала Піліпа).
У нядзелю 16 лістапада 2008 г. Апостальскі Візітатар БГКЦ Архімандрыт Сяргей (Гаек) наведаў тры грэка-каталіцкія парафіі Цэнтральна-Заходняга Дэканата: Івацэвічы, Баранавічы ды парафію Сьвятога Духа ў Менску, у якіх узначаліў Боскую Літургію.
У словах, зьвернутых да вернікаў, ён працытаваў словы Апостала, які быў прачытаны ў гэтую нядзелю, і ў якім між іншым сказана:
“Браты, умацуйцеся ў Госпадзе і ў сіле магутнасьці Яго” (Эф 6, 10), і зьвярнуў увагу, што Калядны пост – гэта час духовых намаганьняў; гэта час, калі маем
“падперазацца праўдаю Божага Слова” (пар. Эф 6, 14). Гэта час, калі можам адкрыць каштоўнасьць нашай беларускай духоўнай традыцыі.
Архімандрыт Сяргей узгадаў таксама, што 30 гадоў таму ў 1978 г. адышлі да Госпада волаты беларускай духовай культуры: а. Пётр Татарыновіч (+3.IX.1978 у Рыме) і а. Язэп Германовіч (+26.XII.1978 у Лондане).
Імя а. Пятра Татарыновіча асабліва блізкае вернікам на Берасьцейшчыне, дзе а. Пётр працаваў (м. інш. у парафіі Дамачава).
“Калядны пост можа быць добрай нагодай, каб пачаць чытаць Слова Божае на роднай, беларускай мове” – сказаў Айцец Візітатар. Варта так сама ў гэты час прачытаць кнігу Генрыка Сенкевіча пра перасьлед першых хрысьціянаў „Quo vadis”, якую а. Пётр пераклаў на беларускую мову.
16 лістапада гэта і сьвята Вострабрамскай Іконы Маці Божай, Якую ў шматкультурным горадзе Вільні спаконвеку шанавалі беларускія хрысьціяне. Хай малітвы Багародзіцы суправаджаюць і сёньня беларускіх хрысьціянаў у змаганьнях за ўзрастаньне духовай культуры.
У наступныя нядзелі і сьвяты Каляднага посту Апостальскі Візітатар плануе наведваць чарговыя парафіі БГКЦ, у тым ліку і Ўсходняга Дэканата. 21 лістапада 2008 г., у сьвята Ўваходу Найсьв. Багародзіцы ў храм, запланаваны візіт у Парафію Маці Божай Бялыніцкай у Магілёве.
Вячаслаў Гарчакоў