Пошук
Нядзельнае казаньне
панядзелак
ВЕРАСЬНЯ |
Казаньні і гаміліі
НЯДЗЕЛЯ ТАМАША
Нядзеля Тамаша. Сьвята Божай Міласэрнасьці
“Ісусе, давяраюся Табе”
Дз.5.12-20; Ян.20.19-31 Мір Вам! (Ян 20.19) – гэтае прывітаньне Госпада гучыць, як маланка ў начным небе. Вучні, канешне, ужо ведаюць – магіла пустая!, сам Пётр з Янам гэта праверыў, Марыя Магдалена бачыла Яго Жывога, два вучні размаўлялі з Ім, а ў Эммаусе Ён узьлёг з імі і яны пазналі Яго ў Ламаньні хлеба... Больш за тое, яны памятаюць дачку Яіра, сына Наінскай удавы, яны нядаўна былі сьведкамі ўваскрашэньня Лазара. Але ж яны таксама бачылі Яго акрываўленым, зьбітым і расьпятым на Крыжы, Яны бачылі Яго памерлым і пакладзеным ў магілу... І гэтае другое ў чалавечай душы перамагае – “дзьверы дома, дзе зьбіраліся вучні Ягоныя, былі замкнутыя з апасеньня перад Юдэямі” (Ян.20.19). Апасеньне, страх і разгубленасьць – вось што пануе ў сэрцах апосталаў і менавіта таму Хрыстос перадае ім Духа (Ян 20.22), каб апасеньне зьнікла – “Ён паказаў ім рукі і ногі і рэбры Свае” (Ян 20.20), паглядзіце гэта Я, Я з вамі, Я той самы, і разгубленасьці ўжо няма бо – “Ісус сказаў ім другі раз: мір вам! як паслаў Мяне Айцец, так і Я пасылаю вас” (Ян 20.21), вы патрэбныя Богу, вы не пакінутыя і Я буду з вамі, як Айцец быў са Мною. Як Бог Айцец удыхнуў Дух у Адама “і зрабіўся чалавек душою жывою” (Бц 2.7), так Ісус Хрыстос перадае ім Свой Дух і вучні атрымалі жыцьцё вечнае ў Хрысьце. Мір Вам! (Ян20.26) – гэтае прывітаньне ўжо не такое нечаканае, хоць Ісус прайшоў ізноў праз зачыненыя дзьверы. Тамаш, канешне, чакаў нечага падобнага – у яго не было прычынаў не давяраць іншым апосталам, але яму самому хацелася пазнаць гэта. Тамаш быў апосталам, які гатовы быў паўсюль сам сьледаваць за Ісусам, калі Госпад ішоў уваскрасіць Лазара, вучні насьцярожана паставіліся да гэтага, бо Ісуса маглі пабіць каменьнямі – “тады Тамаш, інакш называны Блізьнюк, сказаў вучням: пойдзем і мы памрэм з ім” (Ян 11.16). “З ім” – значыць з Лазарам, так яму самому хацелася ўсё зьведаць, пазнаць Божую Міласэрнасьць. Калі ж Ісус аб’яўляе, што ўжо павінен пайсьці “у доме Айца Майго... прыгатаваць месца вам” (Ян 14.2-3) Тамаш абуджана кліча: “Госпадзе! ня ведаем, куды ідзеш; і як можам ведаць шлях?” (Ян 14.5) Тады Ісус запэўніў іх: “Я - і шлях і праўда і жыцьцё” (Ян.14.6) Таму Тамаш чакаў нечага падобнага, але як гэта Госпад зьявіўся апосталам і яго, Тамаша не было? Хачу сам. “Мір Вам!” (Ян 20.26), але гучыць гэта, як “Мір табе, Тамашу” – “падай палец твой сюды і паглядзі рукі Мае; падай руку тваю і ўкладзі ў рэбры Мае; і ня будзь недаверкам, а вернікам.” (Ян 20.27) “Хачу сам” у гэтым выпадку выклікана не зайздрасьцю, не эгаізмам, але жаданьнем асабістых зносінаў з Богам. І Бог асабіста прыходзіць да яго. Асабіста перадае яму тое, што раней перадаў іншым апосталам. І Тамаш першы з апосталаў вызнае: “Госпад мой і Бог мой!” (Ян 20.2 8 ). Вось так, адказы на свае пытаньні ён мае. Гэта не азначае, што пытаньняў больш не будзе, гэта азначае, што ён пазнаў, сапраўды пазнаў – “і шлях і праўду і жыцьцё”, гэта азначае, што цяпер усе пытаньні будуць знаходзіць свае адказы. Ён цяпер ведае, што трэба рабіць – блаславёная Фаустына выразіла такую паставу вельмі простымі словамі: “Ісусе, давяраюся Табе!” Аўтар - а. Андрэй Абламейка |
27.04.2025
|