2 верасьня споўнілася 10 гадоў, як памёр першы пробашч нашай парафіі с.п. айцец Ян Матусевіч. Айцец Янка быў не толькі першым пробашчам у Менску, але для многіх стаўся першым сьвятаром у жыцьці – кагосьці хрысьціў, кагосьці прыняў да першай споведзі, многіх вянчаў… адным словам быў айцом, духоўным айцом у Хрысьце.
У 17 гадзін вернікі й сьвятары менскіх парафій Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы сабраліся на Кальварыйскіх могілках, каб памаліцца Паніхіду за супакой а.Яна Матусевіча, а ў 19 гадзін была адслужана памінальная Боская Літургія ў нашай парафіяльнай капліцы Усіх Сьвятых Беларускіх.
айцец Андрэй Абламейка: “Айцец Ян Матусэвіч для мяне быў маім духоўным айцом. Ён запомніўся мне такім вельмі дабрадушным, вясёлым чалавекам, заўсёды гатовым выслухаць цябе, памагчы, нешта табе падараваць. Першая Біблія, якую я меў у сваім жыцьці, – гэта была Біблія, якую ён мне падараваў. І для мяне асабіста ён быў вельмі блізкі. У яго я прыступіўся да першай споведзі. Ён хрысьціў маю жонку Сьвятлану, пасьля нас вянчаў, пасьля хрысьціў сына Багдана. Даў мне рэкамендацыю для дыяканату і сьвятарства…”
айцец Пахом Кавалёў:“Айцец Ян Матусевіч мяне ахрысьціў, стаўся тым, з каго пачалося маё жыцьцё хрысьціяніна. Хрост адбыўся на кватэры айца, я памятаю, што, калі выйшаў, неяк нічога не адчуваў. Нават зьдзівіўся. Але калі ехаў ужо ў аўтобусе да хаты, раптам зразумеў, навокал людзі, якіх хочацца любіць. Мне стала сорамна, што раней іначай ставіўся да людзей, я зразумеў – цяпер з Хрыстом гатовы прабачыць і папрасіць прабачэньня… ”