Пошук

Каляндар

 

Вячэрня на сьвята Зыходу Сьвятога Духа  


Вячэрня на сьвята Зыходу Сьвятога ДухаСьвятар, узяўшы эпітрахіль і фелон, адчыняе райскія дзьверы. Дыякан кадзіць, а сьвятар стаіць перад прастолам. Пасьля каджэньня дыякан выходзіць, становіцца перад райскімі дзьвярыма: Устаньце! 

Сьвятар: Слава сьвятой і адзінасутнай, і жыватворчай, і неразьдзельнай Тройцы спрадвеку, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Чытальнік: Амін. Прыйдзіце, паклонімся… (гл. далей)

Сьвятар зачыняе райскія дзьверы, скідае з сябе фелон і выходзіць у эпітрахілі перад райскімі дзьвярыма. Чытальнік пачынае чытаць уступны псалом 103. Падчас чытаньня сьвятар моліцца сьвяцільныя малітвы (гл. пасьля псалма).

Прыйдзіце, паклонімся Ўладару нашаму Богу.

Прыйдзіце, паклонімся і прыпадзем да Хрыста, Уладара нашага і Бога.

Прыйдзіце, паклонімся і прыпадзем да самога Хрыста, Уладара і Бога нашага. 

Псалом 103


Блаславі, душа мая, Госпада: * Госпадзе, Божа мой, Ты вялікі наўзьдзіў!

Ты апрануўся ў хвалу і веліч, * ахутаўся сьвятлом, быццам плашчом,

расьцягнуў неба, быццам шацёр, * высокія харомы cвае пакрываеш водамі,

робіш хмары калясьніцаю сабе, * ходзіш на крылах ветру.

Ты робіш вятры пасланцамі сваімі * і слугамі сваімі – полымя агню.

Ты ўмацаваў зямлю на асновах яе: * не пахісьнецца павек вякоў.

Бездань, быццам вопратка, покрыва яе. * Воды над гарамі стануць:

ад пагрозы Тваёй яны назад пададуцца, * ад грому голасу Твайго задрыжаць.

Узыходзяць яны на горы і зыходзяць у даліны, * у месцы, якія Ты ім назначыў;

Ты ўстанавіў межы, якіх ім не перайсьці * і не вярнуцца, каб пакрыць зямлю.

Пасылаеш крыніцы ў яры: * пацякуць воды між гораў;

будуць піць з іх усе зьвяры палявыя, * аслы дзікія смагу сваю гасіць будуць.

Каля іх птушкі нябесныя будуць мець гнёзды свае: * між скалаў будзе чутны сьпеў іх.

З высокіх харомаў Тваіх навадняеш горы: * зямля напоўніцца плодам твораў Тваіх.

Ты вырошчваеш траву для жывёлы, * зельле на пажытак чалавеку, каб вырасьціць хлеб з зямлі,

і віно, што весяліць сэрца чалавека; * каб твар яго зьзяў ад алею, а хлеб хай сэрца чалавека ўмацоўвае.

Насыцяцца дрэвы нізінныя * – кедры лібанскія, што Ты іх насадзіў.

Там птушкі будуць мець гнёзды свае, * бусьлінае жыльлё ўзвысіцца над імі.

Горы высокія для дзікіх козаў, * шчыліны скалаў – сховішча для грызуноў.

Ты стварыў месяц, каб паказваў поры; * сонца ведае час захаду свайго.

Ты навёў цемру, і настала ноч, * падчас якое выходзяць усе зьвяры лясныя.

Львяняты рыкаюць, шукаючы здабычы, * просячы ў Бога спажывы сабе.

Узыдзе сонца, і яны зьбяруцца * і лягуць у логавах сваіх.

Выйдзе чалавек да справаў сваіх * і да работы сваёй да вечара.

Якія велічныя творы Твае, Госпадзе, Ты ўсё мудра стварыў! * Зямля поўная стварэньняў Тваіх.

Вось мора вялікае і прасторнае: * у ім безьліч стварэньняў, зьвяроў вялікіх і малых.

Караблі плаваюць там і вуж гэты, * якога Ты стварыў на пацеху сабе.

Усе яны чакаюць Цябе, * каб Ты даў ім спажыву ў свой час.

Ты ім дасі, і яны падбяруць; * расчыніш руку Тваю, і ўсе напоўняцца дабром.

Калі ж Ты адвернеш твар Твой ад іх, яны ўстрывожацца; * адымеш дух ад іх, і яны згібеюць, і ў пыл зноў вернуцца.

Пашлеш дух Твой, і яны ажывуць, * і Ты абновіш твар зямлі.

Няхай слава Гасподняя трывае давеку, * хай Госпад цешыцца з твораў сваіх.

Ён гляне на зямлю, і змушае яе трымцець, * дакранецца да гораў, і яны задымяць.

Праз усё жыцьцё маё буду сьпяваць Госпаду, * буду пяяць Богу майму, пакуль жыву.

Хай даспадобы будуць Яму разважаньні мае, * а я буду радавацца ў Госпадзе.

Няхай счэзнуць грэшнікі з зямлі * і няхай ня будзе больш нягоднікаў.

Блаславі, душа мая, Госпада! 

Сонца ведае час захаду свайго. * Ты навёў цемру, і настала ноч.

Якія велічныя творы Твае, Госпадзе, * Ты ўсё мудра стварыў!

Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Алілуя, алілуя, алілуя: слава Табе, Божа. (Тройчы).

Сьвяцільныя малітвы 


Падчас чытаньня 103 псалму сьвятар, стоячы з непакрытай галавой перад райскімі дзьвярыма, ціха моліцца сьвяцільныя малітвы.

1. Госпадзе спагадлівы і міласьцівы, доўгацярплівы і шматміласьцівы, выслухай малітву нашую і пачуй голас маленьня нашага, дай нам знак спагады Тваёй, накіруй нас на шлях Твой, каб нам хадзіць у праўдзе Тваёй; напоўні радасьцю сэрцы нашыя, каб нам стаяць пабожна і з пакорлівасьцю перад імем Тваім сьвятым, бо Ты – вялікі і творыш цуды. Ты – Бог адзіны і няма падобнага між багамі да Цябе, Госпадзе: Ты моцны ў міласьці і добры ў моцы, здольны памагчы, суцешыць і збавіць усіх, што спадзяюцца на імя сьвятое Тваё.

Бо Табе належыцца ўсялякая слава, пашана і пакланеньне, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

2. Госпадзе, у гневе Тваім не судзі нас і ў абурэньні Тваім не карай нас, але ўчыні з намі паводле міласьці Тваёй, Ты, што лечыш і ацаляеш душы нашыя. Накіруй нас да жаданага прыстанішча Твайго, прасьвятлі вочы сэрцаў нашых, каб нам пазнаць праўду Тваю; і дай нам рэшту гэтага дня і ўвесь час жыцьця нашага правесьці без граху і ў супакоі, малітвамі сьвятое Багародзіцы і ўсіх сьвятых.

Бо Твая ёсьць улада, і Тваё валадарства, і сіла, і слава, Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

3. Госпадзе, Божа наш, успамяні нас грэшных і непатрэбных слугаў Тваіх, калі мы клічам імя сьвятое Тваё, якому пакланяемся; і не пасаром нас у спадзяваньні міласьці Тваёй, але даруй нам, Госпадзе, усё, што просім для нашага збаўленьня, і ўдастой любіць і баяцца Цябе ад усяго сэрца нашага, і чыніць ва ўсім волю Тваю.

Бо Ты – добры і чалавекалюбны Бог, і Табе ўзносім славу, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

4. Ты, якога ў несьціханых песьнях і няспынных усхваленьнях апяваюць сьвятыя сілы, напоўні вусны нашыя хвалою Тваёю, каб нам узьвялічваць імя Тваё сьвятое; і дай нам спадчыну і ўдзел з усімі, што праўдзіва баяцца Цябе і захоўваюць Твае запаветы, малітвамі сьвятое Багародзіцы і ўсіх сьвятых Тваіх.

Бо Табе належыцца ўсялякая слава, пашана і пакланеньне, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

4*. (Гэтая малітва дадаецца да агульнага ліку паводле старажытнай традыцыі). Блаславёны Ты, Госпадзе, Божа ўсемагутны, што ведаеш розум людскі і патрэбы нашыя нашмат лепш, чым мы толькі можам прасіць або разумець іх. Ты, чалавекалюбны Ўладару, добры ва ўсім, з вялікае спагады Тваёй удастой нас з непарасаромленым сумленьнем клікаць сьвятое імя Тваё: і ня ўвядзі нас у спакусу, але выбаў нас ад злога, і провідам Тваім учыні, каб усё было нам на карысьць.

Бо Табе належыцца ўсялякая слава, пашана і пакланеньне, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

5. Госпадзе, Госпадзе, Ты ўсё трымаеш Тваёй усячыстай рукою, Ты доўгацярплівы да ўсіх нас і шкадуеш з прычыны нашай разбэшчанасьці; успомні пра спагаду Тваю і міласьць Тваю, наведай нас у дабрыні Тваёй і дай нам у рэшту гэтага дня пазьбегнуць розных падкопаў нячыстага, і захавай нашае жыцьцё ад напасьцяў, ласкаю ўсесьвятога Твайго Духа.

Міласьцю і чалавекалюбствам адзінароднага Сына Твайго, з Якім блаславёны Ты і Твой усесьвяты, добры і жыватворчы Дух, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

6. Божа вялікі і дзівосны, што невыказнай дабрынёю і багатым провідам кіруеш усім: Ты абдарыў нас зямнымі дабротамі і ўпэўніў нас у атрыманьні абяцанага валадарства тымі дабротамі, што нам дараваў. Ты даў нам у мінулую частку гэтага дня ўхіліцца ад усяго благога, дай і рэшту яго правесьці беззаганна перад сьвятою славаю Тваёю, славячы ў песьнях Цябе, адзінага добрага і чалавекалюбнага Бога нашага.

Бо Ты – Бог наш, і Табе ўзносім славу, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

7. Божа вялікі, найвышэйшы, адзіны, які маеш несьмяротнасьць і жывеш у недасяжным сьвятле! Ты ўсё стварэньне ў мудрасьці стварыў, аддзяліў сьвятло ад цемры, сонца ўстанавіў, каб днём кіравала, месяц і зоркі – ноччу. Ты ўдастоіў нас, грэшных, у гэтую гадзіну стаць перад Тваім абліччам з вызнаньнем і прынесьці Табе вячэрняе ўсхваленьне. Ты сам, Чалавекалюбча, учыні, каб гэтая нашая малітва ўзьнялася да Цябе, быццам кадзіла, і прымі яе як прыемную духмянасьць. Дай жа нам, каб гэты вечар і ноч, што неўзабаве настане, былі спакойнымі; апрані нас у зброю сьвятла, выбаў нас ад страху начнога і ад усялякай рэчы, што ў цемры блукае. Зрабі, каб наш сон, які Ты нам даў на ўмацаваньне ў немачах нашых, быў вольным ад усялякага д’ябальскага насланьня. Так, Уладару ўсяго, дабротаў Падаўча, дай каб мы і на ложках нашых са скрухаю ўспаміналі ўначы Імя Тваё, і прасьветленыя разважаньнем пра запаветы Твае з радаснай душой усталі, каб услаўляць Тваю дабрыню, прыносячы дабрасардэчнасьці Тваёй малітвы і просьбы за грахі нашыя і ўсіх людзей Тваіх, якіх, малітвамі сьвятой Багародзіцы, наведай у міласьці.

Бо Ты – добры і чалавекалюбны Бог, і мы Табе ўзносім славу, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Літанія супакою 


Пасьля ўступнага псалма сьвятар вяртаецца ў алтар і становіцца перад прастолам, дыякан перад райскімі дзьвярыма ўголас узносіць літанію супакою.

Дыякан: У супакоі Госпаду памолімся.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся. (Так пасьля наступных прашэньняў).

Дыякан: За супакой з вышыняў і збаўленьне душаў нашых Госпаду памолімся.

За супакой на ўсім сьвеце, добры стан сьвятых Божых Цэркваў і зьяднаньне ўсіх Госпаду памолімся.

За гэтую сьвятую царкву і тых, што з вераю, пашанаю і страхам Божым уваходзяць у яе, Госпаду памолімся.

За Сьвятога Айца нашага сусьветнага біскупа … (імя) Папу Рымскага, за высокадастойнага архібіскупа (або: багалюбнага біскупа) нашага … (імя), пачэсных сьвятароў, дыяканаў у Хрысьце, усё духавенства і людзей Госпаду памолімся.

За Богам сьцеражоную краіну нашую, за ўлады і войскі яе Госпаду памолімся.

За наш народ, за стойкасьць у веры, мужнасьць у выпрабаваньнях і вернасьць свайму народу ўсіх нас Госпаду памолімся.

За гэты горад (гэтую вёску), за ўсе гарады і краіны і за верных людзей, што жывуць у іх, Госпаду памолімся.

За добрае надвор’е, багаты ўраджай пладоў зямных і за часы спакойныя Госпаду памолімся.

За падарожнікаў па моры, зямлі і ў паветры, за нядужых, тых, што церпяць, за зьняволеных і збаўленьне іх Госпаду памолімся.

Каб нам выбавіцца ад усякага гневу, смутку і недастатку Госпаду памолімся.

Заступіся, збаў, зьмілуйся і захавай нас, Божа, ласкаю Тваёю.

Успамянуўшы ўсесьвятую, усячыстую, усеблаславёную, слаўную Ўладарку нашую Багародзіцу і Заўсёды Дзеву Марыю з усімі сьвятымі, самі сябе і адзін аднаго, і ўсё жыцьцё нашае Хрысту Богу аддайма.

Людзі: Табе, Госпадзе. 

Сьвятар: Бо Табе належыцца ўсялякая слава, пашана і пакланеньне, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Людзі: Амін.

Чытаньне Псалтыра 


У суботу вечарам, на сьвяты Багародзіцы і сьвятых, а таксама сьвяты Гасподнія (калі яны выпадаюць у нядзелю або панядзелак), сьпяваюцца наступныя выбраныя вершы з псалмаў 1-3:

Шчасьлівы муж, * што не ішоў за радай нязбожных. Алілуя, алілуя, алілуя.

Бо Госпад ведае шлях праведных, * а шлях нязбожных згіне. Алілуя, алілуя, алілуя.

Служыце Госпаду са страхам * і слаўце Яго з трапятаньнем. Алілуя, алілуя, алілуя.

Шчасьлівыя ўсе, * што на Яго спадзяюцца. Алілуя, алілуя, алілуя.

Устань, Госпадзе, * збаў мяне, Божа мой. Алілуя, алілуя, алілуя.

Ад Госпада збаўленьне * і на людзях Тваіх – блаславеньне Тваё. Алілуя, алілуя, алілуя.

Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін. Алілуя, алілуя, алілуя.

Алілуя, алілуя, алілуя: слава Табе, Божа. (Тройчы).

Малая літанія 


Дыякан: Яшчэ і яшчэ ў супакоі Госпаду памолімся.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.

Дыякан: Заступіся, зжалься, збаў і сьцеражы нас, Божа, ласкаю Тваёю.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.

Дыякан: Успамянуўшы найсьвятую, усячыстую, най­бла­сла­вё­ную, слаўную Ўладарку нашу Багародзіцу і Заўсёды Дзеву Марыю і ўсіх сьвятых, самі сябе, і адзін аднаго, і ўсё жыцьцё наша Хрысту Богу аддайма.

Людзі: Табе, Госпадзе.

Сьвятар: Бо Твая ёсьць дзяржава і Тваё валадарства, і сіла, і слава, Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Людзі: Амін.

Госпадзе, я клікаў Цябе...” 


Людзі сьпяваюць першыя два вершы псалму 140 на тон першай песьні і патрэбныя вершы іншых псалмоў, чаргуючы іх з адпаведнай колькасьцю песьняў дня або сьвята; у міжчасе дыякан кадзіць царкву. 

Псалом 140

Госпадзе, я клікаў Цябе: выслухай мяне. * Выслухай мяне, Госпадзе! * Будзь уважлівы да голасу маленьня майго, калі я клічу Цябе. * Выслухай мяне, Госпадзе!

Хай малітва мая ўзыдзе да Цябе, * быццам кадзіла, * і ахвярай вячэрняй будзе ўздыманьне рук маіх. * Выслухай мяне, Госпадзе! 

Наступныя вершы аж да “Выведзі з вязьніцы” звычайна чытаюцца:

Пастаў, Госпадзе, варту вуснам маім * і дзьверы для аховы губ маіх.

Ня дай ухіліцца сэрцу майму * да злачынных словаў

для апраўданьня ў грахах з людзьмі, якія чыняць беззаконьне, * і каб мне ня быць заадно з выбранымі іх.

Праведнік будзе па-добраму навучаць і дакараць мяне, * але алей грэшніка хай не намасьціць галавы маёй;

дый малітва мая * хай ня будзе даспадобы ім.

Судзьдзі іх былі праглынутыя каля скалы; * яны пачуюць словы мае, бо яны лагодныя.

Як глыба зямлі раздрабляецца на зямлі, * так косьці іх параскіданыя па апраметнай.

Бо да Цябе, Госпадзе, Госпадзе, зьвернутыя вочы мае; * на Цябе спадзяюся: не адымі душы маёй.

Сьцеражы мяне ад сеці, што на мяне паставілі, * ад пасткі тых, што чыняць беззаконьне.

Грэшнікі ўпадуць у сець сваю; * я адзін застаюся, пакуль не перайду.

Псалом 141

Голасам маім я клікаў Госпада, * голасам маім я Госпаду маліўся.

Мальбу маю вылью перад Ім, * пра гора маё Яму раскажу.

Калі дух мой зьнемагаў ува мне, * Ты і тады ведаў сьцежкі мае.

На той дарозе, па якой я ішоў, * схавалі пастку на мяне.

Глядзеў я ўправа і ўглядаўся, * і не было нікога, хто ведаў бы мяне;

надзея на ўцёкі пакінула мяне, * і ня стала нікога, хто парупіўся б аб душы маёй.

Да Цябе, Госпадзе, я ўсклікнуў і сказаў: * “Ты надзея мая, мой удзел на зямлі жывых!

Уваж малітву маю, бо я вельмі падупаў. * Вызвалі мяне ад тых, што перасьледуюць мяне, бо яны дужэйшыя за мяне. 

Калі ёсьць 10 песьняў, яны сьпяваюцца ў чаргаваньні з вершамі псалмоў, пачынаючы ад наступнага:

Выведзі з вязьніцы душу маю, * каб мне дзякаваць імю Твайму.

(Тон 1). Сьвяткуем Пяцідзесятніцу і прыйсьце Духа, і спаўненьне абяцаньня, і надзеі зьдзяйсьненьне, і тайну вялікую і пачэсную. Дык усклікнем: "Творча ўсіх Госпадзе, слава Табе!"

Праведнікі будуць чакаць мяне, * пакуль аддзячыш мне”.

 Сьвяткуем Пяцідзесятніцу і прыйсьце Духа, і спаўненьне абяцаньня, і надзеі зьдзяйсьненьне, і тайну вялікую і пачэсную. Дык усклікнем: "Творча ўсіх Госпадзе, слава Табе!"

Калі 8 песьняў – тады ад наступнага:

Пс 129. З глыбіняў клікаў я Цябе, Госпадзе: * Госпадзе, пачуй голас мой!

Рознымі мовамі надзяліў Ты, Хрысьце, сваіх вучняў, каб на іх яны прапаведавалі Цябе – Несьмяротнае Слова і Бога, які дае душам нашым багацьце зьмілаваньня.

Хай вушы Твае будуць уважлівыя * да голасу маленьня майго. 

Усё дае Дух Сьвяты, прароцтвы крынічыць, сьвятароў дасканалымі чыніць, нявучаных навучае мудрасьці, рыбакоў багасловамі робіць, і яднае ўсю царкоўную супольнасьць. Адзінасутны і роўны славаю з Айцом і Сынам Суцяшальніку, слава Табе!

Калі 6 песьняў – тады ад наступнага:

Калі беззаконьні заўважаць будзеш, Госпадзе, Госпадзе, хто ўстаіць? * Бо ў Цябе ачышчэньне ёсьць.

(Тон 2). Мы бачылі праўдзівае сьвятло, прынялі Духа нябеснага, знайшлі веру праўдзівую: пакланяемся неразьдзельнай Тройцы, бо Яна нас збавіла.

Дзеля імя Твайго я чакаў Цябе, Госпадзе: * душа мая чакала слова Твайго,душа мая спадзявалася на Госпада.

 Мы бачылі праўдзівае сьвятло, прынялі Духа нябеснага, знайшлі веру праўдзівую: пакланяемся неразьдзельнай Тройцы, бо Яна нас збавіла.

Ад ранішняй старожы да ночы, * ад ранішняй старожы хай спадзяецца Ізраіль на Госпада.

Праз прарокаў Ты абвясьціў нам шлях збаўленьня, і праз апосталаў зазьзяла нам, Збавіцелю, ласка Духа Твайго: Ты – Бог першы і апошні, і на вякі Ты – Бог наш.

Бо ў Госпада міласэрнасьць і вялікае ў Яго вызваленьне, * і Ён вызваліць Ізраіля ад усіх беззаконьняў яго.

У доме Тваім, Збавіцелю сьвету, буду ў песьнях славіць Цябе і, укленчыўшы, пакланюся Тваёй непераможнай сіле; увечары, раніцай і апоўдні, і ў кожны час буду бласлаўляць Цябе, Госпадзе.

Пс 116. Хваліце Госпада, усе народы, * слаўце Яго, усе людзі,

У доме Тваім, Госпадзе, мы верныя, укленчым душою і целам і ўсхвалім у песьнях Цябе, беспачатнага Айца, і аднолькава беспачатнага Сына, і спрадвечнага ўсесьвятога Духа, які прасьвятляе і асьвячае душы нашыя.

бо міласэрнасьць Яго ўмацавалася над намі * і праўда Гасподняя трывае давеку.

Тройцу сьвятую ў песьнях уславім, Айца і Сына разам з Духам Сьвятым, бо так прапаведавалі ўсе прарокі і апосталы разам з мучанікамі.

Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

(Тон 8). Прыйдзіце, людзі, паклонімся Богу ў трох асобах – Сыну з Айцом і з Духам Сьвятым. Спрадвечны Айцец родзіць спрадвечнага і раўнапасаднага Сына, і Дух Сьвяты праслаўляецца ў Айцу разам з Сынам: адна сіла, адна сутнасьць, адно Боства. Яму мы пакланяемся, кажучы: Сьвяты Божа, што ўсё творыш праз Сына Духам Сьвятым; Сьвяты Моцны, які даў нам пазнаць Айца, і праз якога Дух Сьвяты на сьвет прыйшоў; Сьвяты Несьмяротны, Духу Суцяшальніку, што ад Айца паходзіш і ў Сыне спачываеш, Тройца Сьвятая, слава Табе.

 

Уваход 


Падчас сьпяваньня “Слава... Цяпер...” сьвятар, апрануўшы фэлон, адкрыўшы райскія дзьверы, і дыякан з кадзілам робяць уваход. Стаўшы перад райскімі дзьвярыма:

Дыякан (кажа ціха): Госпаду памолімся.

Сьвятар (ціха): Вечарам, і раніцай, і апоўдні хвалім, бласлаўляем, дзякуем і молімся Табе, Уладару ўсіх; накіруй малітву нашую, быццам кадзіла перад Табою, і ня дай ухіліцца сэрцам нашым да благіх словаў і думак; але выбаў нас ад усіх, што жадаюць злавіць душы нашыя; бо вочы нашыя, Госпадзе, Госпадзе, зьвернутыя да Цябе і на цябе спадзяемся, дык не пасаром нас, Божа наш. Бо Табе належыцца ўсялякая слава, пашана і пакланеньне, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Дыякан: Блаславі, ойча, сьвяты ўваход.

Сьвятар (бласлаўляе ўваход): Блаславёны ўваход сьвятых Тваіх на ўсе часы, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Дыякан: Амін. 

Як толькі скончыцца сьпеў, дыякан, робячы кадзілам знак крыжа, кажа ўголас:

Дыякан: Мудрасьць, устаньце!

На пачатак сьпеву ў храме запальваецца сьвятло.

Людзі: Сьвятло лагоднае сьвятое славы несьмяротнага Айца нябеснага, сьвятога, блаславёнага – Ісусе Хрысьце! Дайшоўшы да захаду сонца і ўбачыўшы вячэрняе сьвятло, пяем Айца, і Сына, і Сьвятога Духа – Бога. Дастойны Ты, каб на ўсякі час чыстымі галасамі пяялі хвалу Тваю, Сыне Божы, што даеш жыцьцё: дзеля гэтага сьвет славіць Цябе.

Дыякан: Будзьма ўважлівыя.

Сьвятар (бласлаўляе людзей): Мір усім!

Людзі: І твайму духу.

Дыякан: Мудрасьць. Будзьма ўважлівыя.

Пракімен 


Чытальнік або дыякан чытае пракімен дня; людзі паўтараюць першы верш, як прысьпеў. 

У суботу вечарам (Пс 92:1,5), тон 6.

Госпад пануе, * Ён апрануўся ў красу. 

Верш 1. Апрануўся Госпад у сілу * і падперазаўся. 

Верш 2. Ён умацаваў сусьвет, * што не пахісьнецца. 

Верш 3. Дому Твайму, Госпадзе, належыць сьвятасьць, * на доўгія дні.

Пасьля пракімена - чытаньні са Сьвятога Пісаньня (парэміі). Перад кожным чытаньнем дыякан кажа: “Мудрасьць”, - і чытальнік абвяшчае назву чытаньня. Тады дыякан кажа: “Будзьма ўважлівыя”, - пасьля чаго чытальнік пачынае чытаць адпаведны ўрывак са Сьвятога Пісаньня (парэмію). Калі чытаюцца ўрыўкі са Старога Запавету, райскія дзьверы зачыняюцца. Калі чытанні з Новага Запавету, райскія дзьверы зачыняюцца пасьля чытаньняў.

Чытаньне кнігі Лікаў

Сказаў Госпад Майсею: Пакліч мне семдзесят мужоў спасярод старэйшых Ізраіля, якіх ты ведаеш, што яны – старэйшыя і праваднікі народу; і прывядзі іх да Шатра Сустрэчы, хай яны там стануць разам з табою. Тады Я прыйду і буду гутарыць з табою; і вазьму ад Духа, што ў табе, і дам ім, і яны разам з табою будуць насіць цяжкасьці народу, а ты сам ня будзеш болып насіць іх. Майсей сабраў семдзесят старэйшых народу і паставіў іх вакол шатра. I Госпад у хмары зышоў і гутарыў з ім. Пасьля ўзяў ад Духа, што быў у ім, і даў Яго гэтым сямідзесяці старэйшым. Як толькі спачыў на іх Дух, яны ўвайшлі ў той час у захапленьне і прарочылі. Два мужы засталіся ў стане, адзін з іх называўся Эльдад, а другі Мадад. На іх тасама зышоў Дух, бо яны былі ў ліку пакліканых, толькі не прыйшлі да шатра. I яны таксама пачалі прарочыць у стане. Прыбег юнак і сказаў Майсею: "Эльдад і Мадад увайшлі ў захапленьне прароцкае". Ісус, сын Навін, які з маладых гадоў быў на службе ў Майсея, узяў голас і сказаў: "Майсею, гаспадару мой, забарані ім!" Але Майсей адказаў: "Ці не зайздросны ты за мяне? О, каб усе ў народзе Гасподнім былі прарокамі, каб Госпад даў ім Духа свайго!" (11:16-17; 24-29)

Чытаньне кнігі прарока Яэля

Так кажа Госпад: "Радуйцеся, сыны Сыёну, цешцеся ў Богу Госпадзе вашым, бо Ён учыніў вам згодна са справядлівасьцю. Дождж асеньні і дождж веснавы Ён выліў на вас шчодра, як і раней. Гумны вашыя напоўняцца збожжам, і прэсы вашыя вінаградным сокам і аліваю. У такі спосаб Я ўзнагароджу вас за гады, калі ўсё паела шаранча, чэрві, жукі і вусені, якіх Я паслаў на вас у вялікім мностве. Тады сапраўды будзеце есьці і насыціцеся, і будзеце хваліць імя Госпада Бога вашага, які ўчыніў вам дзіўныя рэчы, і народ мой ня будзе пасаромлены давеку. У той час пазнаеце, што Я ёсьць сярод Ізраіля, і што Я – Госпад Бог ваш, а іншага няма. Мой народ ня будзе пасаромлены давеку. Пасьля гэтага вылью Духа майго на кожнае цела, і сыны і дочкі вашыя будуць прарочыць, а юнакі вашыя будуць бачыць аб'яўленьні. Нават на нявольнікаў і нявольніцаў вылью Духа майго ў тыя дні. I пакажу знакі на небе і на зямлі, кроў і агонь, і стаўпы дыму. Сонца зьменіцца ў цемру, а месяц – у кроў, калі прыйдзе дзень Гасподні, дзень вялікі і страшны. Кожны аднак, хто пакліча імя Гасподняе, будзе збаўлены". (2:23-3:5)

Чытаньне кнігі прарока Езакіеля

Так кажа Госпад: "Забяру вас спасярод народаў, зьбяру з усіх краінаў і прывяду зноў у вашу краіну. Акраплю вас чыстай вадою, каб вы ачысьціліся ад усякай нячыстасьці, і ад усіх ідалаў вашых ачышчу вас. I дам вам новае сэрца і новага духа ўдыхну ў нутры вашыя, каменныя сэрцы забяру з целаў вашых, а дам вам сэрцы цялесныя. Духа Майго хачу ўдыхнуць у вас і зрабіць, каб вы жылі паводле Маіх запаветаў, захоўвалі мае прыказаньні і чынілі згодна з імі. Тады будзеце жыць у краіне, якую Я даў айцом вашым, і будзеце маім народам, а Я буду вашым Богам". (36:24-28)

Літанія ўзмоцненага маленьня


Дыякан, стоячы перад зачыненымі райскімі дзьвярыма, узносіць літанію. Калі сьвятар служыць без дыякана, сьвятар узносіць літанію, стоячы перад прастолам. Райскія дзьверы зачыненыя.

Дыякан: Скажам усе разам ад усяе душы і ад усяе думкі нашае скажам.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.

Дыякан: Госпадзе ўсемагутны, Божа айцоў нашых, молімся Табе, пачуй нас і зьмілуйся.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.

Дыякан: Зьмілуйся над намі, Божа, паводле Тваёй вялікай міласьці, молімся Табе, пачуй нас і зьмілуйся.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся. (Так пасьля наступных прашэньняў).

Дыякан: Яшчэ молімся за Сьвятога Айца


22.05.2021

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier