Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > Вячэрня на сьвята Зыходу Сьвятога Духа
Вячэрня на сьвята Зыходу Сьвятога Духа22.05.2021. |
Сьвятар: Слава сьвятой і адзінасутнай, і жыватворчай, і неразьдзельнай Тройцы спрадвеку, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Чытальнік: Амін. Прыйдзіце, паклонімся… (гл. далей) Сьвятар зачыняе райскія дзьверы, скідае з сябе фелон і выходзіць у эпітрахілі перад райскімі дзьвярыма. Чытальнік пачынае чытаць уступны псалом 103. Падчас чытаньня сьвятар моліцца сьвяцільныя малітвы (гл. пасьля псалма). Прыйдзіце, паклонімся Ўладару нашаму Богу. Прыйдзіце, паклонімся і прыпадзем да Хрыста, Уладара нашага і Бога. Прыйдзіце, паклонімся і прыпадзем да самога Хрыста, Уладара і Бога нашага. Псалом 103 Блаславі, душа мая, Госпада: * Госпадзе, Божа мой, Ты вялікі наўзьдзіў! Ты апрануўся ў хвалу і веліч, * ахутаўся сьвятлом, быццам плашчом, расьцягнуў неба, быццам шацёр, * высокія харомы cвае пакрываеш водамі, робіш хмары калясьніцаю сабе, * ходзіш на крылах ветру. Ты робіш вятры пасланцамі сваімі * і слугамі сваімі – полымя агню. Ты ўмацаваў зямлю на асновах яе: * не пахісьнецца павек вякоў. Бездань, быццам вопратка, покрыва яе. * Воды над гарамі стануць: ад пагрозы Тваёй яны назад пададуцца, * ад грому голасу Твайго задрыжаць. Узыходзяць яны на горы і зыходзяць у даліны, * у месцы, якія Ты ім назначыў; Ты ўстанавіў межы, якіх ім не перайсьці * і не вярнуцца, каб пакрыць зямлю. Пасылаеш крыніцы ў яры: * пацякуць воды між гораў; будуць піць з іх усе зьвяры палявыя, * аслы дзікія смагу сваю гасіць будуць. Каля іх птушкі нябесныя будуць мець гнёзды свае: * між скалаў будзе чутны сьпеў іх. З высокіх харомаў Тваіх навадняеш горы: * зямля напоўніцца плодам твораў Тваіх. Ты вырошчваеш траву для жывёлы, * зельле на пажытак чалавеку, каб вырасьціць хлеб з зямлі, і віно, што весяліць сэрца чалавека; * каб твар яго зьзяў ад алею, а хлеб хай сэрца чалавека ўмацоўвае. Насыцяцца дрэвы нізінныя * – кедры лібанскія, што Ты іх насадзіў. Там птушкі будуць мець гнёзды свае, * бусьлінае жыльлё ўзвысіцца над імі. Горы высокія для дзікіх козаў, * шчыліны скалаў – сховішча для грызуноў. Ты стварыў месяц, каб паказваў поры; * сонца ведае час захаду свайго. Ты навёў цемру, і настала ноч, * падчас якое выходзяць усе зьвяры лясныя. Львяняты рыкаюць, шукаючы здабычы, * просячы ў Бога спажывы сабе. Узыдзе сонца, і яны зьбяруцца * і лягуць у логавах сваіх. Выйдзе чалавек да справаў сваіх * і да работы сваёй да вечара. Якія велічныя творы Твае, Госпадзе, Ты ўсё мудра стварыў! * Зямля поўная стварэньняў Тваіх. Вось мора вялікае і прасторнае: * у ім безьліч стварэньняў, зьвяроў вялікіх і малых. Караблі плаваюць там і вуж гэты, * якога Ты стварыў на пацеху сабе. Усе яны чакаюць Цябе, * каб Ты даў ім спажыву ў свой час. Ты ім дасі, і яны падбяруць; * расчыніш руку Тваю, і ўсе напоўняцца дабром. Калі ж Ты адвернеш твар Твой ад іх, яны ўстрывожацца; * адымеш дух ад іх, і яны згібеюць, і ў пыл зноў вернуцца. Пашлеш дух Твой, і яны ажывуць, * і Ты абновіш твар зямлі. Няхай слава Гасподняя трывае давеку, * хай Госпад цешыцца з твораў сваіх. Ён гляне на зямлю, і змушае яе трымцець, * дакранецца да гораў, і яны задымяць. Праз усё жыцьцё маё буду сьпяваць Госпаду, * буду пяяць Богу майму, пакуль жыву. Хай даспадобы будуць Яму разважаньні мае, * а я буду радавацца ў Госпадзе. Няхай счэзнуць грэшнікі з зямлі * і няхай ня будзе больш нягоднікаў. Блаславі, душа мая, Госпада! Сонца ведае час захаду свайго. * Ты навёў цемру, і настала ноч. Якія велічныя творы Твае, Госпадзе, * Ты ўсё мудра стварыў! Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін. Алілуя, алілуя, алілуя: слава Табе, Божа. (Тройчы). Сьвяцільныя малітвы Падчас чытаньня 103 псалму сьвятар, стоячы з непакрытай галавой перад райскімі дзьвярыма, ціха моліцца сьвяцільныя малітвы. 1. Госпадзе спагадлівы і міласьцівы, доўгацярплівы і шматміласьцівы, выслухай малітву нашую і пачуй голас маленьня нашага, дай нам знак спагады Тваёй, накіруй нас на шлях Твой, каб нам хадзіць у праўдзе Тваёй; напоўні радасьцю сэрцы нашыя, каб нам стаяць пабожна і з пакорлівасьцю перад імем Тваім сьвятым, бо Ты – вялікі і творыш цуды. Ты – Бог адзіны і няма падобнага між багамі да Цябе, Госпадзе: Ты моцны ў міласьці і добры ў моцы, здольны памагчы, суцешыць і збавіць усіх, што спадзяюцца на імя сьвятое Тваё. Бо Табе належыцца ўсялякая слава, пашана і пакланеньне, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін. 2. Госпадзе, у гневе Тваім не судзі нас і ў абурэньні Тваім не карай нас, але ўчыні з намі паводле міласьці Тваёй, Ты, што лечыш і ацаляеш душы нашыя. Накіруй нас да жаданага прыстанішча Твайго, прасьвятлі вочы сэрцаў нашых, каб нам пазнаць праўду Тваю; і дай нам рэшту гэтага дня і ўвесь час жыцьця нашага правесьці без граху і ў супакоі, малітвамі сьвятое Багародзіцы і ўсіх сьвятых. Бо Твая ёсьць улада, і Тваё валадарства, і сіла, і слава, Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін. 3. Госпадзе, Божа наш, успамяні нас грэшных і непатрэбных слугаў Тваіх, калі мы клічам імя сьвятое Тваё, якому пакланяемся; і не пасаром нас у спадзяваньні міласьці Тваёй, але даруй нам, Госпадзе, усё, што просім для нашага збаўленьня, і ўдастой любіць і баяцца Цябе ад усяго сэрца нашага, і чыніць ва ўсім волю Тваю. Бо Ты – добры і чалавекалюбны Бог, і Табе ўзносім славу, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін. 4. Ты, якога ў несьціханых песьнях і няспынных усхваленьнях апяваюць сьвятыя сілы, напоўні вусны нашыя хвалою Тваёю, каб нам узьвялічваць імя Тваё сьвятое; і дай нам спадчыну і ўдзел з усімі, што праўдзіва баяцца Цябе і захоўваюць Твае запаветы, малітвамі сьвятое Багародзіцы і ўсіх сьвятых Тваіх. Бо Табе належыцца ўсялякая слава, пашана і пакланеньне, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін. 4*. (Гэтая малітва дадаецца да агульнага ліку паводле старажытнай традыцыі). Блаславёны Ты, Госпадзе, Божа ўсемагутны, што ведаеш розум людскі і патрэбы нашыя нашмат лепш, чым мы толькі можам прасіць або разумець іх. Ты, чалавекалюбны Ўладару, добры ва ўсім, з вялікае спагады Тваёй удастой нас з непарасаромленым сумленьнем клікаць сьвятое імя Тваё: і ня ўвядзі нас у спакусу, але выбаў нас ад злога, і провідам Тваім учыні, каб усё было нам на карысьць. Бо Табе належыцца ўсялякая слава, пашана і пакланеньне, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін. 5. Госпадзе, Госпадзе, Ты ўсё трымаеш Тваёй усячыстай рукою, Ты доўгацярплівы да ўсіх нас і шкадуеш з прычыны нашай разбэшчанасьці; успомні пра спагаду Тваю і міласьць Тваю, наведай нас у дабрыні Тваёй і дай нам у рэшту гэтага дня пазьбегнуць розных падкопаў нячыстага, і захавай нашае жыцьцё ад напасьцяў, ласкаю ўсесьвятога Твайго Духа. Міласьцю і чалавекалюбствам адзінароднага Сына Твайго, з Якім блаславёны Ты і Твой усесьвяты, добры і жыватворчы Дух, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін. 6. Божа вялікі і дзівосны, што невыказнай дабрынёю і багатым провідам кіруеш усім: Ты абдарыў нас зямнымі дабротамі і ўпэўніў нас у атрыманьні абяцанага валадарства тымі дабротамі, што нам дараваў. Ты даў нам у мінулую частку гэтага дня ўхіліцца ад усяго благога, дай і рэшту яго правесьці беззаганна перад сьвятою славаю Тваёю, славячы ў песьнях Цябе, адзінага добрага і чалавекалюбнага Бога нашага. Бо Ты – Бог наш, і Табе ўзносім славу, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін. 7. Божа вялікі, найвышэйшы, адзіны, які маеш несьмяротнасьць і жывеш у недасяжным сьвятле! Ты ўсё стварэньне ў мудрасьці стварыў, аддзяліў сьвятло ад цемры, сонца ўстанавіў, каб днём кіравала, месяц і зоркі – ноччу. Ты ўдастоіў нас, грэшных, у гэтую гадзіну стаць перад Тваім абліччам з вызнаньнем і прынесьці Табе вячэрняе ўсхваленьне. Ты сам, Чалавекалюбча, учыні, каб гэтая нашая малітва ўзьнялася да Цябе, быццам кадзіла, і прымі яе як прыемную духмянасьць. Дай жа нам, каб гэты вечар і ноч, што неўзабаве настане, былі спакойнымі; апрані нас у зброю сьвятла, выбаў нас ад страху начнога і ад усялякай рэчы, што ў цемры блукае. Зрабі, каб наш сон, які Ты нам даў на ўмацаваньне ў немачах нашых, быў вольным ад усялякага д’ябальскага насланьня. Так, Уладару ўсяго, дабротаў Падаўча, дай каб мы і на ложках нашых са скрухаю ўспаміналі ўначы Імя Тваё, і прасьветленыя разважаньнем пра запаветы Твае з радаснай душой усталі, каб услаўляць Тваю дабрыню, прыносячы дабрасардэчнасьці Тваёй малітвы і просьбы за грахі нашыя і ўсіх людзей Тваіх, якіх, малітвамі сьвятой Багародзіцы, наведай у міласьці. Бо Ты – добры і чалавекалюбны Бог, і мы Табе ўзносім славу, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін. Літанія супакою Пасьля ўступнага псалма сьвятар вяртаецца ў алтар і становіцца перад прастолам, дыякан перад райскімі дзьвярыма ўголас узносіць літанію супакою. Дыякан: У супакоі Госпаду памолімся. Людзі: Госпадзе, зьмілуйся. (Так пасьля наступных прашэньняў). Дыякан: За супакой з вышыняў і збаўленьне душаў нашых Госпаду памолімся. – За супакой на ўсім сьвеце, добры стан сьвятых Божых Цэркваў і зьяднаньне ўсіх Госпаду памолімся. – За гэтую сьвятую царкву і тых, што з вераю, пашанаю і страхам Божым уваходзяць у яе, Госпаду памолімся. – За Сьвятога Айца нашага сусьветнага біскупа … (імя) Папу Рымскага, за высокадастойнага архібіскупа (або: багалюбнага біскупа) нашага … (імя), пачэсных сьвятароў, дыяканаў у Хрысьце, усё духавенства і людзей Госпаду памолімся. – За Богам сьцеражоную краіну нашую, за ўлады і войскі яе Госпаду памолімся. – За наш народ, за стойкасьць у веры, мужнасьць у выпрабаваньнях і вернасьць свайму народу ўсіх нас Госпаду памолімся. – За гэты горад (гэтую вёску), за ўсе гарады і краіны і за верных людзей, што жывуць у іх, Госпаду памолімся. – За добрае надвор’е, багаты ўраджай пладоў зямных і за часы спакойныя Госпаду памолімся. – За падарожнікаў па моры, зямлі і ў паветры, за нядужых, тых, што церпяць, за зьняволеных і збаўленьне іх Госпаду памолімся. – Каб нам выбавіцца ад усякага гневу, смутку і недастатку Госпаду памолімся. – Заступіся, збаў, зьмілуйся і захавай нас, Божа, ласкаю Тваёю. – Успамянуўшы ўсесьвятую, усячыстую, усеблаславёную, слаўную Ўладарку нашую Багародзіцу і Заўсёды Дзеву Марыю з усімі сьвятымі, самі сябе і адзін аднаго, і ўсё жыцьцё нашае Хрысту Богу аддайма. Людзі: Табе, Госпадзе. Сьвятар: Бо Табе належыцца ўсялякая слава, пашана і пакланеньне, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Людзі: Амін. Чытаньне Псалтыра У суботу вечарам, на сьвяты Багародзіцы і сьвятых, а таксама сьвяты Гасподнія (калі яны выпадаюць у нядзелю або панядзелак), сьпяваюцца наступныя выбраныя вершы з псалмаў 1-3: Шчасьлівы муж, * што не ішоў за радай нязбожных. Алілуя, алілуя, алілуя. Бо Госпад ведае шлях праведных, * а шлях нязбожных згіне. Алілуя, алілуя, алілуя. Служыце Госпаду са страхам * і слаўце Яго з трапятаньнем. Алілуя, алілуя, алілуя. Шчасьлівыя ўсе, * што на Яго спадзяюцца. Алілуя, алілуя, алілуя. Устань, Госпадзе, * збаў мяне, Божа мой. Алілуя, алілуя, алілуя. Ад Госпада збаўленьне * і на людзях Тваіх – блаславеньне Тваё. Алілуя, алілуя, алілуя. Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін. Алілуя, алілуя, алілуя. Алілуя, алілуя, алілуя: слава Табе, Божа. (Тройчы). Малая літанія Дыякан: Яшчэ і яшчэ ў супакоі Госпаду памолімся. Людзі: Госпадзе, зьмілуйся. Дыякан: Заступіся, зжалься, збаў і сьцеражы нас, Божа, ласкаю Тваёю. Людзі: Госпадзе, зьмілуйся. Дыякан: Успамянуўшы найсьвятую, усячыстую, найблаславёную, слаўную Ўладарку нашу Багародзіцу і Заўсёды Дзеву Марыю і ўсіх сьвятых, самі сябе, і адзін аднаго, і ўсё жыцьцё наша Хрысту Богу аддайма. Людзі: Табе, Госпадзе. Сьвятар: Бо Твая ёсьць дзяржава і Тваё валадарства, і сіла, і слава, Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Людзі: Амін. “Госпадзе, я клікаў Цябе...” Людзі сьпяваюць першыя два вершы псалму 140 на тон першай песьні і патрэбныя вершы іншых псалмоў, чаргуючы іх з адпаведнай колькасьцю песьняў дня або сьвята; у міжчасе дыякан кадзіць царкву. Псалом 140 Госпадзе, я клікаў Цябе: выслухай мяне. * Выслухай мяне, Госпадзе! * Будзь уважлівы да голасу маленьня майго, калі я клічу Цябе. * Выслухай мяне, Госпадзе! Хай малітва мая ўзыдзе да Цябе, * быццам кадзіла, * і ахвярай вячэрняй будзе ўздыманьне рук маіх. * Выслухай мяне, Госпадзе! Наступныя вершы аж да “Выведзі з вязьніцы” звычайна чытаюцца: Пастаў, Госпадзе, варту вуснам маім * і дзьверы для аховы губ маіх. Ня дай ухіліцца сэрцу майму * да злачынных словаў для апраўданьня ў грахах з людзьмі, якія чыняць беззаконьне, * і каб мне ня быць заадно з выбранымі іх. Праведнік будзе па-добраму навучаць і дакараць мяне, * але алей грэшніка хай не намасьціць галавы маёй; дый малітва мая * хай ня будзе даспадобы ім. Судзьдзі іх былі праглынутыя каля скалы; * яны пачуюць словы мае, бо яны лагодныя. Як глыба зямлі раздрабляецца на зямлі, * так косьці іх параскіданыя па апраметнай. Бо да Цябе, Госпадзе, Госпадзе, зьвернутыя вочы мае; * на Цябе спадзяюся: не адымі душы маёй. Сьцеражы мяне ад сеці, што на мяне паставілі, * ад пасткі тых, што чыняць беззаконьне. Грэшнікі ўпадуць у сець сваю; * я адзін застаюся, пакуль не перайду. Псалом 141 Голасам маім я клікаў Госпада, * голасам маім я Госпаду маліўся. Мальбу маю вылью перад Ім, * пра гора маё Яму раскажу. Калі дух мой зьнемагаў ува мне, * Ты і тады ведаў сьцежкі мае. На той дарозе, па якой я ішоў, * схавалі пастку на мяне. Глядзеў я ўправа і ўглядаўся, * і не было нікога, хто ведаў бы мяне; надзея на ўцёкі пакінула мяне, * і ня стала нікога, хто парупіўся б аб душы маёй. Да Цябе, Госпадзе, я ўсклікнуў і сказаў: * “Ты надзея мая, мой удзел на зямлі жывых! Уваж малітву маю, бо я вельмі падупаў. * Вызвалі мяне ад тых, што перасьледуюць мяне, бо яны дужэйшыя за мяне. Калі ёсьць 10 песьняў, яны сьпяваюцца ў чаргаваньні з вершамі псалмоў, пачынаючы ад наступнага: Выведзі з вязьніцы душу маю, * каб мне дзякаваць імю Твайму. (Тон 1). Сьвяткуем Пяцідзесятніцу і прыйсьце Духа, і спаўненьне абяцаньня, і надзеі зьдзяйсьненьне, і тайну вялікую і пачэсную. Дык усклікнем: "Творча ўсіх Госпадзе, слава Табе!" Праведнікі будуць чакаць мяне, * пакуль аддзячыш мне”. Сьвяткуем Пяцідзесятніцу і прыйсьце Духа, і спаўненьне абяцаньня, і надзеі зьдзяйсьненьне, і тайну вялікую і пачэсную. Дык усклікнем: "Творча ўсіх Госпадзе, слава Табе!" Калі 8 песьняў – тады ад наступнага: Пс 129. З глыбіняў клікаў я Цябе, Госпадзе: * Госпадзе, пачуй голас мой! Рознымі мовамі надзяліў Ты, Хрысьце, сваіх вучняў, каб на іх яны прапаведавалі Цябе – Несьмяротнае Слова і Бога, які дае душам нашым багацьце зьмілаваньня. Хай вушы Твае будуць уважлівыя * да голасу маленьня майго. Усё дае Дух Сьвяты, прароцтвы крынічыць, сьвятароў дасканалымі чыніць, нявучаных навучае мудрасьці, рыбакоў багасловамі робіць, і яднае ўсю царкоўную супольнасьць. Адзінасутны і роўны славаю з Айцом і Сынам Суцяшальніку, слава Табе! Калі 6 песьняў – тады ад наступнага: Калі беззаконьні заўважаць будзеш, Госпадзе, Госпадзе, хто ўстаіць? * Бо ў Цябе ачышчэньне ёсьць. (Тон 2). Мы бачылі праўдзівае сьвятло, прынялі Духа нябеснага, знайшлі веру праўдзівую: пакланяемся неразьдзельнай Тройцы, бо Яна нас збавіла. Дзеля імя Твайго я чакаў Цябе, Госпадзе: * душа мая чакала слова Твайго,душа мая спадзявалася на Госпада. Мы бачылі праўдзівае сьвятло, прынялі Духа нябеснага, знайшлі веру праўдзівую: пакланяемся неразьдзельнай Тройцы, бо Яна нас збавіла. Ад ранішняй старожы да ночы, * ад ранішняй старожы хай спадзяецца Ізраіль на Госпада. Праз прарокаў Ты абвясьціў нам шлях збаўленьня, і праз апосталаў зазьзяла нам, Збавіцелю, ласка Духа Твайго: Ты – Бог першы і апошні, і на вякі Ты – Бог наш. Бо ў Госпада міласэрнасьць і вялікае ў Яго вызваленьне, * і Ён вызваліць Ізраіля ад усіх беззаконьняў яго. У доме Тваім, Збавіцелю сьвету, буду ў песьнях славіць Цябе і, укленчыўшы, пакланюся Тваёй непераможнай сіле; увечары, раніцай і апоўдні, і ў кожны час буду бласлаўляць Цябе, Госпадзе. Пс 116. Хваліце Госпада, усе народы, * слаўце Яго, усе людзі, У доме Тваім, Госпадзе, мы верныя, укленчым душою і целам і ўсхвалім у песьнях Цябе, беспачатнага Айца, і аднолькава беспачатнага Сына, і спрадвечнага ўсесьвятога Духа, які прасьвятляе і асьвячае душы нашыя. бо міласэрнасьць Яго ўмацавалася над намі * і праўда Гасподняя трывае давеку. Тройцу сьвятую ў песьнях уславім, Айца і Сына разам з Духам Сьвятым, бо так прапаведавалі ўсе прарокі і апосталы разам з мучанікамі. Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін. (Тон 8). Прыйдзіце, людзі, паклонімся Богу ў трох асобах – Сыну з Айцом і з Духам Сьвятым. Спрадвечны Айцец родзіць спрадвечнага і раўнапасаднага Сына, і Дух Сьвяты праслаўляецца ў Айцу разам з Сынам: адна сіла, адна сутнасьць, адно Боства. Яму мы пакланяемся, кажучы: Сьвяты Божа, што ўсё творыш праз Сына Духам Сьвятым; Сьвяты Моцны, які даў нам пазнаць Айца, і праз якога Дух Сьвяты на сьвет прыйшоў; Сьвяты Несьмяротны, Духу Суцяшальніку, што ад Айца паходзіш і ў Сыне спачываеш, Тройца Сьвятая, слава Табе.
Уваход Падчас сьпяваньня “Слава... Цяпер...” сьвятар, апрануўшы фэлон, адкрыўшы райскія дзьверы, і дыякан з кадзілам робяць уваход. Стаўшы перад райскімі дзьвярыма: Дыякан (кажа ціха): Госпаду памолімся. Сьвятар (ціха): Вечарам, і раніцай, і апоўдні хвалім, бласлаўляем, дзякуем і молімся Табе, Уладару ўсіх; накіруй малітву нашую, быццам кадзіла перад Табою, і ня дай ухіліцца сэрцам нашым да благіх словаў і думак; але выбаў нас ад усіх, што жадаюць злавіць душы нашыя; бо вочы нашыя, Госпадзе, Госпадзе, зьвернутыя да Цябе і на цябе спадзяемся, дык не пасаром нас, Божа наш. Бо Табе належыцца ўсялякая слава, пашана і пакланеньне, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін. Дыякан: Блаславі, ойча, сьвяты ўваход. Сьвятар (бласлаўляе ўваход): Блаславёны ўваход сьвятых Тваіх на ўсе часы, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Дыякан: Амін. Як толькі скончыцца сьпеў, дыякан, робячы кадзілам знак крыжа, кажа ўголас: Дыякан: Мудрасьць, устаньце! На пачатак сьпеву ў храме запальваецца сьвятло. Людзі: Сьвятло лагоднае сьвятое славы несьмяротнага Айца нябеснага, сьвятога, блаславёнага – Ісусе Хрысьце! Дайшоўшы да захаду сонца і ўбачыўшы вячэрняе сьвятло, пяем Айца, і Сына, і Сьвятога Духа – Бога. Дастойны Ты, каб на ўсякі час чыстымі галасамі пяялі хвалу Тваю, Сыне Божы, што даеш жыцьцё: дзеля гэтага сьвет славіць Цябе. Дыякан: Будзьма ўважлівыя. Сьвятар (бласлаўляе людзей): Мір усім! Людзі: І твайму духу. Дыякан: Мудрасьць. Будзьма ўважлівыя. Пракімен Чытальнік або дыякан чытае пракімен дня; людзі паўтараюць першы верш, як прысьпеў. У суботу вечарам (Пс 92:1,5), тон 6. Госпад пануе, * Ён апрануўся ў красу. Верш 1. Апрануўся Госпад у сілу * і падперазаўся. Верш 2. Ён умацаваў сусьвет, * што не пахісьнецца. Верш 3. Дому Твайму, Госпадзе, належыць сьвятасьць, * на доўгія дні. Пасьля пракімена - чытаньні са Сьвятога Пісаньня (парэміі). Перад кожным чытаньнем дыякан кажа: “Мудрасьць”, - і чытальнік абвяшчае назву чытаньня. Тады дыякан кажа: “Будзьма ўважлівыя”, - пасьля чаго чытальнік пачынае чытаць адпаведны ўрывак са Сьвятога Пісаньня (парэмію). Калі чытаюцца ўрыўкі са Старога Запавету, райскія дзьверы зачыняюцца. Калі чытанні з Новага Запавету, райскія дзьверы зачыняюцца пасьля чытаньняў. Чытаньне кнігі Лікаў Сказаў Госпад Майсею: Пакліч мне семдзесят мужоў спасярод старэйшых Ізраіля, якіх ты ведаеш, што яны – старэйшыя і праваднікі народу; і прывядзі іх да Шатра Сустрэчы, хай яны там стануць разам з табою. Тады Я прыйду і буду гутарыць з табою; і вазьму ад Духа, што ў табе, і дам ім, і яны разам з табою будуць насіць цяжкасьці народу, а ты сам ня будзеш болып насіць іх. Майсей сабраў семдзесят старэйшых народу і паставіў іх вакол шатра. I Госпад у хмары зышоў і гутарыў з ім. Пасьля ўзяў ад Духа, што быў у ім, і даў Яго гэтым сямідзесяці старэйшым. Як толькі спачыў на іх Дух, яны ўвайшлі ў той час у захапленьне і прарочылі. Два мужы засталіся ў стане, адзін з іх называўся Эльдад, а другі Мадад. На іх тасама зышоў Дух, бо яны былі ў ліку пакліканых, толькі не прыйшлі да шатра. I яны таксама пачалі прарочыць у стане. Прыбег юнак і сказаў Майсею: "Эльдад і Мадад увайшлі ў захапленьне прароцкае". Ісус, сын Навін, які з маладых гадоў быў на службе ў Майсея, узяў голас і сказаў: "Майсею, гаспадару мой, забарані ім!" Але Майсей адказаў: "Ці не зайздросны ты за мяне? О, каб усе ў народзе Гасподнім былі прарокамі, каб Госпад даў ім Духа свайго!" (11:16-17; 24-29) Чытаньне кнігі прарока Яэля Так кажа Госпад: "Радуйцеся, сыны Сыёну, цешцеся ў Богу Госпадзе вашым, бо Ён учыніў вам згодна са справядлівасьцю. Дождж асеньні і дождж веснавы Ён выліў на вас шчодра, як і раней. Гумны вашыя напоўняцца збожжам, і прэсы вашыя вінаградным сокам і аліваю. У такі спосаб Я ўзнагароджу вас за гады, калі ўсё паела шаранча, чэрві, жукі і вусені, якіх Я паслаў на вас у вялікім мностве. Тады сапраўды будзеце есьці і насыціцеся, і будзеце хваліць імя Госпада Бога вашага, які ўчыніў вам дзіўныя рэчы, і народ мой ня будзе пасаромлены давеку. У той час пазнаеце, што Я ёсьць сярод Ізраіля, і што Я – Госпад Бог ваш, а іншага няма. Мой народ ня будзе пасаромлены давеку. Пасьля гэтага вылью Духа майго на кожнае цела, і сыны і дочкі вашыя будуць прарочыць, а юнакі вашыя будуць бачыць аб'яўленьні. Нават на нявольнікаў і нявольніцаў вылью Духа майго ў тыя дні. I пакажу знакі на небе і на зямлі, кроў і агонь, і стаўпы дыму. Сонца зьменіцца ў цемру, а месяц – у кроў, калі прыйдзе дзень Гасподні, дзень вялікі і страшны. Кожны аднак, хто пакліча імя Гасподняе, будзе збаўлены". (2:23-3:5) Чытаньне кнігі прарока Езакіеля Так кажа Госпад: "Забяру вас спасярод народаў, зьбяру з усіх краінаў і прывяду зноў у вашу краіну. Акраплю вас чыстай вадою, каб вы ачысьціліся ад усякай нячыстасьці, і ад усіх ідалаў вашых ачышчу вас. I дам вам новае сэрца і новага духа ўдыхну ў нутры вашыя, каменныя сэрцы забяру з целаў вашых, а дам вам сэрцы цялесныя. Духа Майго хачу ўдыхнуць у вас і зрабіць, каб вы жылі паводле Маіх запаветаў, захоўвалі мае прыказаньні і чынілі згодна з імі. Тады будзеце жыць у краіне, якую Я даў айцом вашым, і будзеце маім народам, а Я буду вашым Богам". (36:24-28) Літанія ўзмоцненага маленьня Дыякан, стоячы перад зачыненымі райскімі дзьвярыма, узносіць літанію. Калі сьвятар служыць без дыякана, сьвятар узносіць літанію, стоячы перад прастолам. Райскія дзьверы зачыненыя. Дыякан: Скажам усе разам ад усяе душы і ад усяе думкі нашае скажам. Людзі: Госпадзе, зьмілуйся. Дыякан: Госпадзе ўсемагутны, Божа айцоў нашых, молімся Табе, пачуй нас і зьмілуйся. Людзі: Госпадзе, зьмілуйся. Дыякан: Зьмілуйся над намі, Божа, паводле Тваёй вялікай міласьці, молімся Табе, пачуй нас і зьмілуйся. Людзі: Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся. (Так пасьля наступных прашэньняў). Дыякан: Яшчэ молімся за Сьвятога Айца Вярнуцца назад |