Пошук

Каляндар

 

Спадчына святых Кірыла і Мятода – Евангелле і культура  


Спадчына святых Кірыла і Мятода – Евангелле і культураУ 100-годдзе нараджэння св. Яна Паўла ІІ беларускія грэка-католікі з асаблівай увагай асэнсоўваюць спадчыну святых Кірыла і Мятода, на якую 35 год таму звярнуў увагу Царквы і Еўропы Папа-Славянін.

У грэка-каталіцкіх парафіях Беларусі духовая спадчына Апосталаў Славянаў – святых Роўнаапостальных Кірыла і Мятода з’яўляецца каштоўнай крыніцай натхнення ў розных душпастырскіх праграмах. Асабліва важная тэма – гэта “Евангелле і культура”.

+++
Энцыкліка “SLAVORUM APOSTOLI” (ад 2 чэрвеня 1985 г.)

Разьдзел VI: Евангельле і культура

21. Салунскія браты былі спадкаемцамі ня толькі веры, але і культуры Старажытнай Грэцыі, якую працягвала Візантыя. Вядома таксама, наколькі вялікае значэньне мела гэтая спадчына для ўсёй еўрапейскай культуры і, непасрэдна або ўскосна, таксама для культуры агульначалавечай. У справе евангелізацыі, якую яны зьдзейсьнілі як першапраходцы на землях, заселеных славянскімі народамі, адначасова ўтрымліваецца і мадэль таго, што сёньня мае назву «інкультурацыя» — увасабленьне Евангельля ў мясцовыя культуры, і адначасова далучэньне тых культур у жыцьцё Царквы.

Уключыўшы Евангельле ў родную культуру народаў, якіх яны евангелізавалі, сьвятыя Кірыла і Мятод займелі асаблівыя заслугі ў фармаваньні і разьвіцьці той культуры, а дакладней многіх культур. І сапраўды, культуры ўсіх славянскіх народаў абавязаныя сваім «пачаткам» або разьвіцьцю працы салунскіх братоў. Зрабіўшы арыгінальнае і геніяльнае вынаходніцтва — алфавіт для славянскай мовы — яны сапраўды заклалі падмурак культуры і пісьменства ўсіх славянскіх народаў.

Пазьней пераклад сьвятых Кніг, які зьдзейсьнілі Кірыла і Мятод разам з вучнямі, надаў культурніцкую моц і годнасьць літургічнай стараславянскай мове, якая на многія стагоддзі стала ня толькі царкоўнай мовай, але і афіцыйнай ды літаратурнай і нават мовай зносінаў для адукаваных слаёў у большасьці славянскіх народаў, у прыватнасьці ў славянаў, якія прынялі ўсходні абрад. Яе таксама выкарыстоўвалі ў царкве Сьвятога Крыжа ў Кракаве, дзе пасяліліся славянскія бенядыктыны. Тут зьявіліся першыя друкаваныя літургічныя кнігі на гэтай мове. Да сёньняшняга дня гэтая мова выкарыстоўваецца ў візантыйскай літургіі Ўсходніх Цэркваў славянаў канстанцінопальскага абраду, як каталіцкіх, так і праваслаўных, ва Ўсходняй і Паўднёва-Ўсходняй Еўропе, а таксама і ў розных краінах Заходняй Еўропы; выкарыстоўваюць яе і ў рымскай літургіі католікі Харватыі.

22. У гістарычным разьвіцьці славянаў усходняга абраду гэтая мова адыграла падобную ролю, як лацінская мова на Захадзе. Больш таго, яна пратрымалася даўжэй — часткова аж да XIX стагоддзя - і аказала непасрэдны ўплыў на фармаваньне мясцовых літаратурных моваў, дзякуючы блізкім роднасным сувязям з імі.

Гэтыя заслугі для культуры ўсіх людзей і ўсіх славянскіх народаў робяць дзейнасьць па евангелізацыі, якую праводзілі сьвятыя Кірыла і Мятод, у пэўным сэньсе пастаянна прысутнай у гісторыі і жыцьці гэтых народаў і гэтых краінаў.

16.07.2020

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier