У Полацку два грэка-каталіцкія дыяканы былі пастаўленыя ў святары.
У Полацку, у грэка-каталіцкім храме Вялебнай Параскевы Полацкай, у нядзелю 21 жніўня 2016 г. святары і вернікі Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы прымалі высокага госця – Дастойнага Уладыку Ніла (Лушчака), дапаможнага біскупа Мукачаўскай грэка-каталіцкай епархіі, у якой асабліва жывая традыцыя місіі святых Кірыла і Мятода.



Уладыка ўдзельнічаў у багаслужэнні, у рамках якога вернікі дзякавалі Богу за місійны подзвіг святых Апосталаў Славянаў Кірыла і Мятода і ўзгадвалі "евангелізацыйны" подзвіг Палаччаніна - Францішка Скарыны. На святочную Боскую Літургію прыехалі таксама вернікі з Івацэвічаў, Брэста, Мінска і Віцебска.
Пры ўваходзе ў царкву – разам з настаяцелем прыхода а. Аляксандрам Шаўцовым, шматлікімі дзецьмі парафіянаў і святарамі Закарпацкага іерарха вітаў Апостальскі візітатар Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы архімандрыт Сяргей Гаек.
"На працягу стагоддзяў і Кірыл і Мятод, і Францішак Скарына, і шматлікія беларускія святары добра разумелі, што для духоўнага і культурнага развіцця чалавеку неабходнае Слова Божае на роднай мове" - сказаў на прывітанні Уладыкі Ніла архімандрыт Сяргей і папрасіў Уладыку, каб рукапаклаў у святары двух беларускіх дыяканаў Аляксея Варанко з Віцебска і Віталя Быстрава з Івацэвічаў, якія будуць абвяшчаць Слова Божае сваім братам і сёстрам. "Такім чынам іх заданнем будзе працягваць місію святых Кірыла і Мятода".
У казанні Уладыка Ніл гаварыў аб сутнасці святарства. Звяртаючыся да новасвятароў іерарх пажадаў ім заўжды імкнуцца быць падобнымі да трох постацяў: арханёла Гаўрыіла, што абвяшчае Марыі волю Бога, арханёла Рафаіла, які лякуе раны, арханёла Міхаіла, – ваяра, што абараняе каштоўнасці веры.
Уладыка Ніл прыехаў у Полацк з Браслава, з урачыстасцяў у гонар Іконы Маці Божай Валадаркі Азёраў. “Некалі гэты абраз належаў нам, грэка-каталікам, цяпер жа ён знаходзіцца ў рыма-каталіцкім храме, але покрывам Маці Божай нязмена ахінутыя вернікі Беларусі, прыналежныя да розных канфесіяў”, — падкрэсліў біскуп.
Наступнай святыняй, якую наведае біскуп-пілігрым стане Нацыянальны санктуарый Маці Божай у Будславе.