Духоўны ўспамін Рыгора Барадуліна ў Мінску з нагоды 40-га дня ад смерці У пятніцу 11 красавіка 2014 вечарам, у капліцы душпастырскага цэнтра грэка-каталіцкай парафіі Праведнага Язэпа ў Мінску была адслужаная Літургія і паніхіда за супакой душы Рыгора Барадуліна з нагоды 40-га дня ад смерці.
Літургію ўзначаліў дэкан Цэнтральнага протапрэзбітарату а. Яўген Усошын. (Іншыя святары ў гэтыя перадсвяточныя дні неслі служэнне ў іншых парафіях).
На Літургіі было зачытанае Слова Апостальскага Візітатара для грэка-католікаў Беларусі архімандрыта Сяргея, які у гэты час удзельнічае ў днях духоўнага ўспаміну Рыгора Барадуліна, што праходзяць у некаторых еўрапейскіх гарадах.
“Перад Госпадам хочам у гэты вечар яшчэ раз асэнсаваць духоўную спадчыну Рыгора ды сведчанне ягонага жыцця. Хочам прыняць гэтыю спадчыну як запавет, у якім ён вучыць усіх людзей добрай волі любові да Бога, да Бацькаўшчыны, да беларускай мовы і культуры” – напісаў архімандрыт Сяргей.
Пасля памінальнай Службы грэка-каталіцкі Клуб інтэлігенцыі імя св. Кірылы Тураўскага запрасіў усіх удзельнікаў на вечар духоўнай паэзіі Рыгора Барадуліна.
На пачатку сустрэчы было зачытанае Развітальнае слова Апостальскага Нунцыя ў Беларусі Архібіскупа Клаўдыё Гуджэроцці. Асабліва глыбока прагучалі ягоныя словы:
“Дарагія Беларусы, любіце вашых шматлікіх і выбітных творцаў. Яны вучаць вас глядзець у вышыню, да Бога надзеі, да новага сонца, якое хмары не могуць загасіць, і якое, з’яўляючыся на вашым блакітным небе ў ясныя дні, абуджае ў вас моц нараджацца нанова штодня” – напісаў Апостальскі Нунцый.
Далей малады спявак праспяваў песню на словы Рыгора Барадуліна ў гонар Папы Яна Паўла ІІ-га “Вяльмуе Бог выбраннікаў сваіх”.
У другой частцы вечара, якую ўзначаліў Барыс Пятровіч беларускія пісменнікі і іншыя прысутныя, зачыталі вершы Рыгора Барадуліна. Вечар духоўнай паэзіі закончыўся памінальнай куццёй.
Сяброўская сустрэча дала ўсім прысутным чарговую нагоду асэнсаваць каштоўнасць і актуальнасць спадчыны народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна, які заўсёды нёс людзям надзею.