Пошук

Каляндар

 

Прамова Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроцці на калядным вечары, прысвечаным 1150-годдзю стварэння славянскай пісьменнасці  


Прамова Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроцці на калядным вечары, прысвечаным 1150-годдзю стварэння славянскай пісьменнасці11 студзеня Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці і Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч прынялі ўдзел у калядным вечары, прысвечаным 1150-годдзю стварэння славянскай пісьменнасці. Вечар адбыўся ў Хрысціянскім адукацыйным цэнтры імя святых Мяфодзія і Кірыла.

У межах вечара былі ўручаны калядныя прэміі і ўзнагароды Хрысціянскага адукацыйнага цэнтра. На мерапрыемстве прысутнічаў таксама Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леанід Гуляка. Беларускую Праваслаўную Царкву прадставіў Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі.


11 студзеня 2013 г.,
Мінск, Хрысціянскі адукацыйны цэнтр імя святых Мяфодзія і Кірыла


Ваша Высокапрэасвяшчэнства, Уладыка Мітрапаліт Філарэт,
Вашы Прэасвяшчэнствы,
Шаноўнае спадарства,


Прамова Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроцці на калядным вечары, прысвечаным 1150-годдзю стварэння славянскай пісьменнасціПрамова Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроцці на калядным вечары, прысвечаным 1150-годдзю стварэння славянскай пісьменнасціперадусім дазвольце падзякаваць за запрашэнне, скіраванае да мяне, як да прадстаўніка Папы Бэнэдыкта ХVI, прыняць удзел у вечары, які адбываецца ў гэтым прэстыжным Інстытуце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Слова стала плоццю і паставіла свой намёт між намі. Гэта даслоўны пераклад з грэчаскай мовы слоў святога Евангеліста Яна. Такім чынам, мы з’яўляемся намётавым лагерам, і жыццё чалавека — гэта вандроўка ў кірунку вечнасці.

Калі Бог паставіў свой намёт між нашымі намётамі, то грамадства, людская супольнасць не з’яўляецца аўтаномнай з’явай, замкнёнай у сабе, якая абмяжоўваецца толькі сваімі ўнутранымі законамі.

Намёт Бога і намёты людзей належаць да аднаго і таго ж лагера, і любоў Бога з’яўляецца неад’емным кампанентам любові чалавека; тое самае датычыцца пакутаў, радасці, жыцця і смерці. Намёт Бога і намёты людзей непадзельныя. Гэтая ўпэўненасць з’яўляецца крыніцай нашай моцы.

Адзін сярод людскіх намётаў мае асаблівае значэнне — той, у якім жыве культура. У гэтым намёце людзі разважаюць над тым, што не з’яўляецца відавочным. Тут людзі вучацца разважаць, думаць, свабодна выбіраць. Адметным жыхаром такога намёту з’яўляецца ўніверсітэт — месца, дзе разважаюць не над фрагментамі рэчаіснасці, а над «universitas», над глабальным, над Сусветам, над космасам, над вечнасцю. І ўсе чалавечыя інстытуцыі асветлены гэтай глабальнай візіяй, якая і з’яўляецца ўніверсітэцкай, пры ўмове, што ўніверсітэт ёсць тым, чым павінен быць.

Наш Хрысціянскі адукацыйны цэнтр імя святых Кірыла і Мяфодзія знаходзіцца ў менавіта такім універсітэцкім намёце. Гэты намёт прысвечаны Апосталам славянаў. Благаслаўлёны Ян Павел ІІ, які называў сябе першым славянскім Папам, прысвяціў ім Энцыкліку. Святыя Мяфодзій і Кірыл зразумелі таямніцу Уцелаўлення: Бог стаў адным з нас. Яны дазволілі Богу гаварыць на іх мове, ствараючы алфавіт для славянаў. Таму святым Мяфодзію і Кірылу належыць асаблівы намёт у культуры, як асаблівай з’яўляецца і роля гэтага інстытута — а менавіта нагадваць універсітэцкай супольнасці пра тое, што Бог паставіў свой намёт між нашымі намётамі і што няма сапраўднай надзеі, калі ігнаруюць гэты Божы намёт.

Дзякую гэтаму інстытуту, яго студэнтам і выкладчыкам, якія пажадалі прысвяціць жыццё таму, каб пазнаваць намёт Бога між людзьмі. Тут мы, праваслаўныя і католікі, збіраемся працягваць супрацоўнічаць у братняй любові, каб паказаць, што «любоў» — гэта імя, якім Бог хацеў назваць свой намёт.

Хрыстос нарадзіўся!


Паводле http://www.catholic.by/

12.01.2013

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier