Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > Прамова Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроцці на калядным вечары, прысвечаным 1150-годдзю стварэння славянскай пісьменнасці
Прамова Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроцці на калядным вечары, прысвечаным 1150-годдзю стварэння славянскай пісьменнасці12.01.2013. |
|
У межах вечара былі ўручаны калядныя прэміі і ўзнагароды Хрысціянскага адукацыйнага цэнтра. На мерапрыемстве прысутнічаў таксама Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леанід Гуляка. Беларускую Праваслаўную Царкву прадставіў Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі. 11 студзеня 2013 г., Мінск, Хрысціянскі адукацыйны цэнтр імя святых Мяфодзія і Кірыла Ваша Высокапрэасвяшчэнства, Уладыка Мітрапаліт Філарэт, Вашы Прэасвяшчэнствы, Шаноўнае спадарства, Слова стала плоццю і паставіла свой намёт між намі. Гэта даслоўны пераклад з грэчаскай мовы слоў святога Евангеліста Яна. Такім чынам, мы з’яўляемся намётавым лагерам, і жыццё чалавека — гэта вандроўка ў кірунку вечнасці. Калі Бог паставіў свой намёт між нашымі намётамі, то грамадства, людская супольнасць не з’яўляецца аўтаномнай з’явай, замкнёнай у сабе, якая абмяжоўваецца толькі сваімі ўнутранымі законамі. Намёт Бога і намёты людзей належаць да аднаго і таго ж лагера, і любоў Бога з’яўляецца неад’емным кампанентам любові чалавека; тое самае датычыцца пакутаў, радасці, жыцця і смерці. Намёт Бога і намёты людзей непадзельныя. Гэтая ўпэўненасць з’яўляецца крыніцай нашай моцы. Адзін сярод людскіх намётаў мае асаблівае значэнне — той, у якім жыве культура. У гэтым намёце людзі разважаюць над тым, што не з’яўляецца відавочным. Тут людзі вучацца разважаць, думаць, свабодна выбіраць. Адметным жыхаром такога намёту з’яўляецца ўніверсітэт — месца, дзе разважаюць не над фрагментамі рэчаіснасці, а над «universitas», над глабальным, над Сусветам, над космасам, над вечнасцю. І ўсе чалавечыя інстытуцыі асветлены гэтай глабальнай візіяй, якая і з’яўляецца ўніверсітэцкай, пры ўмове, што ўніверсітэт ёсць тым, чым павінен быць. Наш Хрысціянскі адукацыйны цэнтр імя святых Кірыла і Мяфодзія знаходзіцца ў менавіта такім універсітэцкім намёце. Гэты намёт прысвечаны Апосталам славянаў. Благаслаўлёны Ян Павел ІІ, які называў сябе першым славянскім Папам, прысвяціў ім Энцыкліку. Святыя Мяфодзій і Кірыл зразумелі таямніцу Уцелаўлення: Бог стаў адным з нас. Яны дазволілі Богу гаварыць на іх мове, ствараючы алфавіт для славянаў. Таму святым Мяфодзію і Кірылу належыць асаблівы намёт у культуры, як асаблівай з’яўляецца і роля гэтага інстытута — а менавіта нагадваць універсітэцкай супольнасці пра тое, што Бог паставіў свой намёт між нашымі намётамі і што няма сапраўднай надзеі, калі ігнаруюць гэты Божы намёт. Дзякую гэтаму інстытуту, яго студэнтам і выкладчыкам, якія пажадалі прысвяціць жыццё таму, каб пазнаваць намёт Бога між людзьмі. Тут мы, праваслаўныя і католікі, збіраемся працягваць супрацоўнічаць у братняй любові, каб паказаць, што «любоў» — гэта імя, якім Бог хацеў назваць свой намёт. Хрыстос нарадзіўся! Паводле http://www.catholic.by/ Вярнуцца назад |