
Грэка-каталіцкая парафія святамучаніка Язафата ў Полацку ў днях з 16 па 22 ліпеня гасціла летнік для людзей з абмежаваннямі псіха-фізічнага развіцця і валанцёраў. Арганізаваны ён быў Хрысціянскім валанцёрскім рухам св. Мікалая.
Назва летніка была незвычайнай і нават інтрыгуючай: “Касмічны злёт недаследаваных вандруючых планет 2” 012’ ”. А галоўнай мэтай летніка было навучыцца бачыць і пазнаваць іншага чалавека такім, якім ён ёсць, яго ўнутраны свет, думкі і прагненні.




Кожны з удзельнікаў быў іншапланецянінам, адзіным прадстаўніком сваёй нікім недаследаванай планеты. Яго заданнем было раскрыцца і данесці іншым удзельнікам усю прыгажосць і непаўторнасць свайго свету, у той час як іншыя, мелі магчымасць пазнаваць веліч і загадкавасць Сусвету, створанага Богам. Былі на летніку і прадстаўнікі з планет з малой гравітацыяй. Яны былі непрыстасаваныя да зямной гравітацыі, таму, каб ім самастойна перамяшчацца, былі патрэбны спецыяльныя прыстасаванні – касмічныя каляскі, але гэта рабіла іх яшчэ больш цікавымі і загадкавымі.
Праграма летніка была спакойнай і насіла больш адпачынкавы характар. Гэта быў час, калі ўдзельнікі маглі выйсці за межы сваіх штодзённых клопатаў і памкненняў, спыніцца і проста пражыць дзень; калі было дастаткова вольнага часу, каб каля сябе пабачыць яшчэ і іншага чалавека, яго цікавы і непаўторны ўнутраны свет, яго клопаты і памкненні.
Арганізатары летніка выказваюць асаблівую удзячнасць а. Яну Майсейчыку з грэка-каталіцкай парафіі Уваскрасення Хрыстова (г. Антвэрпан) і Вікторыі Ясіновіч, якая прадстаўляла на летніку грэка-католікаў Бельгіі за духоўную салідарнасць і падтрымку. Таксама арганізатары летніку шчыра дзякуюць сястры Валянціне Арсобе – сталай сяброцы летніка за транспартную дапамогу.
Асаблівая падзяка а. Аляксандру Шаўцову – пробашчу грэка-каталіцкай парафіі ў Полацку, і ўсім парафіянам за гасціннасць, а таксама беларусім грэка-каталіцкім семінарыстам за іх арганізацыйную дапамогу.
а. Аляксандр Шыбека