Завяршылася XVIII грэка-каталіцкая пілігрымка Віцебск – Полацк.У нядзелю, 15 ліпеня 2012 г. у Полацку, Боскай Літургіяй, што была адслужаная на падворку грэка-каталіцкага храма св. Параскевы Полацкай, завяршылася XVIII-я пілігрымка Віцебск-Полацк.
Саборную Боскую Літургію ўзначаліў Апостальскі Візітатар БГКЦ Архімандрыт Сяргей (Гаек). Ён перадаў усім удзельнікам свята пастырскае Блаславенне Апостальскага Нунцыя ў Беларусі Архібіскупа Клаўдыё (Гуджэроцці).
Гэта быў дзень асаблівай малітвы грэка-католікаў за горад Полацк, які ў гэтым годзе святкуе свой юбілей 1150-годдзя, і за ўсю Беларусь.
Акрамя пілігрымаў, якія мужна прайшлі шлях Віцебск – Шуміліна – Гараны – Обаль – Струнне – Полацк, у Літургіі ўдзельнічалі вернікі, якія на супольную малітву прыехалі з розных грэка-каталіцкіх парафіяў Беларусі, а таксама шматлікія госці.
Тэма духовых разважанняў гэтага дня гучала: “Сведчыць пра Ісуса Хрыста”.
“Як вядома, усе хрысціяне пакліканыя сведчыць пра Ісуса Хрыста. Зразумела, што сведчыць пра Ісуса Хрыста пакліканыя ўсе хрысціяне Беларусі. Больш таго, мы - хрысціяне Беларусі, пакліканыя сведчыць пра Ісуса Хрыста супольна.
Таму вельмі каштоўным з’яўляецца вопыт таго, што ў дні пілігрымкі, а тасама і сёння, у дзень яе завяршэння, мы можам сустракацца разам, у братэрскай любові, хрысціяне розных канфесіяў: грэка-католікі і рыма-католікі, праваслаўныя і стараабрадцы, а таксама вернікі пратэстанцкіх супольнасцяў, і можам маліцца за горад Полацк і за ўсю Беларусь.
У гэтыя дні мы маліліся і надалей хочам маліцца аб умацаванні нашай любові да Бога і да нашай супольнай Бацькаўшчыны, да яе хрысціянскай, шматканфесійнай традыцыі і культуры, а асабліва да роднай беларускай мовы.
Мы ўпэўненыя, што ў гэтай малітве суправаджаюць нас усе святыя мучанікі, пакутнікі і сведкі Беларускай Зямлі”
,
– адзначыў у казанні Архімандрыт Сяргей.Святкаванне закончылася братэрскай трапезай (агапай) для ўсіх удзельнікаў, якую падрыхтавала Полацкая грэка-каталіцкая парафія.