Біскуп Уладзіслаў Блін блаславіў пілігрымаў 


У аўторак, 10 ліпеня ўвечары, напярэдадні XVIII грэка-каталіцкай пілігрымкі, Біскуп Віцебскі Уладзіслаў Блін сустрэўся з групай арганізатараў і лідэраў пілігрымкі. Ім ды ўсім пілігрымам ён перадаў сваё блаславенне разам са словамі любові і подзіву адносна розных душпастырскіх ініцыятываў грэка-католікаў.
Малітоўная сустрэча прайшла каля помніка Блаславёнага Папы Яна Паўла ІІ, што пры віцебскай рыма-каталіцкай катэдры.
“Дэвіз сённяшняга вечара, які вы ўзялі з навучання Святога Айца Бенядыкта XVI-га: «Евангелізаваць – азначае паказаць Дарогу», вельмі актуальны. Але вядома, што паказаць Дарогу, якой ёсць Хрыстос, можна плённа тады, калі мы гэтую дарогу праходзім разам, у Супольнасці Царквы”, - сказаў Уладыка Уладзіслаў.
Вячэрняя малітва напярэдадні пілігрымкі працягвалася на Успенскай Горцы – месцы мучаніцтва святамучаніка Язафата.