Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > Радаўніца ў Бабровічах: успамін уніятаў - ахвяраў вайны
Радаўніца ў Бабровічах: успамін уніятаў - ахвяраў вайны24.04.2012. |
|
А ў верасьні 1942 году трагічны лёс напаткаў Бабровічы, а таксама тры іншыя вёскі, якія належалі да Бабровіцкай уніяцкай парафіі – Вяда, Тупічыцы і Красьніца. Яны былі спаленыя фашысцкімі карнікамі разам з жыхарамі. Па вайне з чатырох гэтых вёсак адрадзілася толькі вёска Бабровічы, частка жыхароў якой цудам уратавалася і выжыла пасьля гэтай страшнай трагедыі. Іх успаміны трапілі ў дакументальную аповесьць “Я з вогненнай вёскі” Алеся Адамовіча, Янкі Брыля і Ўладзіміра Калесьніка. Падчас сёлетняй пілігрымкі ў гэтыя мясьціны айцец Андрэй Крот, які сам мае бабровіцкія карані, адслужыў пасхальную паніхіду на каталіцкіх могілках у Целяханах ля магілы айца Баляслава Пачопкі, на якой устаноўлены драўляны помнік-каплічка з выявай уваскрослага Хрыста. Па дарозе да Бабровічаў пілігрымы памаліліся на месцы спаленай вёскі Красніца, каля памятнага знака. Жыцьцясьцьвярджальны велікодны сьпеў “Хрыстос уваскрос з мёртвых, сьмерцю сьмерць зваяваў, і тым, што ў магілах, жыцьцё дараваў” гучаў таксама і падчас памінальнай службы, што адбылася затым на старых уніяцкіх могілках у Бабровічах. Там, на месцы, дзе пасьля вайны мясцовыя жыхары пахавалі парэшткі сваіх загінулых аднавяскоўцаў, у 2000 годзе вернікі івацэвіцкай грэка-каталіцкай парафіі ўсталявалі памятны крыж. З месцаў, дзе былі спаленыя і дзе потым былі перапахаваныя бабровіцкія ўніяты, пілігрымы ўзялі з сабою зямлю, якая будзе цяпер захоўвацца вернікамі івацэвіцкай грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Жыровіцкай як рэліквія і напамін аб мучаніцтве нашых продкаў. Вярнуцца назад |