Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > У Гродне адслужылі паніхіду за супакой Янкі Купалы і Элаізы Пашкевіч
У Гродне адслужылі паніхіду за супакой Янкі Купалы і Элаізы Пашкевіч22.04.2012. |
|
Набажэнства стала духовым завяршэннем Купалаўскіх чытанняў, якія адбыліся 20-21 красавіка, і былі прымеркаваныя да 130-х угодкаў нараджэння паэта. Паніхіду маліліся ўдзельнікі канферэнцыі разам з вернікамі грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Фацімскай. У кароткім казанні а. Андрэй Крот адзначыў, што, молячыся за выдатных дзяцей нашага народу, мы памятаем таксама пра іх сувязь з Грэка-Каталіцкай Царквой. Янка Купала падчас свайго знаходжання ў Мінску ў 1918 годзе слухаў беларускія казанні айца Фабіяна Абрантовіча – будучага Апостальскага Адміністратара для католікаў усходняга абраду ў Манджурыі. Сувязі Элаізы Пашкевіч з Грэка-Каталіцкай Царквой былі яшчэ больш цесныя – яе зборнікі “Хрэст на свабоду” і “Скрыпка беларуская” былі надрукаваныя ў базыльянскай друкарні ў Жоўкве на Заходняй Украіне. Ёсць таксама звесткі, што паэтэсса рыхтавала да выдання ў той самай друкарні малітоўнік для беларусаў. Айцец Андрэй заўважыў таксама, што, як і кожны чалавек, гэтыя выдатныя дзеці беларускага народу не былі пазбаўленыя слабасцяў, таму ў гэты вялікодны час у малітве асабліва давяраем іх Міласэрнаму Хрысту. Вечная памяць - Хрыстос уваскрос! Вярнуцца назад |