Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > На шляху да праслаўлення Біскупа Баляслава Слосканса
На шляху да праслаўлення Біскупа Баляслава Слосканса21.04.2012. |
|
У аўторак 17 красавіка 2012 г., у мінскай грэка-каталіцкай парафіі Святога Духа, прайшоў малітоўны ўспамін Слугі Божага ўладыкі Баляслава Слосканса. На Боскай Літургіі, якую ў саслужэнні душпастыроў мінскіх грэка-каталіцкіх парафіяў ды а. Андрэя Буйніча з Ліды, узначаліў Апостальскі Візітатар БГКЦ Архімандрыт Сяргей (Гаек), удзельнікі маліліся аб праслаўленні (беатыфікацыі) Біскупа Баляслава. Казанне пра гераічнае святарскае і біскупскае служэнне Ўладыкі Баляслава, а асабліва пра ягоную пастырскую апеку над беларусамі, сказаў мінскі протапрэзбітар Яўген Усошын. Паколькі гэта быў дзень Радаўніцы (паводле грыгарыянскага календара), у малітве ўзгадана было таксама і ўсіх памерлых вернікаў розных нацыянальнасцяў, якім служыў Біскуп Баляслаў. Малітвы аб праслаўленні Слугі Божага Біскупа Баляслава пройдуць у беларускіх грэка-каталіцкіх парафіях у Беларусі ды ў Замежжы ў нядзелю 22 красавіка 2012 г. Асаблівы малітоўны ўспамін адбудзецца ў асяроддзі беларускіх грэка-каталікоў у Бельгіі – у Брусэлі ды Анверпане. * * * Слуга Божы Ўладыка Баляслаў (Баляслаў Бернардавіч Слосканс; латыш. Boļeslavs Sloskāns) быў латышом, але ягоны лёс быў цесна звязаны з Беларуссю ды з беларусамі. Ён нарадзіўся 19 жніўня 1893 году ў вёсцы Стырніене ля гараду Лудза (латыш. Ludza) ў Латгаліі (тады ў Віцебскай губерні). У 1909 годзе скончыў вучылішча ў Рэзекне, потым вучыўся ў Пецярбурскай Семінарыі і Духоўнай Акадэміі, дзе ягоным сакурснікам быў а. Антон Неманцэвіч), аж да яе закрыцця ў 1918 годзе. Быў рукапакладзены на святара 21 студзеня 1917 г. і нёс служэнне вікарнага святара ў рыма-каталіцкім храме св. Кацярыны ў Пецярбурзе ды настаяцеля ў Шлісельбурзе, а таксама служыў набажэнствы ў Петразаводску і Кранштаце. З сакавіка 1923 году служыў у храме св. Баніфацыя і быў настаяцелем храма св. Станіслава. З 9 чэрвеня па 3 верасня 1924 году служыў вікарыем у храме святых Пятра і Паўла ў Маскве. У 1925 годзе нёс служэнне ў касцёле св. Барбары ў Віцебску, з канца 1925 году зноў апынуўся ў Ленінградзе, у храме св. Кацярыны. 13 жніўня 1926 году быў тайна рукапакладзены ў сан біскупа і прызначаны Апостальскім Адміністратарам Магілёўскай епархіі. Да 1941 году з’яўляўся рэктарам Рыжскай духоўнай семінарыі. У 1941 годзе быў арыштаваны ў Рызе нямецкімі акупантамі і адпраўлены ў канцлагер у Нямеччыну, але быў вызвалены пасля ўмяшальніцтва нямецкіх біскупаў. Пасля вызвалення жыў у Айхштэце ў Баварыі. З 1946 жыў у Бельгіі, з 1951 году знаходзіўся ў бенедыктынскім манастыры каля Лювэна. 9 снежня 1952 году быў прызначаны Апостальскім Візітатарам для беларускіх грэка-каталікоў у Заходняй Еўропе, а з 14 лютага 1953 году з’яўляўся Апостальскім Візітатарам таксама і для каталікоў лацінскага абраду. З 1955 г. апекаваўся таксама супольнасцямі латышскіх, эстонскіх ды рускіх каталікоў у эміграцыі. Мала кто ведае, што Біскуп Баляслаў падтрымліваў духова беларускага кампазітара Міколу Равенскага, які жыў на той час у Бельгіі. Ён фінансава патрымліваў таксама беларускія эміграцыйныя выданьні - “Зніч” (Рым), “Божым шляхам” (Парыж, Лондан) і інш. Уладыка Баляслаў Слосканс удзельнічаў у З’ездзе беларускага каталіцкага духавенства ў Рыме ў 1960 годзе, пасля якога ў хуткім часе Яго Святасць Папа Павел VI прызначыў біскупам а. Чэслава Сіповіча ды перадаў яму служэнне Апостальскага Візітатара для беларусаў. З 1979 г. Біскуп Баляслаў жыў у манастыры ў мястэчку Корбеек-Ло (нідэрл. Korbeek-Lo) у Бельгіі. Памер 18 красавіка 1981 году ў Брусэлі. У 1993 г. цела Баляслава Слосканса было перанесена ў Аглонскую базіліку ў Латгаліі. У красавіку 2000 году паводле ініцыятывы латвійскага епіскапата быў распачаты працэс ягонай беатыфікацыі. 8 лістапада 2004 году ўсе сябры рады, якая займалася разглядам ягонай справы, прагаласавалі за вызнанне жыцця і дзейнасці Біскупа Баляслава дабрадзейнымі. Вярнуцца назад |