Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > 60 гадоў ад пакутніцкай смерці Архімандрыта Андрэя Цікоты

60 гадоў ад пакутніцкай смерці Архімандрыта Андрэя Цікоты


8.02.2012.
60 гадоў ад пакутніцкай смерці Архімандрыта Андрэя ЦікотыУ бліжэйшую суботу, 11 лютага 2012 г., спаўняецца 60 гадоў ад моманту пакутніцкай смерці "ex aerumnis carceris" (ад знясілення) у лагеры пад Тайшэтам (Усходні Сібір) а. Андрэя Цікоты з Ордэну айцоў марыянаў, выдатнага царкоўнага і грамадзкага дзеяча першай паловы мінулага стагоддзя.

З гэтай нагоды ў бліжэйшыя дні ў шэрагу краінаў Еўропы пройдуць дні памяці і рэфлексіі над шматбаковым душпастырскім служэннем і сведчаннем жыцця беларускага Архімандрыта-пакутніка Андрэя Цікоты.

У Мінску Памятная Служба з нагоды 60-годдзя пакутніцкай смерці Архімандрыта Андрэя будзе служыцца ў капліцы душпастырскага грэка-каталіцкага цэнтра па зав. Снежным д.7. Боская Літургія ў 10:00 гадзін.

Тут прадстаўляем адзін з апошніх фотаздымкаў Архімандрыта Андрэя Цікоты, атрыманы ад рускага грэка-каталіцкага даследчыка з г. Чыта (Расея) Сяргея Кудраўцава.

Айцец Архімандрыт Андрей Цікота (1891-1952)
Каталіцкі святар лацінскага ды ўсходняга абраду, манах-марыянін, архімандрыт, апостальскі адміністратар Каталіцкай місіі (экзархата) ўсходняга абраду ў Маньчжурыі і Кітаі, Генеральны суперыёр Ордэна айцоў марыянаў, рэлігійны і культурна-грамадскі дзеяч, адзін з творцаў беларускага хрысціянскага руху 20 ст., душпастыр і педагог.

***

Нарадзіўся Архімандрыт Андрей 5.12.1891 у мясцовасці Тупальшчына Дуброўскай воласці Свянцянскага павета Віленскай губ. у сялянскай сям'і Фелікса і Разаліі Цікота. 15 снежня таго ж году быў хрышчаны ў рыма-каталіцкім храме мястэчка Жодзішкі.

З верасня 1909 г. – семінарыст Віленскай рыма-каталіцкай семінарыі. У час вучобы належаў да беларускага культурна-асветнага гуртка. У ліку лепшых студэнтаў пасланы вучыцца на казённы кошт у Пецярбург, дзе ў 1912 г. быў прыняты ў Мітрапалітальную рыма-каталіцкую духоўную акадэмію. Актыўна ўдзельнічаў у працы беларускага гуртка студэнтаў-акадэмікаў. Рукапакладзены ў святары 13.06.1914 г.

Удзельнік 1-га з'езда беларускіх каталіцкіх святароў у Мiнску (24-25.05.1917). Сябра саюза ксяндзоў-беларусаў. Душпастырскае служэнне распачаў на рыма-каталіцкай парафіі ў Маладзечне (1917-1918).
У 1918 г. абраны сябрам Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.
У верасні 1919 г. увайшоў у склад Часовага Беларускага нацыянальнага камітэта ў Мiнску.
З адкрыццём беларускай каталіцкай семінарыі ў Мінску запрошаны на пасаду прафесара-выкладчыка.

У 1920 г. уступіў у навіцыят айцоў марыянаў ды 24.09.1921 г. склаў манаскія шлюбы.
Выязджаў у ЗША, дзе займаўся місіянерскай дзейнасцю. Пад час візітацыі марыянскіх кляштараў у Паўночнай Амерыцы наведаў кляштар айцоў салатынаў, дзе сустракаўся з беларускім святаром Янам Тарасевічам.

Пасля 1923 г. жыў у Друйскім кляштары айцоў марыянаў. Арганізаваў гімназію. Разгарнуў шырокую культурную і асветную працу па беларусізацыі нацыянальна-рэлігійнага жыцця сярод католікаў-беларусаў Друйскай парафіі і наваколля. Выступаў за шырокае ўвядзенне беларускай мовы ў душпастырскую дзейнасць каталіцкіх святароў у Заходняй Беларусі.

Прадстаўнік беларускай дэлегацыі на 5-м Унійным кангрэсе ў Велеградзе (Чэхаславакія, 20-24.07.1927).

У 1933-1939 гг. быў Генеральным суперыёрам Ордэна айцоў марыянаў у Рыме.

У 1939 г. накіраваны Апостальскім пасадам у якасці Апостальскага адміністратара (у сане архімандрыта) Каталіцкай місіі ўсходняга абраду ў Харбін (Маньчжурыя).
Арыштаваны з групаю беларускіх святароў 22.12.1948 г. кітайскімі камуністычнымі ўладамі ды перададзены органам савецкай бяспекі (НКВД). Быў беспадстаўна абвінавачаны ў шпіянажы на карысць Ватыкана і Японіі. Асуджаны на 25 гадоў канцэнтрацыйных лагераў.

Памёр 11.02.1952 г. у адным з савецкіх лагераў пад Тайшэтам (Усходняя Сібір) і быў пахаваны на агульных бальнічных могілках.

1 лістапада 2003 г. Апостальскі Візітатар для грэка-каталікоў Беларусі Архімандрыт Сяргей (Гаек) асвяціў памятны крыж, спецыяльна ўсталяваны Гарадзенскай грэка-каталіцкай парафіяй на могілках у мястэчку Жодзішкі, дзе пахаваныя сваякі Архімандрыта Андрэя Цікоты.
Юрась Гарбінскі

Літ.: LMABRS, ф. 318, каталог «Ц»; LVIA, ф. 694, воп. 1, спр. 2521; РГИА, ф. 826, воп. 1, спр. 2221; Directorium... Vilnensi; Directorium... Mohiloviensi; Catalogus... Vilnensis; Усходняя Беларусь; Chryścijanskaja Dumka (Вільня). 1934. № 4; Stankiewicz A., 1929; Stankievič A., 1939; Божым шляхам (Лондан). 1955. № 68-69, 82, 83; Źnič (Рым). 1972. № 113; Архівы БНР; В. Пялінак: http://www.catholicmartyrs.org/public/cicotoarticle.html

Вярнуцца назад