
З 28 снежня б. г. па 1 студзеня 2012 г. на тэрыторыі 160 берлінскіх парафій (розных хрысціянскіх канфесій) праходзяць сумесныя малітвы, семінары, разважанні на разнастайныя сацыяльныя і духоўныя тэмы, у якіх прымае ўдзел моладзь з розных краін Еўропы, у тым ліку з Беларусі, Украіны, Расіі і іншых краінаў СНД.
Міжнародная сустрэча моладзі пад эгідай Супольнасці Тэзэ ўпершыню праходзіць у аб’яднаным Берліне. У 1986 г. падобная сустрэча была арганізавана ва Ўсходнім Берліне. Улады ГДР дазволілі яе правесці пры ўмове, што “ніхто не прыдзе з Захаду”. Тады ў Сустрэчы прынялі ўдзел 6 тысяч чалавек.
У цэнтры мерапрыемства – 3 штодзённыя малітвы, якія адбываюцца ранкам, удзень і ўвечары на тэрыторыі парафій, якія прымаюць удзельнікаў.


15 тэмаў семінараў, якія прапануюцца на выбар, тым ці іншым чынам звязаныя з ідэяй “новай салідарнасці”, пра што заклікае паразважаць таксама прыёр Тэзэ брат Алойс у сваім традыцыйным лісце да ўдзельнікаў Сустрэчы.
У рамках семінараў арганізатары прапануюць задумацца над якасцю веры ў сучасным грамадстве, над будучым Еўропы, валанцёрскай працай, “новай салідарнасцю” ў эканоміцы, жыцці ў веры як закліку да творчасці і разуму і г. д.
У Сустрэчы ўдзельнічае міжпарафіяльная, экуменічная група беларускай моладзі , арганізаваная пры падтрымцы нашай Парафіі Прав. Язэпа, якая адправілася з Мінска 27 снежня раніцай.
Душпастырам групы з'яўляецца ераманах-рэдэмптарыст а. Антон Нікалаеў.