
16-18 кастрычніка 2011 г. усе грэка-каталіцкія парафіі і супольнасці ў Беларусі адзначаюць 415-ыя ўгодкі Берасцейскай царкоўнай Уніі, якая была абвешчана на царкоўным саборы ў Берасці 6-8 кастрычніка 1596 г. (гэта значыць 16-18 1кастрычніка 1596 г. паводле грыгарыянскага каляндара).
На Боскай Літургіі ў нядзелю, 16 кастрычніка 2011 г., вернікі будуць дзякаваць Богу за 415 гадоў адноўленай царкоўнай Cулучнасці з Рымскім Апостальскім Пасадам ды ўсёй Паўсюднай Царквой.
Гэта будзе дзень малітвы за Святога Айца Бенядыкта XVI-га ды за ягонага Прадстаўніка ў Беларусі Апостальскага Нунцыя Архібіскупа Клаўдыё Гуджэроцці.
*****
У скліканым 6-10 кастрычніка 1596 году царкоўным правінцыйным саборы ў Берасці Літоўскім узялі ўдзел як ініцыятары Уніі, так і яе праціўнікі. Сярод прыхільнікаў быў мітрапаліт Міхал Рагоза, біскуп Уладзімірскі Іпацій Пацей, біскуп Луцкі Экзарх Кірыл Тарлецкі, архібіскуп Полацкі Гермаген, біскуп Пінскі Ёна Гогаль, біскуп Холмскі Дыянізій Збіруйскі.
Лацінскія біскупы ўдзельнічалі ў гэтым саборы як папскія дэлегаты. Гэта былі архібіскуп Львоўскі Ян Салікоўскі, біскуп Луцкі Бернард Мацеёўскі і біскуп Холмскі Станіслаў Гамалінскі, якім дапамагалі езуіты-тэолагі Пётр Скарга, Юстын Раб, Марцін Латэрна і Каспер Нагал. У выніку падтрымкі Папы Клемента VIII, пасля доўгіх дыскусіяў, дайшло да абвяшчэння і ратыфікацыі Уніі.