Пошук

Каляндар

 
чацьвер
КАСТРЫЧНІКА
Сёньняшняе чытаньне:

Святы Кірыла Тураўскі – жыццё і галоўныя матывы творчасці


Магістр Андрэй Крот


Кірыла Тураўскі займае выключнае месца ў беларускай гісторыі. Манах-аскет, ахвярны пастыр, таленавіты пісменнік і прапаведнік, “другі Залатавусны”, як называлі Кірылу за красамоўства, стаўся адным з найбольш вядомых усходне-славянскіх духоўных дзеячаў ХІІ стагоддзя. Паводле а. Аляксандра Надсана, Кірыла Тураўскі быў выдатным, хоць і не вельмі арыгінальным багасловам у часы, калі багаслоўская думка ў нашай краіне рабіла толькі першыя нясмелыя крокі. Той самы даследчык называе яго найбольш значным з усіх ранніх беларускіх пісьменнікаў і першым вядомым беларускім паэтам. Вялікая колькасць рукапісных твораў сведчыць пра папулярнасць святога Кірылы не толькі сярод беларусаў, але ва ўсім славянскім свеце ад Ноўгарада да Сербіі і Баўгарыі.

1. Тураўская зямля ў эпоху св. Кірылы

Каб зразумець феномен святога Кірылы, варта хаця б агульна акрэсліць гістарычны кантэкст, у якім ён з’явіўся. Старажытны беларускі горад Тураў ляжыць на Прыпяці недалёка ад месца, дзе ў яе ўпадае Случ. У сярэднявеччы гэта быў вельмі важны гандлёвы шлях з Балтыйскага мора ў Чорнае па Нёмане, Случы, Прыпяці і Дняпры. Такім чынам, горад меў важнае стратэгічнае значэнне. Такое месцазнаходжанне тлумачыць гісторыю горада, які пастаянна адчуваў на сабе ўплыў заходняй і ўсходняй (візантыйскай) культуры.

Да канца Х стагоддзя Тураў быў цэнтрам племяннога саюза дрыгавічоў. Назву горада легенда выводзіць ад імя правадыра гэтага племені Тура. Некаторыя даследчыкі лічаць гэта этымалагічным паданнем, хаця асобныя не адкідаюць магчымасці існавання рэальнай постаці, ёсць нават здагадкі пра яго скандынаўскае паходжанне (ад імя бога Тора). Пішуць таксама пра шырокія сувязі Турава са Скандынавіяй, а нават Ірландыяй, на што ўказвае культ каменных крыжоў, якія паводле падання прыплылі па Прыпяці. Скандынаўскія уплывы можна знайсці і ў творчасці св. Кірылы.

Тураў ад пачатку сваёй гісторыі вызначаўся незалежніцкімі тэндэнцыямі, а таксама адкрытасцю на заходнія ўплывы.

У канцы Х стагоддзя горад уваходзіць у склад дзяржавы Ўладзіміра Вялікага, і той аддае яго свайму сыну Святаполку, пазней празванаму “Акаянным”. Некаторыя даследчыкі робяць з гэтага выснову пра досыць важнае значэнне горада, аднак, напрыклад, В. Чаропка лічыць гэты факт хутчэй адзнакай няміласці, бо на бедным Палессі цяжка было б сабраць моцнае войска. Святаполк ажаніўся з дачкой польскага караля Баляслава Харобрага, разам з княгіняй у Тураў прыязджае лацінскі біскуп Рэйнберн. Святаполк, непакорны сын, пэўна, пачаў рыхтаваць паўстанне супраць Уладзіміра, але той, даведаўшыся пра гэта, схапіў Святаполка з жонкай, а таксама Рэйнбэрна і увязніў іх у Кіеве. Біскуп памёр у зняволенні, існуе думка пра тое, што менавіта ён быў іныцыятарам бунту. Святаполк перажыў Уладзіміра і захапіў Кіеў пасля яго смерці.

Тураўскія князі мелі сувязі з Візантыяй. Барбара, жонка Святаполка ІІ, які княжыў з 1087 да 1093 у Тураве, а пасля заняў Кіеў, была грэцкаю княжною, спалучанаю сямейнымі сувязямі з домам Комнінаў. Пасля смерці мужа яна вярнулася ў Тураў і заснавала там жаночы манастыр св. Барбары.

Доўгі час Тураў знаходзіўся ў залежнасці ад Кіева. Аднак год 1157 быў годам вялікіх падзеяў для Турава. У гэтым годзе князь Юры Яраслававіч, унук Святаполка ІІ, захапіў горад і абвясціў яго незалежным. Два разы кіеўскія князі разам з саюзнікамі хадзілі на Тураў, але жыхары горада добра баранілі сваю незалежнасць. Прыкладна ў гэты час пачынае святы Кірыла пачынае сваю дзейнасць у якасці біскупа. Дарэчы, у Тураве быў адзін з першых біскупскіх пасадаў на Беларусі. А.Аляксандр Надсан узгадвае, што першым тураўскім біскупам з 1005 году быў Тамаш. Потым напрацягу некалькіх стагоддзяў няма ніякіх звестак пра тураўскую епархію. Магчыма, з-за падзей, звязаных з палонам Святаполка І, перарываецца існаванне тураўскага біскупства аж да ХІІ стагоддзя, калі ў жыцці святога Марціна Тураўскага знаходзім імёны чатырох біскупаў.

2. Святы Кірыла Тураўскі

Нажаль, захавалася няшмат вестак пра дзяцінства св. Кірылы. Ягоны жыццярыс, які а.Надсан адносіць да ХІ V стагоддзя, называе будучага святога сынам багатых бацькоў. А.Мельнікаў, беручы пад увагу вялікую адукаванасць Кірылы, робіць смелую выснову, што ён мог быць нават сынам Яраслава Святаполчыча, сына Святаполка ІІ. Наўрадці так магло быць на самой справе. Тураў у ХІІ стагоддзі быў значным культурным цэнтрам: там быў біскупскі пасад і некалькі манастыроў, таму адукацыю на высокім узроўні мог атрымаць не толькі княскі сын. Аднак цалкам верагодным лічым сцвярджэнне, што аб арыстакратычным паходжанні свяціцеля сведчаць яго адметнае выхаванне і адукацыя, духоўная кар’ера і далейшыя адносіны з уладатрымальнікамі.

Няма адзінага меркавання што да даты нараджэння святога. Паводле а.А.Надсана, Кірыла нарадзіўся каля 1130 году. Мельнікаў ніжнюю граніцу нараджэння святога абмяжоўвае 1110 годам. Дакладна нам вядома толькі тое, што ў 1169 годзе Кірыла быў ужо біскупам. Пэўна, у гэтым часе ён меў ужо 40 год, а можа і больш.

Яшчэ ў маладым узросце Кірыла вырашыў прысвяціць сваё жыццё Богу і паступіў у манастыр св. Міколы. Там вёў суровае аскетычнае жыццё, поўнае малітвы і посту. Сваім ладам жыцця, пабожнасцю і, несумненна, вучонасцю, ён звярнуў на сябе ўвагу. Да Кірылы пачалі прыходзіць, каб паслухаць парады ці навукі і ён не адмаўляўся дапамагчы іншым. У сваіх павучаннях Кірыла асабліва падкрэсліваў неабходнасць унутраных цнотаў пакоры і паслухмянасці, а не вонкавага аскетызму.

Аднак асабістыя схільнасці цягнулі святога да большай самоты. Пражыўшы некаторы час у манастыры, Кірыла пачаў новы подзвіг – стоўпніцтва. Жыццяпісец гаворыць, што ён “увайшоў на стоўп і там зачыніўся”. Стоўпніцтва –форма аскетычнага жыцця, распаўсюджаная на хрысціянскім усходзе V стагоддзя. Манахі, якія прагнулі самоты, будавалі сабе келлі на платформе, якая ўзвышалася над зямлёю на слупах (адсюль іх назва – стоўпнікі, па-грэцку стыліты). Кліматычныя ўмовы Беларусі не дазвалялі праводзіць класічнае стоўпніцкае жыццё, таму Кірыла, верагодна, проста зачыніўся ў стаўпападобнай вежы. Перыяд стоўпніцтва быў для Кірылы часам інтэнсіўнай духовай і інтэлектуальнай дзейнасці. Па словах жыццяпісца, святы “яшчэ больш стамляў сябе пастом і малітвамі, і паясняў шматлікія святыя пісанні”. Вельмі магчыма, што ў гэты час ён напісаў свае малітвы і каноны, а таксама творы пра духоўнае жыццё. Мельнікаў высоўвае гіпотэзу, што Кірыла ў апошнія гады манаства быў ігуменам, бо звяртаўся з павучэннямі да манахаў, акрамя таго, паводле звычая біскупам мог стаць толькі ігумен манастыра.

Так ці інакш, Кірыла быў настолькі вядомы, што, калі памёр Тураўскі біскуп Юры, князь і народ прасілі мітрапаліта прызначыць Кірылу на гэты пасад. Час біскупства стаў для яго часам напружанай душпастырскай і пісьменніцкай дзейнасці. Жыццяпісец піша, што Кірыла “працаваў шмат для Царства Божага”, напісаў “навукі на тэмы Евангельля і прарокаў, казанні на Гасподнія святы і шмат іншых твораў, карысных для душы; а таксама малітвы і пахвалы многім святым”. Заўсёды дбайны пра дабро іншых людзей, Кірыла, “напісаўшы ўсе гэтыя творы, перадаў іх Царкве, якая захавала іх да сённяшняга дня для суцяшэння і навучання верных усея Русі”.

Кірыла прымаў ўдзел у справах, якія датычылі ўсёй Кіеўскай мітраполіі. У 60-ыя гады ХІІ стагоддзя паўстаў раскол з-за нейкага Тодара, альбо Тодарца. Паводле Мельнікава, Тодарац адмаўляў вартасць манаства і ўвогуле бязжэннасці, адмяняў пост у серады і пятніцы, калі на гэтыя дні прыпадалі святы Гасподнія, а таксама на жаданне князя Андрэя Багалюбскага ўстанавіў свята Спаса і Багародзіцы 1 жніўня ў якасці галоўнага свята для сваёй еперхіі. Непасрэдна ад Канстантынопальскага патрыярха, мінуючы кіеўскага мітрапаліта Тодар подступам атрымаў прызначэнне на Растоўскі пасад (можа нават з санам архібіскупа). Кіеўскі мітрапаліт адлучыў Тодара ад Царквы і забараніў усялякія зносіны з ім. У адказ той пачаў ганенні на сваіх супраціўнікаў і адначасова прапаведаваў ерась.

Тодара падтрымліваў князь Андрэй Багалюбскі, які імкнуўся да стварэння ў сваёй дзяржаве незалежнай царкоўнай правінцыі. Але праз пэўны час князь змяніў палітыку – пачаў шукаць прымірэння з мітрапалітам, арыштаваў Тодара і паслаў яго ў Кіеў на мітрапалічы суд, дзе Тодар быў асуджаны і пакараны лютай смерцю ў траўні 1169 году.

У справе Тодарца Кірыла Тураўскі перш за ўсё бараніў біскупскую годнасць. У “Сказе пра душу і цела, альбо пра кульгавага і сляпога” ён выступае супраць тых, хто недастойна прагне біскупства. Таксама вядома, што Кірыла вёў перапіску з князем Андрэем Багалюбскім, якая, нажаль, ня знойдзеная. Магчыма, у сваіх лістах святы дакараў князя за ягоныя нягодныя ўчынкі і за разбурэнне царкоўнай еднасці.

З летапісу вядома, што на пастрыжэнні новага ігумена Кіева-Пячэрскай Лаўры Васіля ў 1182 годзе быў прысутны Тураўскі біскуп Лаўрэн. Гэта значыць, што ў гэтым годзе святога ўжо не было ў жывых, альбо, як думаюць некаторыя даследчыкі, ён адрокся ад біскупства і вярнуўся ў манастыр.

Такія нешматлікія звесткі мы маем пра жыццё святога Кірылы Тураўскага.

3. Творчасць св. Кірылы Тураўскага.

У творчасці св. Кірылы можна вылучыць некалькі асноўных тэмаў.

Па-першае, варта ўзгадаць яго творы, прысвечаныя манаскаму жыццю. Гэта “Прыповесць пра бесклапотнага цара” і “Сказ аб манаскім стане ад Старога і Новага Запаветаў, паколькі манах носіць у сабе вобраз першага і робіць учынкі другога”. У гэтых творах Кірыла карыстаецца алегарычным метадам, досыць распаўсюджаным у тыя часы. Праз іншасказальныя вобразы ён стараецца патлумачыць надпрыродныя праўды.

Аскетычныя творы св. Кірылы сведчаць аб глыбокай духоўнасці аўтара. Сёння шмат каму яны могуць здацца залішне суровымі. Часта складаецца ўражанне, што пачуццё страху Божага ў Кірылы пераважае над любоўю. У гэтым ён быў толькі верны традыцыям Візантыйскай духоўнасці. Кірыла асабліва блізкі да святога Тэадора Студыта (пачатак ІХ ст.), чые правілы законнага жыцця былі прынятыя ўсімі ўсходнеславянскімі манастырамі. Гэтыя правілы вызначаліся вымаганнямі строгай, але разумнай дысцыпліны і безумоўнай паслухмянасці. Акрамя Тэадора Студыта сярод усходніх славян былі вядомы аскетычныя творы св. Базыля Вялікага і Яна Лесвічніка. Несумненна, гэтыя вялікія духоўныя настаўнікі мелі, непасрэдна ці ўскосна, уплыў на св. Кірылу.

Сам Кірыла не прэтэндаваў на арыгінальнасць. Нягледзячы на гэта, яго аскетычныя творы дастаткова арыгінальныя і цікавыя, каб забяспечыць аўтару пачэснае месца сярод іншых духоўных пісьменнікаў. Яны не страцілі вартасці і па сённяшні дзень для тых, хто, па словах Кірылы, “шукае неба”.

Духоўны воблік Кірылы нідзе не выступае так ясна, як у ягоных малітвах. Малітвы Кірылы – “келейныя”, прызначаныя для прыватнага ўжытку. Іх трыццаць – па чатыры і больш на кожны дзень тыдня, у іх захаваны парадак тыднёвага літургічнага кругу. Большасць малітваў скіраваныя да Бога ў Тройцы адзінага і да Госпада Ісуса Хрыста.

Гімнаграфічная спадчына св. Кірылы прадстаўлена двума канонамі. Канон – гэта даволі складаны твор, які з’явіўся ў візантыйскай гімнаграфіі ў пачатку V ІІІ стагоддзя. Поўны канон мае дзевяць песняў, кожная з іх звязана з адной з дзевяці песняў Святога Пісання. Звычайна, за выключэннем некаторых канонаў Вялікага Посту, другая песня адсутнічае, так што пасля першай адразу ідзе трэцяя.

Кірыла вядомы як аўтар гэтак званага “Малебнага канону”. Пакутны характар твору і тое, што ён мае ўсе дзевяць песняў, паказвае, што ён быў прызначаны для ўжытку ў першую чаргу ў Вялікі Пост. Другі вядомы канон св. Кірылы – гэта канон у гонар св. Вольгі, бабкі Ўладзіміра Кіеўскага. Магчыма, канон быў напісаны з нагоды залічэння Вольгі да ліку святых. Тон канону урачысты і ўзнёслы, але з мастацкага боку ён слабейшы за Канон малебны.

Малітвы св. Кірылы носяць галоўным чынам пакутны характар. Але, нягледзячы на гэта, ў іх адсутнічае дух зняверанасці ці роспачы. Наадварот, яны поўныя хрысціянскага аптымізму, які трывае на веры ў бязмежную Божую міласэрнасць. Таму глыбокі і шчыры жаль за грахі спалучаецца з ціхай душэўнай радасцю.

З усіх твораў Кірылы найбольш вядомыя ягоныя казанні, альбо, як яны называліся ў старажытнасці, “словы”. Колькасць словаў, якія бясспрэчна належаць Кірылу, невялікая, іх толькі восем. Усе словы адносяца да Велікоднага перыяду – ад Вербнай нядзелі да шостай нядзелі пасля Вялікадня. Напісаныя яны былі, несумненна, у адным годзе. У слове на Нядзелю расслабленага (трэцяя пасля Вялікадня) Кірыла асуджае тых, хто грашыць пасля атрымання духоўнай годнасці, нават біскупу. Некаторыя даследчыкі бачаць у гэтым намёк на справу Тодарца, што вызначала б дату напісання не пазней 1169 году.

У словах святога Кірылы шчасліва спалучаюцца пісьменніцкія здольнасці з шырокімі на той час багаслоўскімі ведамі. Кірыла быў, несумненна, найлепшым знаўцам Святога Пісання сярод ранніх усходнеславянскіх пісьменнікаў. Ён таксама ведаў творы айцоў Царквы, асабліва Яна Залатавуснага, уплыў якога адчуваецца ў перайманні характару творчасці.

Як прыклад красамоўнага мастацтва, словы Кірылы былі незвычайным з’явішчам для свайго часу. Багацце вобразаў і разнастайнасць формаў ажыўлялі іх і трымалі зацікаўленых слухачоў у напружанні. Мова словаў багатая на трапныя параўнанні і прыклады. Авеяныя духам любові да Бога, словы справядліва здабылі іхняму аўтару славу другога Залатавуснага.

Вялікую частку жыцця Кірыла прысвяціў пастырскай дзейнасці як духоўны настаўнік у манастыры, а потым як біскуп на Тураўскім пасадзе. Ён меў высокае паняцце біскупскай годнасці і балюча перажываў, калі нехта хацеў выкарыстаць гэты стан для нягодных мэтаў. У тым часе сталася сумна вядомай справа Тодарца, якая пагражала разбіццём царкоўнай еднасці Кіеўскаймітраполіі. Кірыла ня мог заставацца ў баку ад гэтай справы. Аднак, замест таго, каб пачынаць спрэчкі з супраціўнікамі, ён напісаў “Прыповесць пра душу і цела”, вядомую таксама як “Прыповесць пра кульгавага і сляпога”, дзе і выклаў свой погляд на Царкву і царкоўных дастойнікаў.

4. Некаторыя аспекты навучання пра чалавека

А.Мельнікаў прыпісвае Кірыле Тураўскаму думку пра дыхатамію чалавека: нібыта паводле Кірылы толькі душа чалавека, створаная на вобраз і падабенства Божае, можа быць збаўлена, а грэшнае цела асуджана на пакуты. Прафесар В.Грыневіч таксама піша, што, па вывучэнні малітваў святога можа скласціся ўраджанне, што ён глядзіць на чалавека вельмі песімістычна, як на істоту паўшую, грэшную і вартую асуджэння, аддадзеную толькі на Божую міласэрнасць. Святы гаворыць пра канкрэтнага чалавека як пра істоту знявечаную, кульгавую целам і сляпую душой.

Кірылава вучэнне пра чалавека поўнае антыномій і недагаворак. Песімістычныя матывы спалучаюцца ў ім з аптымістычнымі. Святы біскуп добра ўсведамляе супярэчнасці, з якіх складаецца чалавек, які часта няўдзячны за дар стварэння і Хрыстовую ласку адкуплення. Таму ў малітвах увесь час гучыць просьба аб прабачэнні і ачышчэнні. Чалавек верыць у бясконцую міласэрнасць Бога, які любіць людзей. Нягледзячы на ўсведамленне віны чалавек можа жыць з вераю, што Збаўца з літасцю возьме яго на свае плечы, як загубленную авечку, і занясе ў дом Айца. Вера Хрыстовым абяцанням, надзея на ўваскрашэнне і чаканне радасці і вечнага жыцця аказваюцца ў Кірылы мацнейшымі за страх перад судом і пакараннем.

Антрапалагічны матыў у творчасці святога цесна пераплецены з хрысталагічным. Адным поглядам ахоплівае Кірыла таямніцу Хрыста і чалавека. Узвялічванне чалавечнасці Хрыста з’яўляецца для прапаведніка адначасова ўзвышэннем чалавечага цела, каб яно было святыняй Бога і “прытулкам Святога Духа”.

5. Святы Кірыла і беларуская культура

Вялікі ўплыў св. Кірыла Тураўскі аказаў на развіццё духоўнасці і мастацкай культуры на Беларусі. Творы яго захаваліся ў шматлікіх рукапісных спісках, самыя старажытныя з якіх паходзяць з ХІІІ стагоддзя. Потым яны трапляюць у першыя друкаваныя кнігі. Так, варта ўзгадаць “Тлумачальнае Евангелле”, выдадзенае Іванам Фёдаравым і Пятром Мсціслаўцам, у якім яны змясцілі “Слова на Ўзнясенне” Кірылы Тураўскага.

Айцец Аляксандр Надсан звяртае ўвагу на тое, што ў “Малой падарожнай кніжыцы” Францішка Скарыны змешчаны тры малітвы св. Кірылы. Скарына не назваў імя аўтара, магчыма нават, ён яго ня ведаў. Але сам факт знаёмства беларускага першадрукара з малітвамі св. Кірылы сведчыць аб іх папулярнасці на Беларусі, а таксама аб існаванні уласнай духоўнай традыцыі, якая сягае каранямі ў ХІІ стагоддзе.

Кірыла Тураўскі пісаў па царкоўна-славянску. Таму ў наш час робяцца спробы тлумачэння яго твораў на беларускую мову. Айцец Язэп Германовіч, вядомы як паэт Вінцук Адважны, пераклаў адну з малітваў, а вядомы знаўца беларускай музыкі Гай дэ Пікарда падабраў да яе мелодыю. Так паўстала песня “Дай, добры Божа...”. Важны крок у напрамку перакладаў твораў св. Кірылы зрабіў Алесь Разанаў, які пераклаў вершам на сучасную беларускую мову адно з яго словаў.

Што датычыць найноўшых даследванняў, то, пэўна, самым грунтоўным з’яўляецца доктарская праца а. Пятра Татарыновіча, напісаная па-італійску і абароненая ў Папскім Усходнім Інстытуце. А. Надсан у 1968 годзе выдаў кніжку “Святы Кірыл Тураўскі”, другое, папраўленае і дапоўненае яе выданне выйшла ў 2001 годзе. Яно і сталася асновай гэтай працы.

Бібліяграфія

Грыневіч В. Пасхальныя матывы ў творах сьв. Кірылы Тураўскага. – Ворша – Lublin – Харків, 1997.

Надсан А. Сьвяты Кірыла Тураўскі. Выданне другое, дапоўненае і папраўленае. – Лёндан: Божым шляхам, 2001.

Чаропка В. Імя ў летапісе. – Мн.: Полымя, 1994.

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier