Слава Ісусу Хрысту!

Вітаем Вас на сайце Менскай грэка-каталіцкай парафіі Праведнага Язэпа!
”У Сьвятым Евангельлі сустракаем нямала апісаньняў учынкаў сьв. Язэпа, аднак ніколі не прачытаем ягоных словаў – сапраўды, часамі ўчынкі гавораць больш, чым словы, ды ўвогуле без учынкаў наша вера мёртвая (Як. 2:17). Гэты сайт перадусім пра нашыя чыны і хай яны будуць гэтак жа плённыя, як чыны сьв. Язэпа” – пісаў тут протапрэзьбітар Андрэй Абламейка, былы пробашч парафіі Праведнага Язэпа і першы рэдактар сайта.

Гэты сайт і надалей хоча распавядаць пра розныя праявы жыцьця нашае парафіі: нашыя чыны, праекты, імкненьні і мары. А паколькі Грэка-каталіцкі цэнтр сьвятога Язэпа ўсё больш і больш выпаўняе заданьне інфарматыўнага цэнтра – будзем і надалей тут памяшчаць інфармацыю, што датычыць жыцьця ўсёй Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы ды іншых Усходніх Каталіцкіх Цэркваў.

 

Пошук

Каляндар

 

Навіны


19.11.2010
Бэнэдыкт XVI: экуменізм — гэта пошук еднасці, а найперш малітва і пакута Экуменічны рух мае на ўвазе пошук еднасці ў праўдзе, але найперш малітву і пакуту ў гэтым духоўным экуменізме, — адзначыў Святы Айцец Бэнэдыкт XVI падчас сустрэчы з удзельнікамі пленарнага пасяджэння Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству. У гэтыя дні ведамства святкуе 50-годдзе свайго існавання, а яго стварэнне бл. папам Янам ХХІІІ было «вуглавым каменем экуменічнага шляху Касцёла».

Пантыфік выказаў удзячнасць чатыром папярэднікам сённяшняга старшыні рады — кардыналам Аўгустыну Беі, Ёханэсу Віллебрандсу, Эдварду Кассідзі і Вальтэру Касперу, а таксама ўсім супрацоўнікам ведамства. Па словах Святога Айца, за гэтыя 50 год было здзейснена больш глыбокае пазнанне іншых Цэркваў і супольнасцяў, развіццё тэалагічнага дыялога і дыялога любові, былі заснаваны розныя формы супрацоўніцтва.
19.11.2010
Працягваецца дыскусія вакол храма Святой Сям’і ў Калінінградзе Маскоўскі Патрыярхат абвяргае крытыку з боку арцыбіскупа Паоло Пеццы ў сувязі з перадачай храма Святой Сям’і ў Калінінградзе ў прыватную маёмасць Рускай Праваслаўнай Царквы. Ардынарый архідыяцэзіі Маці Божай у Маскве 4 лістапада 2010 г. адзначыў, што католікі на працягу 20 гадоў беспаспяхова дамагаліся звароту свайго храма, у якім ўлады зрабілі філармонію. Аб гэтым паведамляе беларуская секцыя Ватыканскага радыё.

Арцыбіскуп адзначыў таксама, што праект закона аб перадачы Маскоўскаму Патрыярхату 15 будынкаў, прыняты Калінінградскай Думай, быў падрыхтаваны «ў адпаведнасці з методыкай лабіравання, у таямніцы, без спасылкі на больш шырокае абмеркаванне і нават без кансультацый з зацікаўленымі бакамі, а менавіта рэлігійнымі супольнасцямі Расіі, якія „не належаць да Рускай Праваслаўнай Царквы“».
14.11.2010
Дзве даты святкавання памяці святамучаніка Язафата  16 верасня і 12 лістападаТрадыцыя адзначаць на Беларусі свята святамучаніка Язафата (Кунцэвіча) 16 верасня была пачалася ад Кіеўскага ўніяцкага мітрапаліта, архібіскупа Полацкага, біскупа Віцебскага, Аршанскага, Мсціслаўскага і Магілёўскага Кіпрыяна Жахоўскага (1674-1693). Ён увайшоў на пасад мітрапаліта ў цяжкі час для усходняй Царквы злучанай з Рымскім Апостальскім Пасадам. Вайна паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай 1654-1667 нанесла моцны ўдар па ўніяцкай Царкве. Былі знішчаныя шматлікія храмы, іконы, царкоўнае начынне і святыя месцы. Моцны пераслед закрануў таксама і саміх вернікаў-уніятаў. Мітрапаліт Кіпрыян рабіў шмат захадаў, каб аднавіць духоўнае жыццё ўніяцкай Царквы, яе структуры, матэр’яльны стан.
13.11.2010
13 лістапада - памяць сьвяціцеля Яна Залатавуснага, патрыярха Канстантынопальскага13 лістапада кожнага году Хрыстовая Царква адзначае памяць сьвяціцеля Яна Залатавуснага, аднаго з самых вялікіх настаўнікаў Царквы.

Сьвяціцель Ян нарадзіўся ў Антыёхіі каля 347 году. Бацька яго, Сэкунд, быў ваеначальнікам і вельмі рана памёр. Маці, Анфуса, другі раз ужо не бралася шлюбам ды ахвяравала ўсе свае сілы на выхаваньне Яна. Сярод настаўнікаў у яго былі выдатныя грэцкія філосафы, але мудрасьць сьвету ўсё адно не перашкодзіла Яну, які вельмі рана пачаў вывучаць Сьвятое Пісаньне і праходзіць катэхэзу ў самога сьвяціцеля Мялета Антыяхійскага, ды пасьля гэтага быў ахрышчаны прыблізна ў 20 год.
12.11.2010
ДЗЕНЬ ПАМЯЦІ СЬВЯТАМУЧАНІКА ЯЗАФАТА Ў РЫМЕСёньня, 12 лістапада, калі Царква ўшаноўвае сьвятамучаніка Язафата, беларускія вернікі разам з украінцамі і славакамі маліліся на магіле сьвятога Язафата ў базыліцы сьвятога Пятра ў Рыме. Урачыстую Боскую Літургію ўзначаліў Сакратар Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў архібіскуп Кірыл (Васіль) у саслужэньні сьвятароў абодвух абрадаў з Украіны, Беларусі, Славакіі, Польшчы.

Архібіскуп Кірыл у сваім казаньні, з якім ён зьвярнуўся да прысутных сьвятароў, семінарыстаў, прадстаўнікоў манаскіх супольнасьцяў, вернікаў, зазначыў, што “мучаніцтва – гэта перш за ўсё сьведчаньне веры, глыбокае жаданьне быць заўсёды поруч з Хрыстом, быць верным. Часта імгненны акт мучаніцтва здаецца больш лёгкім, чым вернасьць Хрысту штодзень, чым мець надзею нават тады, калі няма надзеі”.

Уладыка заклікаў усіх верных маліцца і прасіць у Госпада гэты дар надзеі і вернасьці Хрысту на кожны дзень, у любых абставінах жыцьця.
12.11.2010
Добры пастыр душу сваю аддае за авечкі сваеСлова на дзень блаславёнага Язафата, Архібіскупа Полацкага, мучаніка, 16 верасня

Аднаго дня Збавіцель гутарыў з фарысеямі і сказаў ім. што Ён ёсьць добрым Пастырам, і што добры Пастыр душу сваю аддае за сваіх авечак. Кожнаму хрысьціяніну вядома, што за нас, якія ёсьць авечкамі Хрыстовай Аўчарні, Ён аддаў сваё жыцьцё. Сьвятыя, каторыя намагаліся заўсёды насьледваць Хрыста, бо Ён ёсьць нашым праўдзівым Настаўнікам, стараліся таксама ісьці за ягоным прыкладам, і аддаваць жыцьцё для людзей, каторыя былі давераныя іх духоўнай апецы.
11.11.2010
ПОЛАЦК: грэка-католікі запрашаюць на святкаванне 20-ддзя аднаўлення дзейнасці парафіі12 i 13 лістапада 2010 грэка-каталіцкая парафія святапакутніка Язафата святкуе памяць свайго нябеснага Апякуна.
У тойжа дзень адзначаецца 20 гадоў аднаўлення дзейнасці парафіі.

Урачыстасці будуць праходзіць у храме пачэснай Параскевы Полацкай (вул. Новасёлаў № 70; канчатковы прыпынак аўтобуса № 8, вул. Бабушкіна), дзе звычайна збіраюцца на малітву вернікі полацкай парафіі.

У суботу 13 лістапада у 10:00 гадз. будзе адспяваны Акафіст у гонар святамучаніка Язафата, архібіскупа Полацкага, а ў 11:00 гадз. будзе адслужаная Боская Літургія, якую ўзначаліць Апостальскі Візітатар БГКЦ Архімандрыт (Сяргей).
11.11.2010
МІНСК: МАЛІТОЎНЫ ЎСПАМІН СВЯТАМУЧАНІКА ЯЗАФАТА ПОЛАЦКАГАCлужбы ў мінскіх грэка-каталіцкіх парафіях

ЧАЦВЕР – 11 лістапада 2010 г.
Парафія Праведнага Язэпа
18:30 гадз. - Вячэрня свята святамучаніка Язафата
(капліца Душпастырскага цэнтра св. Язэпа, вул. Арджанікідзе, д. 6)

ПЯТНІЦА – 12 лістапада 2010 г.

Парафія Праведнага Язэпа і Парафія св. Мікалая Цудатворцы

18:30 гадз. – БОСКАЯ ЛІТУРГІЯ
(капліца Душпастырскага цэнтра св. Язэпа, вул. Арджанікідзе, д. 6)

Парафія Маці Божай Нястомнай Дапамогі і Парафія Святога Духа
18:30 гадз. – БОСКАЯ ЛІТУРГІЯ і Акафіст
(капліца Душпастырскага цэнтра па зав. Снежным, д. 7)

+ + +

Адносна Службаў можна скантактавацца са святарамі:
а. Яўген Усошын 8 (029) 312 28 26 Velcom, 8 (033) 631 55 24
а. Пахом (Кавалёў) 8 (029) 767 70 87 МТС
а. Аляксандр Аўдзеюк 8 (029) 522 70 19 МТС
10.11.2010
'Кіеў:Кангрэс свецкіх вернікаў Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы цэнтральнай і паўднёва-ўсходняй Украіны адбудзецца ў Кіеве з 12 па 14 лістапада 2010 г. Тэма кангрэса — роля свецкіх вернікаў у развіцці і станаўленні УГКЦ ва ўсходняй Украіне.

«У нашым горадзе распаўсюджана меркаванне, што ў Царкве пэўную задачу маюць толькі біскупы, святары, дыяканы і манахі. Гэта няпоўнае разуменне Царквы, — тлумачыць Першаярарх УГКЦ Яго Блаславенства Любамір (Гузар). У царкоўным жыцці вельмі важнае і адказнае месца займаюць таксама свецкія вернікі. Іх задача – не толькі асвячаць сваю душу, але і асвячаць свет, у якім яны жывуць. А духавенства і манаства служаць свецкім вернікам, каб іх дзейнасць сапраўды выконвала гэтую місію», — падкрэсліў Уладыка Любамір.

Паводле Catholic.by
10.11.2010
TAIZE- малітоўная сустрэча моладзі ў мінскай архікатэдрыУ аўторак 9 лістапада 2010 г. у мінскай рыма-каталіцкай архікатэдры адбылася малітоўная сустрэча хрысціянскай моладзі. Узначаліў малітву брат Георг Бенуа з экуменічнай Супольнасці Тэзэ (Францыя).

Малітва суправаджалася спевам парафіяльнага хору. Прагучалі каноны і песні Тэзэ. Затым адбыўся паказ фільма пра жыццё ў французскай вёсцы Тэзэ.
У межах малітоўнай праграмы брат Георг прапанаваў прысутным разважанні аб Закхеі, які, маючы маленькі рост, залез на дрэва, каб убачыць Хрыста. Ізус жа, бачачы гэта, сказаў, што жадае наведаць дом Закхея. Той, безумоўна, мог бы адмовіцца, растлумачыўшы гэта тым, што ў доме не прыбрана або няма пачастунку. Аднак ён гэтага не ўчыніў. Ён запрасіў Хрыста да сябе. Так і мы, як адзначыў брат Георг, не павінны баяцца прыняць Ісуса з-за «непрыбранага дома» сваёй душы. Хрыстос пайшоў да Закхея, ведаючы, што ён грэшнік. І за гэта Яго папракалі. Аднак жа радасць ад гэтай сустрэчы дала Закхею сілы змяніць сваё жыццё.

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier