
У аўторак 9 лістапада 2010 г. у мінскай рыма-каталіцкай архікатэдры адбылася малітоўная сустрэча хрысціянскай моладзі. Узначаліў малітву брат Георг Бенуа з экуменічнай Супольнасці Тэзэ (Францыя).
Малітва суправаджалася спевам парафіяльнага хору. Прагучалі каноны і песні Тэзэ. Затым адбыўся паказ фільма пра жыццё ў французскай вёсцы Тэзэ.
У межах малітоўнай праграмы брат Георг прапанаваў прысутным разважанні аб Закхеі, які, маючы маленькі рост, залез на дрэва, каб убачыць Хрыста. Ізус жа, бачачы гэта, сказаў, што жадае наведаць дом Закхея. Той, безумоўна, мог бы адмовіцца, растлумачыўшы гэта тым, што ў доме не прыбрана або няма пачастунку. Аднак ён гэтага не ўчыніў. Ён запрасіў Хрыста да сябе. Так і мы, як адзначыў брат Георг, не павінны баяцца прыняць Ісуса з-за «непрыбранага дома» сваёй душы. Хрыстос пайшоў да Закхея, ведаючы, што ён грэшнік. І за гэта Яго папракалі. Аднак жа радасць ад гэтай сустрэчы дала Закхею сілы змяніць сваё жыццё.
Брат Георг заахвоціў не баяцца сустрэчы з Хрыстом, каб радасць ад спаткання з Ім дала сілы на перамены да лепшага.
У малітоўнай сустрэчы прыняла ўдзел моладзь, якая рыхтуецца да еўрапейскай малітоўнай сутрэчы ў Ротэрдаме (Нідэрланды) 28 снежня 2010 – 1 студзеня 2011. У першай частцы малітоўнай сустрэчы ўдзельнічаў таксама Архімандрыт Сяргей, Апостальскі Візітатар БГКЦ.
Паводле Catholic.by