Слава Ісусу Хрысту!

Вітаем Вас на сайце Менскай грэка-каталіцкай парафіі Праведнага Язэпа!
”У Сьвятым Евангельлі сустракаем нямала апісаньняў учынкаў сьв. Язэпа, аднак ніколі не прачытаем ягоных словаў – сапраўды, часамі ўчынкі гавораць больш, чым словы, ды ўвогуле без учынкаў наша вера мёртвая (Як. 2:17). Гэты сайт перадусім пра нашыя чыны і хай яны будуць гэтак жа плённыя, як чыны сьв. Язэпа” – пісаў тут протапрэзьбітар Андрэй Абламейка, былы пробашч парафіі Праведнага Язэпа і першы рэдактар сайта.

Гэты сайт і надалей хоча распавядаць пра розныя праявы жыцьця нашае парафіі: нашыя чыны, праекты, імкненьні і мары. А паколькі Грэка-каталіцкі цэнтр сьвятога Язэпа ўсё больш і больш выпаўняе заданьне інфарматыўнага цэнтра – будзем і надалей тут памяшчаць інфармацыю, што датычыць жыцьця ўсёй Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы ды іншых Усходніх Каталіцкіх Цэркваў.

 

Пошук

Каляндар

 

Навіны


26.08.2014
Да 100-годдзя з дня нараджэння Біскупа Чэслава СіповічаДні памяці Біскупа Чэслава Сіповіча пройдуць у Мінску і ў Друі.
Абноўленая праграма

У суботу, 30 жніўня 2014 г. – у 10:00 гадз., у капліцы грэка-каталіцкай Парафіі Праведнага Язэпа ў г. Мінску, вул. Арджанікідзе д. 6, будзе адслужаная Архіерэйская Літургія з удзелам Апостальскага Нунцыя ў Беларусі Архібіскупа Клаўдзія Гуджэроцці.

У нядзелю, 31 жніўня 2014 г., у Друі (Браслаўскі р-н) сумеснае – разам з рыма-католікамі - святкаванне 100-га Юбілею Біскупа Чэслава.
На свята прыбудуць Апостальскі Нунцый у Беларусі Архібіскуп Клаўдзій Гуджэроцці, Біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, асістэнт Апостальскага Візітатара для беларусаў замежжа мітрафорнага протаіерэя Аляксандра Надсана айцец Сяргей Стасевіч (Лондан).
25.08.2014
Нёс біскупскае служэнне ў час пантыфікатаў чатырох папаўСтагоддзе з дня нараджэння біскупа Чэслава Сіповіча – гэта добрая нагода больш дакладна асэнсаваць ягонае духоўнае служэнне ў час пантыфікатаў чатырох папаў: Яна ХХІІІ, Паўла VI, Яна Паўла І, Яна Паўла ІІ.

4 жніўня 1960 г. беларускі манах-марыянін а. Чэслаў Сіповіч атрымаў біскупскую хіратонію і Папам Янам ХХІІІ быў прызначаны Апостальскім Візітатарам для беларусаў грэка-католікаў у замежжы. Такім чынам, пасьля 120 гадоў (ад г. зв. Полацкага “сабору” ў 1839 г. – гэта значыць ад “ліквідацыі” Уніяцкай Царквы царскімі ўладамі) беларускія католікі ўсходняга абраду атрымалі свайго біскупа.
23.08.2014
Славацкія грэка-католікі ўшанавалі памяць Уладыкі Чэслава Сіповіча M.I.C.Гістарычна-душпастырская кансультацыя пад тытулам “Слугі Евангелля Еднасці” прайшла ў днях 16-18 жніўня 2014 г., у рамках пілігрымкі, якую група беларускіх грэка-католікаў здзейсніла да мітрапалітальнага грэка-каталіцкага санктуарыя Багародзіцы ў мясцовасці Люціна, непадалёк ад г. Прэшаў. Кансультацыя датычылася супрацоўніцтва Біскупа Чэслава Сіповіча і праф. Міхала Лацка, асабліва ў працах камісіі па справах Усходніх Цэркваў ІІ-га Ватыканскага Сабору.

Па запрашэнні мітрапаліта Славацкай Грэка-Каталіцкай Царквы Высакадастойнага Уладыкі Яна (Бабяка) прадстаўнікі беларускага грэка-каталіцкага духавенства 16-17 жніўня 2014 г. удзельнічалі ва ўспенскіх святочных багаслужэннях у санктуарыі ў Люціне.
У панядзелак, 18 жніўня 2014 г., беларускія пілігрымы наведалі г. Кошыцэ. Там, на мясцовых могілках супольнасці ордэну езуітаў, маліліся на магіле выдатнага славацкага грэка-каталіцкага гісторыка і багаслова а. Міхала Лацка, а пасля наведалі Студыйны цэнтр хрысціянскай духоўнасці “Усход – Захад”, які носіць імя Міхала Лацка.
19.08.2014
Імша за ахвяраў разні ў Іраку і аб міры ў гэтай краіне адбылася ў мінскім архікатэдральным касцёлеУ панядзелак, 18 жніўня 2014 г. у мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі адбылася святая Імша за ахвяраў разні ў Іраку і аб міры ў гэтай краіне. Імшу ўзначаліў Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці. Эўхарыстыю канцэлебраваў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч разам з душпастырамі мінскіх каталіцкіх парафій (побач з рыма-каталіцкімі святарамі св. Імшу саслужыў настаяцель грэка-каталіцкай парафіі св. Міколы Цудатворцы а. Алесь Шыбека).

На яе прыбылі намеснік Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Уладзімір Ламека, які прысутнічаў ад імя Ураду Рэспублікі Беларусь, кіраўнік Аддзела адукацыі і катэхізацыі Мінскай епархіі протаіерэй Аляксандр Шымбалёў, які прадставіў Беларускую Праваслаўную Царкву, прадстаўнікі дзяржаўнай улады, дыпламатычнага корпуса, святары, кансэкраваныя асобы і ўсе тыя, хто пажадаў духоўна выразіць салідарнасць з іракцамі і ўзняць голас, каб пераламаць абыякавасць свету і маліцца аб міры.
13.08.2014
Пульс хрысціянскай Беларусі: успаміны ўдзельніка ХХ грэка-каталіцкай пілігрымкі Віцебск – Полацк 2014У гэтым годзе ізноў сабраўся ў штогадовую грэка-каталіцкую пілігрымку з Віцебска ў Полацак. Ліпеньская, спякотная, сяброўска-сямейная… І ў гэтым годзе не абмінулі думкі-пытанні да самога сябе – навошта ісці, навошта стамляцца, і што ўвогуле азначае пілігрымаваць?

Пілігрымаваць – значыць ісці з мэтай. З малітвай і спевам на вуснах і сваёй асабістай просьбай у сэрцы, якую нясеш Госпаду. Пачынаецца ўсё радасна і першыя крокі даюцца з лёгкасцю, але чым далей, тым больш высілкаў ад цябе патрабуецца. І з кожным наступным крокам ты мацней разумееш – ці вартая твая мэта, каб дзеля яе стаптваць ногі, націраць каторы ўжо мазоль, аблівацца потам у спёку, ці ісці прамочаным дажджом. Ці вартая твая мэта, каб дзеля яе цярпець, а тым больш любіць бліжняга, хаця ты сам такі стомлены. Пад нагамі плавіцца асфальт і ў рэшце рэшт мэтай становіцца проста дайсці, данесці сваю просьбу.
13.08.2014
Паведамленне Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі аб малітве за хрысціян у Іраку і за мір ва УкраінеАблічча сучаснага свету ўсё больш нагадвае ўзбуранае мора. Да нас даходзіць інфармацыя пра ўсё новыя збройныя канфлікты, пра адсутнасць міру ў свеце і пра войны, у якіх гінуць сотні нявінных людзей.

Святы Айцец Францішак ужо неаднаразова выказваў заклапочанасць вельмі цяжкай сітуацыяй, якая склалася ў Іраку для хрысціян, як таксама і для многіх іншых меншасцяў, якія падвяргаюцца пераследу і вымушаны ўцякаць. Занепакоеныя сённяшняй сітуацыяй у гэтай краіне, дзе хрысціян пераследуюць, і заахвочаныя словамі Папы Францішка і яго ініцыятывамі на карысць міру ў свеце, звяртаемся да вас, браты і сёстры, з заклікам да гарачай малітвы ў інтэнцыі мірнага вырашэння нарастаючага канфлікту.
10.08.2014
Папа заклікаў да малітвы за іракскіх хрысціянПапа Францішак звярнуўся з заклікам да малітвы за іракскіх хрысціян. “Прашу ўсе парафіі і каталіцкія супольнасці прысвяціць малітву, асабліва напрыканцы гэтага тыдня, у інтэнцыі іракскіх хрысціян”, - напісаў Святы Айцец праз свой акаyнт у “Твітэры” 9 жніўня 2014 г.

У іншым твіт-паведамленні, скіраваным вечарам 8 жніўня, Папа напісаў словы малітоўнага ўсклікання: “Пане, просім Цябе за тых, хто ў Іраку пазбаўлены ўсяго”. Таксама Пантыфік заклікаў маліцца за іракскіх вернікаў, якія былі вымушаны пакінуць свае дамы, ратуючыся ад ісламскіх тэрарыстаў, і за ўсе іншыя супольнасці, якія падвяргаюцца пераследу ў гэтай краіне.
7.08.2014
Памяць Біскупаў Баляслава Слоскана і Чэслава Сіповіча ўшануюць у Аглоне (Латвія)На штогадовае свята Успення Багародзіцы, 15 жніўня, у нацыянальны латвійскі санктуарый у г. Аглона традыцыйна прыбываюць пілігрымы з Беларусі.
У гэтым годзе ў Аглону напраўляецца аўтобусная пілігрымка рыма-каталіцкіх і грэка-каталіцкіх вернікаў з Магілёва, якую суправаджае душпастыр магілёўскай грэка-каталіцкай парафіі а. Васіль Ягораў.

У праграме пілігрымкі прадбачаны малітоўны ўспамін Вялебнага Слугі Божага Біскупа Баляслава Слоскана, якога магіла знаходзіцца ў Аглонскай базыліцы.

Біскуп Баляслаў Слоскан шмат гадоў нёс служэнне Апостальскага Адміністратара рыма-каталіцкай Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, а ў гадах 1952-1960 быў Апостальскім Візітатарам для беларускіх грэка-католікаў у замежжы. Яго пераемнікам на пасадзе Апостальскага Візітатара быў прызначаны ў 1960 г. Біскуп Чэслаў Сіповіч.
7.08.2014
“Служыў Богу і Беларусі” - да 100-годдзя Біскупа Чэслава Сіповіча (1914-1981)Стагоддзе з дня нараджэння біскупа Чэслава Сіповіча – гэта добрая нагода больш дакладна пазнаць і асэнсаваць ягоную біяграфію, ягонае духоўнае служэнне ды патрыятычную дзейнасць.

Тут прадстаўляем вельмі кароткую ды схематычную ягоную біяграфію.
У наступных артыкулах звернем увагу на некаторыя асаблівыя аспекты ягонага жыцця і дзейнасці.


Імя Біскупа Чэслава Сіповіча, Апостальскага Візітатара для беларусаў у замежжы (1960-1981 гг.), рэлiгiйнага i грамадска-культурнага дзеяча ХХ стагоддзя, залатымі літарамі запісана ў гісторыю ўсходняга хрысціянства і найноўшую беларускую гісторыю.
Грэка-каталіцкі сьвятар, доктар усходніх багаслоўскіх навук, тытулярны біскуп Марыямітанскі, генеральны суперыёр Ордэна марыянаў, ён быў адным з выдатных беларускіх тэарэтыкаў і прапаведнікаў міжхрысьціянскага і міжрэлігійнага дыялогу. Не меншай увагі заслугоўвае ягоная плённая дзейнасць як гісторыка, культуролага, пісьменніка, публіцыста і перакладчыка.
7.08.2014
Пад покрывам Маці Божай НаваградскайУ Наваградку, у духу малітвы перад Наваградскай Іконай Маці Божай, прайшла «Школа нараджэння», у якой удзельнічалі рыма-каталіцкія, грэка-каталіцкія ды праваслаўныя сямейныя пары.

З 2 па 7 жніўня 2014 г. Рада па Справах сям’і пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі арганізавала т.зв. “Школу нараджэння” для інструктараў, мэта якой — падрыхтоўка бацькоў да натуральных родаў. Яна прайшла ў Беларусі ўжо шосты раз, сёлета ў Наваградку, удзел у ёй прынялі рыма-католікі, праваслаўныя і грэка-католікі з усёй краіны, акушэры, гінеколагі і іншыя зацікаўленыя.

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier