Пошук

Каляндар

 

Славацкія грэка-католікі ўшанавалі памяць Уладыкі Чэслава Сіповіча M.I.C.  


Славацкія грэка-католікі ўшанавалі памяць Уладыкі Чэслава Сіповіча M.I.C.Гістарычна-душпастырская кансультацыя пад тытулам “Слугі Евангелля Еднасці” прайшла ў днях 16-18 жніўня 2014 г., у рамках пілігрымкі, якую група беларускіх грэка-католікаў здзейсніла да мітрапалітальнага грэка-каталіцкага санктуарыя Багародзіцы ў мясцовасці Люціна, непадалёк ад г. Прэшаў. Кансультацыя датычылася супрацоўніцтва Біскупа Чэслава Сіповіча і праф. Міхала Лацка, асабліва ў працах камісіі па справах Усходніх Цэркваў ІІ-га Ватыканскага Сабору.

Па запрашэнні мітрапаліта Славацкай Грэка-Каталіцкай Царквы Высакадастойнага Уладыкі Яна (Бабяка) прадстаўнікі беларускага грэка-каталіцкага духавенства 16-17 жніўня 2014 г. удзельнічалі ва ўспенскіх святочных багаслужэннях у санктуарыі ў Люціне.
У панядзелак, 18 жніўня 2014 г., беларускія пілігрымы наведалі г. Кошыцэ. Там, на мясцовых могілках супольнасці ордэну езуітаў, маліліся на магіле выдатнага славацкага грэка-каталіцкага гісторыка і багаслова а. Міхала Лацка, а пасля наведалі Студыйны цэнтр хрысціянскай духоўнасці “Усход – Захад”, які носіць імя Міхала Лацка.
Гэты цэнтр быў закладзены праф. Янам Бабякам (сённяшнім грэка-каталіцкім мітрапалітам Прэшаўскім), а яго чарговым дырэктарам быў а. д-р Мілан Лях (сённяшні дапаможны біскуп Прэшаўскі).

Уладыка Мілан (Лях) суправаджаў дэлегацыю беларускіх грэка-каталіцкіх святароў ў Люціну, Прэшаў і Кошыцэ.Гэта дало магчымасць правесці таксама гістарычна-душпастырскую кансультацыю на тэму ўдзелу ў ІІ Ватыканскім Саборы Біскупа Чэслава Сіповіча і праф. Міхала Лацка.

Кансультацыяй пад тытулам “Слугі Евангелля Еднасці” кіравалі Біскуп д-р Мілан Лях (дапаможны біскуп Прэшаўскі), Архімандрыт д-р Сяргей (Гаек), Апостальскі Візітатар БГКЦ ды а. д-р Міраслаў Данцак, рэктар Прэшаўскай грэка-каталіцкай семінарыі.

Праф. Міхал Лацко ды д-р Чэслаў Сіповіч – выдатныя даследчыкі традыцыі Усходніх Каталіцкіх Цэркваў. Яны супрацоўнічалі ў працах камісіі па справах Усходніх Цэркваў ІІ-га Ватыканскага Сабору, а таксама ў пэўных душпастырскіх ініцыятывах у Рыме.

Архім. д-р Сяргей (Гаек) шмат год праводзіць даследванні экуменічнай спадчыны праф. Міхала Лацка (ягоны студэнт у Папскім інстытуце усходніх студый “Orientale” у Рыме), а Біскуп д-р Мілан Лях ужо шмат год даследуе духовую спадчыну Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы.

23.08.2014

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier