Стагоддзе з дня нараджэння біскупа Чэслава Сіповіча – гэта добрая нагода больш дакладна пазнаць і асэнсаваць ягоную біяграфію, ягонае духоўнае служэнне ды патрыятычную дзейнасць.Тут прадстаўляем вельмі кароткую ды схематычную ягоную біяграфію.
У наступных артыкулах звернем увагу на некаторыя асаблівыя аспекты ягонага жыцця і дзейнасці. Імя Біскупа Чэслава Сіповіча, Апостальскага Візітатара для беларусаў у замежжы (1960-1981 гг.), рэлiгiйнага i грамадска-культурнага дзеяча ХХ стагоддзя, залатымі літарамі запісана ў гісторыю ўсходняга хрысціянства і найноўшую беларускую гісторыю.
Грэка-каталіцкі сьвятар, доктар усходніх багаслоўскіх навук, тытулярны біскуп Марыямітанскі, генеральны суперыёр Ордэна марыянаў, ён быў адным з выдатных беларускіх тэарэтыкаў і прапаведнікаў міжхрысьціянскага і міжрэлігійнага дыялогу. Не меншай увагі заслугоўвае ягоная плённая дзейнасць як гісторыка, культуролага, пісьменніка, публіцыста і перакладчыка.
***
Нарадзiўся Чэслаў Сіповіч 25 лістапада (8 снежня) 1914 г. у в. Дзедзiнка, у парафіі Ідолта, у паўночна-заходнім кутку Беларусі (тады Браслаўскага павета Вiленскай губерні). Паходзіў са шматдзетнае сялянскае сям’і беларусаў-католікаў Вінцука і Ядвігі (з дому Тычкаў) Сіповічаў. Пачатковую адукацыю Чэслаў атрымліваў у пачатковай школе ў роднай Дзедзінцы, а восенню 1928 г. распачаў вучобу ў Друйскай гімназіі пры кляштары айцоў-марыянаў.
Там, у Друі, юнак вырашыў прысвяціць сваё жыццё служэнню Богу і роднай Бацькаўшчыне. 1 жніўня 1933 г. Чэслаў Сіповіч уступіў у навіцыят Ордэна марыянаў, а праз год склаў першыя манаскія абеты. Прага ведаў прывяла дапытлівага маладзёна ў сцены славутага Віленскага універсітэта імя Стэфана Баторыя, дзе ў 1935-1938 гадах ён вывучаў філасофію і тэалогію.
На жаль, закончыць вучобу манаху-студэнту Чэславу не ўдалося. Няпростая палітычная сітуацыя напярэдадні Другой сусветнай вайны спрычынілася да таго, што 9 ліпеня 1938 г. ён, разам з іншымі беларускімі марыянскімі студэнтамі, быў выселены з Друйскага кляштара, і не змог працягваць навучанне ва універсітэце, бо вяртацца ў Вільню яму не дазволілі польскія адміністрацыйныя ўлады. Наперадзе чакала дарога ў далёкі свет, у Рым.
З блаславення вышэйшых духоўных уладаў Ордэна марыянаў у Рыме ён паступіў на тэалагічны факультэт Папскага Грыгарыянскага універсітэта. Тут, у Рыме, 16 чэрвеня 1942 г. быў рукапаложаны ў святары ва ўсходнім абрадзе. Далей ераманах Чэслаў прадоўжыў вучобу ў Папскім Усходнім інстытуце, дзе падрыхтаваў і абараніў 19 снежня 1946 г. доктарскую дысертацыю, прысвечаную беларускаму ўніяцкаму мітрапаліту Ясону Смагажэўскаму.
Адначасова з вучобаю айцец Чэслаў выконваў у Рыме абавязкi сакратара Генеральнай рады Ордэна айцоў марыянаў.
У 1947 г. рашэннем Кангрэгацыi Усходніх Цэркваў ён быў прызначаны рэктарам Беларускай Каталiцкай Мiсii ўсходняга абраду ў Вялiкабрытанii і з красавiка таго ж года распачаў сваё служэнне ў Лондане.
Трэба ўзгадаць, што ў 1949 г. а. Чэслаў Сіповіч, разам з кс. Пятром Татарыновічам і а. Львам Гарошкам, пачалі намаганні, каб Ватыканскае радыё трансліравала свае праграмы і на беларускай мове.***
Поруч са святарскімі абавязкамі а. д-р Чэслаў Сіповіч прымаў актыўны ўдзел у жыцці паваеннай беларускай эміграцыі на Захадзе. У 1949-1960 гадах ён быў беларускім прадстаўніком у Цэнтральным Каардынацыйным Камітэце дабрачынных арганізацыяў уцекачоў. На правах сябра ён уваходзіў у Згуртаванне беларусаў Велікабрытаніі. Браў актыўны ўдзел у арганізацыі ды дзейнасці Англійска-беларускага таварыства, дзе выступаў з рэфэратамі гісторыка-культуралагічнага характару на курсах беларусазнаўства. Быў сябрам рэдкалегіі навуковага часопісу «The Journal of Byelorussian Studies».
Ад 1959 г. а. д-р Чэслаў Сіповіч – віцэ-старшыня, а ад 1965 г. – ганаровы віцэ-прэзідэнт Таварыства Яна Залатавуснага ў Лондане – брытанскае арганізацыі, створанай у 1926 г. з мэтай пашырэння ў англамоўным свеце ведаў пра ўсходняе хрысціянства.
Ён – ініцыятар і заснавальнік Беларускага дома айцоў марыянаў у Лондане (Marian House), а таксама адзін з арганізатараў Беларускай школы св. Кірылы Тураўскага і інтэрната (1961).
***
4 жніўня 1960 г. а. Чэслаў Сіповіч атрымаў біскупскую хіратонію і Папам Янам ХХІІІ быў прызначаны Апостальскім Візітатарам для беларусаў у замежжы. Такім чынам, пасля 120 гадоў (ад г. зв. Полацкага “сабору” ў 1839 г. – - г. зн. ад “ліквідацыі” Уніяцкай Царквы царскімі ўладамі) беларускія католікі ўсходняга абраду атрымалі свайго біскупа.
У 1962-1965 гадах біскуп Чэслаў Сіповіч удзельнічаў у працы ІІ-га Ватыканскага сабору, дзе быў абраны ў камісію па справах Усходніх Цэркваў.
Да 1963 г. біскуп Чэслаў жыў у Лондане. У тым жа годзе генеральная капітула айцоў марыянаў у Рыме (1963-1969) выбрала яго Генеральным суперыёрам Ордэна (1963-1969).
Новыя абавязкі былі дадатковай нагрузкай ў ягоным галоўным служэнні Апостальскага Візітатара для беларускіх грэка-католікаў у замежжы.
Трэба падкрэсліць, што акрамя духоўнага служэння Чэслаў Сіповіч, перш як святар, а пазьней як біскуп, не меншую актыўнасць праяўляў і на грамадска-культурнай ніве. У жніўні 1965 года ён быў абраны сябрам Управы беларускага адукацыйнага і дапамогавага фонду ў ЗША. Уладыка Чэслаў Сіповіч – ініцыятар адкрыцця і заснавальнік славутае Беларускай бібліятэкі імя Ф. Скарыны і музея пры ёй у Лондане (травень 1971).
Ён браў чынны ўдзел у з’ездах беларускіх каталіцкіх святароў у эміграцыі (1960, 1961, 1962, 1972, 1977, 1979). Актыўна супрацоўнічаў з беларускімі пэрыядычнымі выданнямі на эмігрыцыі («Беларус», «Бацькаўшчына», «Божым шляхам»), выступаў з артыкуламі рэлігійнай і культурна-грамадскай праблематыкі ў англамоўных выданнях ( «The Journal of Byelorussian Studies» і інш.).
***
“Усё жыццё біскупа Сіповіча сталася змаганнем за справядлівасць для свайго народу і ў Царкве, i па-за ёю. Разам з тым ён ніколі не забываўся, што ён – святар, для якога ўсе людзі, незалежна ад нацыянальнасці, расавай прыналежнасці, мовы i рэлігійных перакананняў – дзеці Божыя”.
(А. Надсон, Біскуп Чэслаў Сіповіч. Сьвятар і беларус, Менск 2004, c. 5).***
Памёр біскуп Чэслаў Сіповіч 4 кастрычніка 1981 г. у Лондане. Пахаваны на могiлках св. Панкрата ( East Finchley).
Крынiцы:Беларуская думка ХХ стагоддзя: філасофія, рэлігія, культура. Укл., прадмова і апрацаваннне Ю. Гарбінскага, Варшава 1998.
Ю. Гарбінскі, Беларускія рэлігійныя дзеячы ХХ стагоддзя: жыццярысы, мартыралогія, успаміны, Мінск - Мюнхен 1999.
А. Надсон, Біскуп Чэслаў Сіповіч. Сьвятар і беларус, Менск 2004.
J.Garbinski, J.Turonek, Białoruski ruch chrześcijański XX wieku. Słownik biograficzno-bibliograficzny, Warszawa 2003.