Пошук

Каляндар

 


24.01.2012
Літаратура і духоўнасцьГрэка-каталіцкі клуб інтэлігенцыі імя св. Кірылы Тураўскага запрашае на духоўную сустрэчу, якая пройдзе ў серыі «Літаратура і духоўнасць».
Сустрэча адбудзецца ў бліжэйшую пятніцу – 27 студзеня 2012 г. у 19:00 гадз. у Душпастырскім цэнтры св. Язэпа па вул. Арджанікідзе д. 6.

У рамках сустрэчы будзе магчымасць пазнаёміцца з кнігай казак Сяржука Вітушкі “Дзінь-дзелінь”.
Гэта казкі-скарбы, якія аўтар хоча перадаць дзецям. Скарбы перадусім духоўныя.
Сярод іх можна знайсці знаёмыя гісторыі, якія аўтар прапусціў праз сябе і пераказаў трохі інакш, пакінуўшы частку свайго сэрца.
24.01.2012
Тыдзень малітваў за адзінства хрысціянаў - Дзень 7 — 24 студзеня 2012 г.Тэма дня: Перамененыя праз Добрага Пастыра.
Пасі авечак Маіх (Ян 21, 19)

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Эфесцаў (Эф 6,10-20)

Браты, мацуйцеся ў Пану магутнасцю сілы Ягонай.
Апраніцеся ва ўсю зброю Божую, каб вы маглі супрацьстаяць ашуканствам д’ябла. Бо нашая барацьба не супраць крыві і цела, але супраць панаванняў, супраць уладаў, супраць гаспадароў цемры свету гэтага, супраць нябесных духаў злосці.
Дзеля гэтага прыміце ўсю зброю Божую, каб вы маглі супрацьстаяць у дзень ліхі і, усё адолеўшы, выстаяць.
Таму станьце, падперазаўшы сцёгны свае праўдаю, і апрануўшыся ў панцыр справядлівасці, і абуўшы ногі ў гатовасць дабравесціць спакой. А разам з усім вазьміце шчыт веры, якім зможаце пагасіць усе распаленыя стрэлы злога. І шлем збаўлення вазьміце, і меч духоўны, якім ёсць слова Божае.
Ва ўсялякай малітве і просьбе маліцеся ў Духу пры кожнай нагодзе. А дзеля гэтага дбайце з усёй стараннасцю і маліцеся за ўсіх святых і за мяне, каб мне дадзена было слова, і я мог адкрыць вусны свае, і адважна абвяшчаць таямніцу Евангелля, дзеля якога я стаў пасланнікам ў кайданах, каб смела прапаведаваў яго, як і належыць.

Малітва
Айцец нас усіх, Ты заклікаеш нас, каб былі адной аўчарняй у Тваім Сыне, Езусе Хрысце. Ён — наш добры Пастыр, які запрашае адпачыць на зялёных пашах, вядзе да водаў спакойных і акрапляе нашыя душы. Каб, ідучы за Ім, мы клапаціліся пра іншых, каб усе бачылі ў нас любоў да адзінага сапраўднага Пастыра, Езуса Хрыста, Пана нашага, які жыве і валадарыць з Табою і Духам Святым, Бог адзіны на вякі вечныя. Амэн.

(Тэксты паводле Catholic.by ў рыма-каталіцкай моўнай рэдакцыі)
23.01.2012
Тыдзень малітваў за адзінства хрысціянаў - Дзень 6 — 23 студзеня 2012 г.Тэма дня: Перамененыя праз верную любоў Бога.
Гэтай перамогай, якая перамагла свет, ёсць наша вера (1 Ян 5, 4)

Чытанне Першага паслання святога апостала Яна (1 Ян 5,1-6)
Умілаваныя: Кожны, хто верыць, што Езус ёсць Месія, ад Бога народжаны, і кожны, хто любіць таго, хто нарадзіў, любіць і народжанага ад Яго. Па тым пазнаём, што мы любім дзяцей Божых, калі любім Бога і захоўваем запаведзі Яго. Бо любоў да Бога ёсць у тым, каб мы захоўвалі Ягоныя запаведзі, а запаведзі Яго не з’яўляюцца цяжкімі.
Бо ўсё, што народжана ад Бога, перамагае свет. І гэтай перамогай, якая перамагла свет, ёсць наша вера. Хто ж перамагае свет, калі не той, хто верыць, што Езус ёсць Сынам Божым?
Езус Хрыстус прыйшоў праз ваду і кроў, і праз Духа, і не толькі праз ваду, але праз ваду і кроў; і Дух сведчыць пра Яго, бо Дух — гэта праўда.

Малітва
Пане Езу Хрыстэ, Сыне Бога жывога, праз сваё ўваскрасенне Ты затрыумфаваў над смерцю і стаў Панам жыцця. З любові да нас Ты выбраў нас, каб мы сталі Тваімі сябрамі. Няхай Дух Святы повязямі сяброўства звяжа нас з Табою і адно з адным, каб на гэтым свеце мы служылі Табе як сведкі Тваёй вернай любові, бо Ты жывеш і валадарыш разам з Айцом і Духам Святым, Бог адзіны на вякі вечныя. Амэн.

(Тэксты паводле Catholic.by ў рыма-каталіцкай моўнай рэдакцыі)
22.01.2012
Тыдзень малітваў за адзінства хрысціянаў - Дзень 5 — 22 студзеня 2012 г.Тэма дня: Перамененыя праз супакой Уваскрослага Пана.
Езус стаў пасярэдзіне і сказаў ім: Спакой вам! (пар. Ян 20, 19)

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Эфесцаў (2,14-22)
Браты: Хрыстус — мір наш, які ўчыніў адно і другое адзіным і мур варожасці, што падзяляў, зруйнаваў у Целе сваім. А закон запаведзяў знішчыў навучаннем, каб з двух стварыць у сабе аднаго новага чалавека, усталёўваючы мір, і ў адным целе зноў прымірыць адных і другіх з Богам праз крыж, забіўшы на ім варожасць. І, прыйшоўшы, Ён абвясціў мір вам, якія далёка, і мір тым, якія блізка. Бо праз Яго мы, адны і другія, маем доступ у адным Духу да Айца.
Таму вы ўжо не чужыя і не прыхадні, але суграмадзяне святых і дамачадцы Бога, умацаваныя на падмурку апосталаў і прарокаў, дзе сам Езус Хрыстус з’яўляецца вуглавым каменем, на якім кожны складзены разам будынак вырастае як святая ў Пану святыня. У ёй і вы разам будуецеся Духам, каб быць жыллём Бога.

Малітва
Любячы і ласкавы Божа, навучы нас радавацца ўдзелу ў Тваім супакоі. Напоўні нас Духам Святым, каб мы разбурылі падзяляючыя нас муры варожасці. Няхай уваскрослы Хрыстус, які з’яўляецца нашым супакоем, дапаможа нам перамагчы вялікія падзелы і з’яднае нас як членаў супольнасці Яго сям’і. Просім аб гэтым у імя Езуса Хрыста, якому разам з Табой і Духам Святым няхай будзе хвала і пашана навекі. Амэн.

(Тэксты паводле Catholic.by ў рыма-каталіцкай моўнай рэдакцыі)
21.01.2012
Тыдзень малітваў за адзінства хрысціянаў - Дзень 4 — 21 студзеня 2012 г.Тэма дня: Перамененыя праз перамогу Пана над злом.
Перамагай зло дабром (Рым 12, 21)

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Рымлянаў (Рым 12,17-21)
Браты: Нікому не адплачвайце злом за зло, але дбайце аб добрым перад ўсімі людзьмі. Са свайго боку, калі магчыма, жывіце ў спакоі з усімі людзьмі. Не помсціце за сябе, умілаваныя, але дайце месца Божаму гневу, бо напісана: Мне помста, Я аддам! — кажа Пан.
Але, калі вораг твой галодны, накармі Яго; калі піць хоча, напаі яго: бо, робячы гэтае, збярэш яму на галаву гарачае вуголле. Не будзь пераможаны злом, але перамагай зло дабром.

Малітва
Пане Езу Хрыстэ, дзякуем за Тваю перамогу над злом і падзеламі. Праслаўляем Цябе за Тваю ахвяру і ўваскрасенне, дзякуючы якім была пераможана смерць. Падтрымлівай нас у нашай штодзённай барацьбе з усялякімі супярэчнасцямі. Няхай Дух Святы ўдзеліць нам моцы і мудрасці, каб, наследуючы Цябе, маглі зло перамагаць дабром, а падзелы — паяднаннем. Амэн.

(Тэксты паводле Catholic.by ў рыма-каталіцкай моўнай рэдакцыі)
20.01.2012
Грэка-католікі Маладзечна запрашаюць наведаць дзяцей у інтэрнацеГрэка-каталіцкая парафія Хрыста Чалавекалюбцы ў Маладзечне запрашае наведаць выхаванцаў інтэрната для дзяцей, якія слаба бачаць, — уручыць падарункі і зрабіць каляднае прадстаўленне.

Інсцэніроўка адбудзецца ў нядзелю 29 студзеня 2012 г. і распачнецца а 12.30. Збор — у 12.00.

Папярэдняя сустрэча для жадаючых адбудзецца 22 студзеня ў 14.00 у капліцы Хрыста Чалавекалюбцы па вул. Віленская, 44.

Падрабязная інфармацыя па тэлефонах:
+375 29 299 72 41 (МТС), +375 29 962 20 19 (Velkom) а. Аляксандр Шыбека
20.01.2012
Тыдзень малітваў за адзінства хрысціянаў - Дзень 3 — 20 студзеня 2012 г.Тэма дня: Перамененыя праз церпячага Слугу.
Хрыстус цярпеў за вас (пар. 1 П 2, 21)

Чытанне Першага паслання святога апостала Пятра (1 П 2,21-25)
Умілаваныя: Вы для таго пакліканы; бо і Хрыстус цярпеў за вас, пакідаючы вам прыклад, каб вы ішлі следам за Ім.
Ён не ўчыніў ніякага граху і не было падману ў вуснах Ягоных. Ён, калі Яму зласловілі, не зласловіў у адказ, калі цярпеў, не пагражаў, але давяраў сябе таму, хто судзіць справядліва. Ён сам, у сваім целе ўзнёс грахі нашыя на дрэва, каб мы, пазбыўшыся грахоў, жылі дзеля справядлівасці. Ранамі Яго вы аздароўленыя.
Бо вы былі, як авечкі, што заблукалі, але цяпер вы вярнуліся да Пастыра і Ахоўніка душ вашых.

Малітва
Бог суцяшэння, Ты замяніў ганьбу крыжа на знак перамогі. Учыні, каб мы маглі з’яднацца вакол крыжа Твайго Сына, каб праслаўляць Яго за міласэрнасць, аказаную нам праз Яго цярпенне. Няхай Дух Святы адкрые нашыя вочы і сэрцы, каб мы маглі дапамагчы церпячым зведаць Тваю блізкасць; які жывеш і валадарыш на вякі вечныя. Амэн.

(Тэксты паводле Catholic.by ў рыма-каталіцкай моўнай рэдакцыі)
19.01.2012
Тыдзень малітваў за адзінства хрысціянаў - Дзень 2 — 19 студзеня 2012 г.Тэма дня: Перамененыя праз цярплівае чаканне Пана.
Так належыць нам выканаць усё, што справядліва (пар. Мц 3,15)

Чытанне Паслання да Габрэяў (Гбр 11,32-34)
Браты: Што яшчэ сказаць? Бо не хопіць мне часу, каб расказаць пра Гэдэона, Барака, Самсона і Эфтая, пра Давіда, Самуэля і прарокаў, якія вераю перамагалі валадарствы, здзяйснялі справядлівасць, атрымлівалі абяцанні, закрывалі пашчы львам, гасілі моцны агонь, пазбягалі вастрыя мяча, мацаваліся, нягледзячы на слабасць, станавіліся моцнымі на вайне, праганялі войскі чужынцаў.

Малітва
Божа верны, Ты праўдзівы ў сваіх словах у кожную эпоху. Учыні, каб мы, як Езус, былі цярплівымі і давяралі Тваёй вернай любові. Асвяці нас праз свайго Духа Святога, каб сваімі неабдуманымі суджэннямі мы не перашкаджалі поўні Тваёй справядлівасці, але выразна заўважалі ва ўсім Тваю мудрасць і любоў; які жывеш і валадарыш на вякі вечныя. Амэн.

(Тэксты паводле Catholic.by ў рыма-каталіцкай моўнай рэдакцыі)
18.01.2012
Тыдзень малітваў за адзінства хрысціянаў - Дзень 1 — 18 студзеня 2012 г.Тэма дня: Перамененыя праз Хрыста — Слугу.
Сын Чалавечы прыйшоў, каб служыць (пар. Мк 10,45)


Чытанне святога Евангелля паводле Марка (Мк 10, 42-45)
У той час: Езус, паклікаўшы вучняў, сказаў ім: Вы ведаеце, што тыя, хто лічыцца князямі народаў, пануюць над імі, і вяльможы іх уладараць над імі. Але не так няхай будзе між вамі: хто хоча быць найбольшым сярод вас, няхай будзе вам слугою; і хто хоча сярод вас быць першым, няхай будзе нявольнікам усіх.
Бо і Сын Чалавечы не на тое прыйшоў, каб Яму служылі, але каб служыць і аддаць жыццё сваё для адкуплення многіх.

Малітва
Усемагутны вечны Божа, ідучы каралеўскім шляхам служэння, Твой Сын вядзе нас ад пыхі нашай непаслухмянасці да пакоры сэрца. З’яднай нас праз Твайго Духа Святога, каб праз служэнне нашым братам і сёстрам магло аб’явіцца Тваё сапраўднае аблічча. Які жывеш і валадарыш на вякі вечныя. Амэн.

(Тэксты паводле Catholic.by ў рыма-каталіцкай моўнай рэдакцыі)
18.01.2012
Віншуем Васіля Сёмуху з Днём народзінаўАрхімандрыт Сяргей, Апостальскі Візітатар БГКЦ накіраваў да Васіля Сёмухі Віншавальны ліст.

Паважаны і Дарагі Васіль Сяргеевіч!

Віншуем Вас з Днём нараджэньня!

Дар моваў быў для апостальскай Царквы дадзены Богам,
каб адкрыць Хрысьціянства для народаў сьвету.
Для Вас дар моваў быў дадзены,
каб адкрыць культуру іншых народаў для Народу Беларускага.

Вы таксама выкарысталі гэты дар,
каб адкрыць Сьвятое Пісьмо для беларусаў па-беларуску.
У парафіях Грэка-каталіцкай Царквы ў Беларусі мы часта чытаем
Ваш пераклад Бібліі і гэта ёсьць вялікай каштоўнасьцю для нас.

Жадаем Вам плённай працы для рэалізацыі Божага дару –
і хай Госпад блаславіць Вас “на многія леты”!

З глыбокай павагай да Вас

+Архімандрыт Сяргей (Гаек)
Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі


Мінск, 18 студзеня 2012 г.

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier