З нагоды сьвята Раства Хрыстовага Апостальскі візітатар для беларусаў грэка-каталікоў замежжа айцец Аляксандар Надсан зьвярнуўся да вернікаў.«Як гляну на неба, твор рук Тваіх, на месяц і зоркі, якія Ты стварыў, дык хто ёсьць чалавек, што Ты памятаеш пра яго, і сын чалавечы, што Ты пра яго дбаеш?» (Пс 8:4-5)
Гэтыя словы псалма добра перадаюць пачуцьці чалавека, які, узіраючыся на веліч Божага тварэньня, стараецца зразумець, чаму Бог прыдае так шмат увагі такой нязначнай істоце, як чалавек. Падсьвядома аўтар адчувае, што ў пляне Божага тварэньня чалавек займае асаблівае, хоць яшчэ не зусім для яго зразумелае, месца.