
4 чэрвеня 2015 г. у Празе распачынаецца Сустрэча ўсходніх каталіцкіх іерархаў Еўропы (Conventus hierarcharum orientalium catholicorum Europae - скарочана CHOCE) – маштабны форум з багатай гісторыяй. Сёлета ён 18-ты па ліку. Традыцыйна на сустрэчы збіраюцца больш за 40 прадстаўнікоў Усходніх Цэркваў з 20 краін Старога Свету. У чэшскую сталіцу прыбыў таксама і Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі, архімандрыт Сяргей Гаек.
Форум закране адразу некалькі пытанняў, але галоўнай стане тэма сям’і. Іерархі падзеляцца сведчаннямі і меркаваннямі аб становішчы спраў у гэтай галіне душпастырства ў мясцовых Цэрквах. Менавіта гэта частка форума з’яўляецца важнай у кантэксце кастрычніцкага Сіноду Біскупаў у Ватыкане, прысвечанага менавіта сям’і і сужэнству, падкрэсліў архімандрыт Сяргей Гаек. “Зразумела, што зараз для ўсіх памесных Цэркваў і для Паўсюднага Касцёла пытанні сям’і перад Сінодам вельмі актуальныя. Сустрэча ўсходніх каталіцкіх іерархаў, вядома, платформа для абмеркавання, дыскусіі і абмену інфармацыяй па сітуацыі з сям’ёй ў розных краінах, бо яна вельмі розная. Звычайна, на сустрэчы выпрацоўваецца камунікат, які прадстаўляе пэўную праблему. Я лічу, што ў Празе таксама акрамя камунікату распрацуюць рапарт па пытаннях сям’і, які потым будзе напраўлены ў сэкратарыят Сіноду як матэрыялы для падрыхтоўкі біскупскай асамблеі”, - адзначыў святар.