Дарагія ў Госпадзе Браты і Сёстры! Паважаныя Сябры!
“Слова сталася целам і пасялілася між намі”
(Евангелле паводле Яна 1:14)
1.Спрадвечны Сын Божы – Ісус Хрыстос прыйшоў на зямлю, каб быць Эммануэлем – “Богам з намі” і ўсталяваць з чалавецтвам супольнасць, дзе “ужо не будзе ні смерці, ні смутку, ні плачу, ні болю ўжо не будзе” (Апакаліпсіс 21:4). У час Раства Хрыстовага з асаблівай увагай асэнсоўваем радасную навіну: “Слова сталася целам і пасялілася між намі”.
Але радасць свята Нараджэння Госпада і Збаўцы нашага Ісуса Хрыста ў гэтым годзе ў нашай любімай Бацькаўшчыне Беларусі змешвацца са смуткам, які перажываюць многія людзі - нашыя браты, сёстры, сябры, знаёмыя і незнаёмыя. Крыніцамі гэтага смутку ёсць эпідэмія хваробы Кавід-19 і крызісная грамадска-палітычная сітуацыя. Гэтыя дзве рэчы нясуць непакой, няўпэўненасць, цярпенні і боль. І ў гэты час Cупольнасць нашай Царквы хоча быць побач з кожным церпячым чалавекам на Беларусі. Мы не можам думаць толькі пра боль і цярпенні, але хочам дапамаць пераадолець гэтыя боль і цярпенні, памагаць лячыць раны, якія атрымалі нашыя блізкія па адным народзе ў гэты складаны час.
Як хрысціяне мы чытаем Біблію - Слова Божае, каб у ім знаходзіць святло і моц для хрысціянскага жыцця. Каб жыццё сем’яў, хрысціянскіх супольнасцей ды ўсяго грамадства будаваць паводле Слова Божага.