
Экуменічны рух мае на ўвазе пошук еднасці ў праўдзе, але найперш малітву і пакуту ў гэтым духоўным экуменізме, — адзначыў Святы Айцец Бэнэдыкт XVI падчас сустрэчы з удзельнікамі пленарнага пасяджэння Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству. У гэтыя дні ведамства святкуе 50-годдзе свайго існавання, а яго стварэнне бл. папам Янам ХХІІІ было «вуглавым каменем экуменічнага шляху Касцёла».
Пантыфік выказаў удзячнасць чатыром папярэднікам сённяшняга старшыні рады — кардыналам Аўгустыну Беі, Ёханэсу Віллебрандсу, Эдварду Кассідзі і Вальтэру Касперу, а таксама ўсім супрацоўнікам ведамства. Па словах Святога Айца, за гэтыя 50 год было здзейснена больш глыбокае пазнанне іншых Цэркваў і супольнасцяў, развіццё тэалагічнага дыялога і дыялога любові, былі заснаваны розныя формы супрацоўніцтва.
Кажучы аб дыялогу з Праваслаўнай Царквой і старажытнымі Цэрквамі Усходу, Папа падкрэсліў, што гэты дыялог мае на мэце паглыбіць агульную тэалагічную, літургічную і духоўную спадчыну. Сёння ў адносінах з Праваслаўнай Царквой закранута ключавое пытанне ролі біскупа Рыма ў супольнасці Касцёла. Эклезіялагічныя пытанні знаходзяцца і ў цэнтры размоваў з Цэрквамі Усходу, і, «нягледзячы на шмат стагоддзяў непаразуменняў і аддалення, можна з радасцю сцвярджаць, што мы захавалі агульную каштоўную спадчыну».
«Экуменічная дзейнасць — гэта, з аднаго боку, адважны, поўны запалу і перакананы пошук поўнай еднасці ў праўдзе, каб знайсці мадэль еднасці, выявіць супрацьлегласці і няясныя пункты з мэтай дасягнення еднасці. Найперш жа экуменізм — гэта малітва, і ён заснаваны на малітве. Гаворка ідзе аб духоўным экуменізме, якія з’яўляецца жывым сэрцам ўсяго шляху», — падкрэсліў Бэнэдыкт XVI.
Па словах Пантыфіка, мы не ведаем гадзіны, калі настане поўная еднасць усіх хрысціян, бо гэта здзяйсняем не мы, а Бог, і гэтая еднасць выплывае з еднасці Айца і Сына ў дыялогу любові, якім ёсць Дух Святы. Аднак гэта не змяншае нашай адказнасці, а, наадварот, «павінна рабіць нас больш чуйнымі на адчытванне знакаў часу».
Паводле catholic.by