+ Сьвятыя роўнаапостальныя Канстантын і Алена

Сьвяты і вялікі цэзар Канстантын нарадзіўся ў 280 годзе ў Заходняй правінцыі Рымскай імперыі. У 306 годзе пасьля сьмерці бацькі ён быў пастаўлены цэзарам. Калі ў 312 годзе даведаўся, што Максенцый і Максімін учынілі супраць яго змову, рушыў на Італію. У той час пабачыў на небе знак Сьвятога Крыжа з надпісам: “Гэтым пераможаш”. Тады ён зьмясьціў знак крыжа на шчытах свайго войска і 29 кастрычніка перамог Максенцыя і з трыумфам уехаў у Рым. Там быў выбраны цэзарам усёй Заходняй часткі Рымскай імперыі, Ліцыній жа застаўся на Ўсходзе. У 313 годзе разам з Ліцыніем падпісаў Міланскі эдыкт, які адгэтуль дазваляў свабодна існаваць хрысьціянам. У 331 годзе перанёс сталіцу цэзарства ў Канстантынопаль, Новы Рым. У 325 годзе склікаў І Сусьветны Сабор у Нікеі, каб узмоцніць хрысьціянскую веру, а ў 326 годзе выправіў сваю маці сьв. Алену ў Ерусалім, каб адшукала Гасподні Крыж, на якім быў расьпяты Госпад. Яна вярнулася, адшукаўшы Крыж, у Канстантынопаль і памерла ў 329 годзе ў Рыме. Сьвяты Канстантын захварэў у Нікамедыі, прыняў Хрост і памёр 22 траўня 337 году. Ягоныя мошчы былі перавезеныя ў Канстантынопаль і пахаваныя ў царкве сьвятых Апосталаў, якую ён сам збудаваў.