Пошук

Каляндар

 

ДЗЯКУЕМ ГОСПАДУ ЗА ДАБРО 2009 ГОДА  


а. Алесь Аўдзяюка. Алесь АўдзяюкУлюбёныя ў Госпадзе Браты і Сёстры, вернікі Парафіі Праведнага Язэпа!

Да канца гэтага 2009 года засталіся апошнія гадзіны.
І тое, што мы можам у гэты час зрабіць, дык гэта задумацца аб тым, як прайшоў гэты год для нас і нашае парафіяльнае супольнасьці.
Мы можам узгадаць усё тое дабро, якое мы атрымалі ад нашага Госпада і таксама якое мы зрабілі самі з Ягонаю дапамогай, і падзякаваць Яму за гэта.
Мы можам узгадаць некаторыя, сумныя на першы погляд падзеі, якія далі нам новы жыцьцёвы вопыт ды новыя веды, і таксама падзякаваць за гэта Госпаду.
Мы можам зірнуць вакол, на тых, хто крочыць па жыцьці побач з намі, пабачыць усё тое, што яны заўважна ці незаўважна робяць для нас, і падзякаваць за гэта... і ім, і Госпаду.

Як адміністратар Парафіі і я хачу далучыцца да гэтага дзякаваньня, ды падзякаваць усім вам, братам і сёстрам, парафіянам і парафіянкам, а таксама і вашым дзеткам.
Хачу падзякаваць за гэтае супольнае жыцьцё, за сьведчаньне, якое вы даёце ў сваім і нашым агульным жыцьці, за тую любоў, якой вы дзеліцеся на сьвяты між сабой.

Асабліва я хачу падзякаваць усім тым, хто ахвяраваў свой час і сілы на розныя формы супольнага служэньня, што па-біблійнаму завецца дыяканіяй:
за прыбіраньне і ўпрыгожваньне парафіяльнага цэнтра і капліцы,
за паліваньне кветак і падрыхтоўку сьвяточных мерапрыемстваў,
за сьпеў падчас багаслужбаў і таксама па-за імі,
за працу з дзеткамі і з крыху старэйшай моладзю
(і за гэта асабліва вам, скаўты і саўткі!),
і таксама за ўсе іншыя шматлікія служэньні і справы.

Хачу падзякаваць панамарам з Алтарнага Брацтва і Сёстрам з Сястрыцтва Блаславёнай Мар’яны за іхняе служэньне.

Асаблівую падзяку хачу выказаць Старшыні і Сябрам Парафіяльнай Рады за іхні клопат і дапамогу ў адміністрацыі Парафіі.

Усім вам вялікі дзякуй за ахвяраваньні на ўтрыманьне нашага парафіяльнага цэнтра і на ягоную шматбаковую дзейнасьць.
Менавіта дзякуючы вашай падтрымцы мы можам дапамагаць і другім парафіям, аказваючы гасьціннасьць шматлікім ініцыятывам, якія служаць духоўнаму дабру жыхароў нашага горада. Хачу ўзгадаць хаця б катэхезы для студэнтаў ды сустрэчы Клуба Інтэлігенцыі імя сьв. Кірылы Тураўскага.

Гэта дзякуючы вашай дапамозе наш Цэнтр Сьвятога Язэпа падтрымлівае служэньне Апостальскага Візітатара для дабра ўсёй нашай Царквы ў Беларусі.

Браты і Сёстры! Усё вашае служэньне, як і кожная хвіліна, аддадзеная Яму, можа не заўжды бачнае іншым, але вельмі прыемнае Госпаду.
Ягонае блаславеньне, як і мая ўдзячнасьць, заўжды будуць з вамі.

З падзякай Госпаду нашаму і Збаўцы Ісусу Хрысту за ўсіх вас,

Менск, 31 сьнежня 2009 г.

адміністратар Парафіі
а. Алесь Аўдзяюк

31.12.2009

Copyright 2008-2025 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.