Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > ДЗЯКУЕМ ГОСПАДУ ЗА ДАБРО 2009 ГОДА
ДЗЯКУЕМ ГОСПАДУ ЗА ДАБРО 2009 ГОДА31.12.2009. |
|
Да канца гэтага 2009 года засталіся апошнія гадзіны. І тое, што мы можам у гэты час зрабіць, дык гэта задумацца аб тым, як прайшоў гэты год для нас і нашае парафіяльнае супольнасьці. Мы можам узгадаць усё тое дабро, якое мы атрымалі ад нашага Госпада і таксама якое мы зрабілі самі з Ягонаю дапамогай, і падзякаваць Яму за гэта. Мы можам узгадаць некаторыя, сумныя на першы погляд падзеі, якія далі нам новы жыцьцёвы вопыт ды новыя веды, і таксама падзякаваць за гэта Госпаду. Мы можам зірнуць вакол, на тых, хто крочыць па жыцьці побач з намі, пабачыць усё тое, што яны заўважна ці незаўважна робяць для нас, і падзякаваць за гэта... і ім, і Госпаду. Як адміністратар Парафіі і я хачу далучыцца да гэтага дзякаваньня, ды падзякаваць усім вам, братам і сёстрам, парафіянам і парафіянкам, а таксама і вашым дзеткам. Хачу падзякаваць за гэтае супольнае жыцьцё, за сьведчаньне, якое вы даёце ў сваім і нашым агульным жыцьці, за тую любоў, якой вы дзеліцеся на сьвяты між сабой. Асабліва я хачу падзякаваць усім тым, хто ахвяраваў свой час і сілы на розныя формы супольнага служэньня, што па-біблійнаму завецца дыяканіяй: за прыбіраньне і ўпрыгожваньне парафіяльнага цэнтра і капліцы, за паліваньне кветак і падрыхтоўку сьвяточных мерапрыемстваў, за сьпеў падчас багаслужбаў і таксама па-за імі, за працу з дзеткамі і з крыху старэйшай моладзю (і за гэта асабліва вам, скаўты і саўткі!), і таксама за ўсе іншыя шматлікія служэньні і справы. Хачу падзякаваць панамарам з Алтарнага Брацтва і Сёстрам з Сястрыцтва Блаславёнай Мар’яны за іхняе служэньне. Асаблівую падзяку хачу выказаць Старшыні і Сябрам Парафіяльнай Рады за іхні клопат і дапамогу ў адміністрацыі Парафіі. Усім вам вялікі дзякуй за ахвяраваньні на ўтрыманьне нашага парафіяльнага цэнтра і на ягоную шматбаковую дзейнасьць. Менавіта дзякуючы вашай падтрымцы мы можам дапамагаць і другім парафіям, аказваючы гасьціннасьць шматлікім ініцыятывам, якія служаць духоўнаму дабру жыхароў нашага горада. Хачу ўзгадаць хаця б катэхезы для студэнтаў ды сустрэчы Клуба Інтэлігенцыі імя сьв. Кірылы Тураўскага. Гэта дзякуючы вашай дапамозе наш Цэнтр Сьвятога Язэпа падтрымлівае служэньне Апостальскага Візітатара для дабра ўсёй нашай Царквы ў Беларусі. Браты і Сёстры! Усё вашае служэньне, як і кожная хвіліна, аддадзеная Яму, можа не заўжды бачнае іншым, але вельмі прыемнае Госпаду. Ягонае блаславеньне, як і мая ўдзячнасьць, заўжды будуць з вамі. З падзякай Госпаду нашаму і Збаўцы Ісусу Хрысту за ўсіх вас, Менск, 31 сьнежня 2009 г. адміністратар Парафіі а. Алесь Аўдзяюк Вярнуцца назад |