Пошук

Каляндар

 
чацьвер
ВЕРАСЬНЯ
Сёньняшняе чытаньне:

23 верасня: ЗАЧАЦЦЕ СВ. ЯНА ХРЫСЦІЦЕЛЯ  


23 верасня: ЗАЧАЦЦЕ СВ. ЯНА ХРЫСЦІЦЕЛЯ23 верасня з'яўляецца яшчэ адным святам у гонар прарока, Прадвесніка і Хрысціцеля Гасподняга Яна. У гэты дзень адзначаюць яго цудоўнае Зачацце. Свята мае чыста біблейскае паходжанне, і Евангелле паводле Лукі на сваім пачатку апісвае гэтую падзею, а літургічныя тэксты 23 верасня пэўным чынам яе інтэрпрэтуюць, робячы адмысловыя акцэнты.

 

Юдэйскі народ на зломе Старога і Новага Запаветаў чакае абяцанага прарокамі Месію. Увесь народ на чале са святарамі моліцца пра гэта, а кожная жанчына марыць стаць маці Божага Памазаніка. Таму і перажывалі такія вялікія пакуты святар Захарыя ды ягоная жонка Альжбета з мястэчка Эйн-Карэм, бо ўжо шмат гадоў запар не маглі мець дзяцей.

 

Захарыя згодна з парадкам святарскіх чэргаў, устаноўленых царом Давідам з дапамогай Садока (пар. 1 Пар. 24, 3), служыў у Ерусалімскім Храме. Ён належаў да чаргі Авіі (Лк. 1, 5), якая была восьмай па парадку (1 Пар. 24, 10). Акрамя прынясення ў ахвяру жывёл, кадзіла і святла, яму належала маліцца за народ, найбольшым чаканнем якога быў Месія.

 

І вось падчас адной са службаў «выпаў на яго жэраб увайсці ў свяцілішча Гасподняе і пакадзіць» (Лк. 1, 9). У гэты момант з'явіўся яму арханёл Габрыэль і кажа: «Не бойся, Захарыя, бо выслухана просьба твая, і жонка твая Альжбета народзіць табе сына, а ты назавеш яго імем Ян. Будзе табе радасць і весялосць, і шмат хто ўзрадуецца нараджэнню ягонаму. Бо ён будзе вялікі ў вачах Госпада, не будзе піць ні віна, ні сіцэры і напоўніцца Духам Святым яшчэ ва ўлонні сваёй маці. Многіх з сыноў Ізраіля наверне да іхняга Госпада Бога. І сам пойдзе перад Ім у духу і моцы Іллі, каб вярнуць сэрцы бацькоў да дзяцей, і непаслухмяных — да разважлівасці справядлівых, каб падрыхтаваць Госпаду народ дасканалы» (Лк. 1, 13–17).

 

«Пасля тых дзён зачала Альжбета, жонка ягоная» (Лк. 1, 24), — гэта цэнтральная падзея, якую апяваюць богаслужбовыя тэксты 23 верасня. У іх менавіта зачацце, а не нараджэнне пачынае адлік быцця чалавечай асобы: «Сёння з бясплоднага ўлоння прарос плод малітвы — Ян Прадвеснік».

 

Паводле тэлеграм-канала "Грэка-католікі Беларусі"


Учора, 12:53

Copyright 2008-2026 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.