Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > 23 верасня: ЗАЧАЦЦЕ СВ. ЯНА ХРЫСЦІЦЕЛЯ
23 верасня: ЗАЧАЦЦЕ СВ. ЯНА ХРЫСЦІЦЕЛЯУчора, 12:53. |
|
Юдэйскі народ на зломе Старога і Новага Запаветаў чакае абяцанага прарокамі Месію. Увесь народ на чале са святарамі моліцца пра гэта, а кожная жанчына марыць стаць маці Божага Памазаніка. Таму і перажывалі такія вялікія пакуты святар Захарыя ды ягоная жонка Альжбета з мястэчка Эйн-Карэм, бо ўжо шмат гадоў запар не маглі мець дзяцей.
Захарыя згодна з парадкам святарскіх чэргаў, устаноўленых царом Давідам з дапамогай Садока (пар. 1 Пар. 24, 3), служыў у Ерусалімскім Храме. Ён належаў да чаргі Авіі (Лк. 1, 5), якая была восьмай па парадку (1 Пар. 24, 10). Акрамя прынясення ў ахвяру жывёл, кадзіла і святла, яму належала маліцца за народ, найбольшым чаканнем якога быў Месія.
І вось падчас адной са службаў «выпаў на яго жэраб увайсці ў свяцілішча Гасподняе і пакадзіць» (Лк. 1, 9). У гэты момант з'явіўся яму арханёл Габрыэль і кажа: «Не бойся, Захарыя, бо выслухана просьба твая, і жонка твая Альжбета народзіць табе сына, а ты назавеш яго імем Ян. Будзе табе радасць і весялосць, і шмат хто ўзрадуецца нараджэнню ягонаму. Бо ён будзе вялікі ў вачах Госпада, не будзе піць ні віна, ні сіцэры і напоўніцца Духам Святым яшчэ ва ўлонні сваёй маці. Многіх з сыноў Ізраіля наверне да іхняга Госпада Бога. І сам пойдзе перад Ім у духу і моцы Іллі, каб вярнуць сэрцы бацькоў да дзяцей, і непаслухмяных — да разважлівасці справядлівых, каб падрыхтаваць Госпаду народ дасканалы» (Лк. 1, 13–17).
«Пасля тых дзён зачала Альжбета, жонка ягоная» (Лк. 1, 24), — гэта цэнтральная падзея, якую апяваюць богаслужбовыя тэксты 23 верасня. У іх менавіта зачацце, а не нараджэнне пачынае адлік быцця чалавечай асобы: «Сёння з бясплоднага ўлоння прарос плод малітвы — Ян Прадвеснік».
Паводле тэлеграм-канала "Грэка-католікі Беларусі" Вярнуцца назад |